Грамадства33

«Беларусы зноў пачнуць чытаць газеты, калі зразумеюць, што там пішуць праўду». Гутарка з Віктарам Марчуком

Факт, які трэба будзе ўнесці ў падручнікі па гісторыі журналістыкі: падчас найбуйнейшага ў незалежнай Беларусі крызісу рэгіянальныя медыйныя праекты дэманструюць неверагодную жывучасць і здольнасць адаптавацца нават ва ўмовах вымушанай рэлакацыі. Выданне «Брестская газета» — яскравы таму прыклад. БАЖ паразмаўляў з яго галоўным рэдактарам Віктарам Марчуком пра надзвычайную ролю сацсетак, атрыманне інфармацыі з месцаў і перспектывы аднаўлення папяровай версіі.

«Падчас перапіскі з рэжымам змаглі выгадаць час»

Дваццаць гадоў таму «Брестская газета» пачыналася як папяровае выданне. Пасля ўсё важнейшую ролю стаў адыгрываць сайт. Аднак у канцы 2021 года рэсурс заблакавалі ў Беларусі, а ўвесну ўвогуле адабралі даменнае імя.

— Прыйшла папера ад уладаў з патрабаваннем пацвердзіць юрыдычны адрас, прычым трэба было прыйсці асабіста, — здаецца, галоўны рэдактар «Брестской газеты» ўспрымае дзеянні ўлады з іроніяй. — На той час рэдакцыя ўжо не працавала ў Беларусі. З дапамогай юрыстаў мы склалі адказ, што такія прапановы не маюць нічога агульнага з існым заканадаўствам. Гэта дазволіла выгадаць час.

Паралельна вяліся работы па пераездзе ў іншую юрысдыкцыю. Сайт атрымаў новае даменнае імя, запрацавала «люстэрка».

— Праз месяц рэжым забраў старое даменнае імя, — працягвае суразмоўца БАЖ. — Канешне, гэта негатыўна сказалася на наведвальнасці сайту. Яна адразу досыць моцна знізілася. Цяпер колькасць праглядаў паступова расце.

Нягледзячы на ўсе створаныя рэжымам цяжкасці, спыняць працу, зразумела, ніхто не збіраўся. Такое адчуванне, што сённяшняй камандзе брэсцкага праекту гэта толькі надало сілаў.

«Улада блакуе незалежныя медыя, але гэта не значыць, што нас не чытаюць і не глядзяць»

Сапраўдным падмуркам, кажа Віктар Марчук, у цяжкія часы сталі сацсеткі. Дзякуючы створанай экасістэме атрымалася захаваць аўдыторыю. Разам яны сталі аб’ядноўваючай пляцоўкай для чытачоў і гледачоў з брэсцкага рэгіёна, якія па-ранейшаму аддавалі перавагу незалежнаму мясцоваму медыя.

— У шматплатформеннасці ёсць перавагі, — разважае галоўны рэдактар выдання. — Хтосьці знаходзіцца ў Instagram, хтосьці — у Facebook, хтосьці — у TikTok. Кожны з кірункаў бачым як самастойнае СМІ.

Такая дыверсіфікацыя зрабіла намаганні рэжыму па блакаванні рэсурсаў выдання бессэнсоўнымі. Пунктамі ўваходу паслужылі розныя платформы, на якія ўплываць рэпрэсіўным сродкам улады было немагчыма.

— На нашу старонку ў Facebook падпісаныя 25 тысяч чалавек, на групу ў гэтай жа сатсетцы — 4,5 тысячы, на акаўнт рэдакцыі ў «Аднакласніках» — больш за 10 тысяч, у Instagram — каля 11 тысяч, — пералічвае Віктар Марчук. — Гэта дазволіла аб’яднаць людзей рознага ўзросту і інтарэсаў.

Асабліва важнай каманда праекту лічыць цяпер працу з відэакантэнтам.

— Мы робім выключна ролікі на палітычную тэматыку, — расказвае кіраўнік выдання. — Менш чым за год нам удалося дасягнуць вельмі добрых вынікаў. На YouTube-канал падпісаны 280 тысяч чалавек, на TikTok — 38 тысяч.

Галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук. Фота: Зміцер Дук / Белсат

Сваёй мэтай журналісты «Брестской газеты» называюць дэмакратызацыю Беларусі. У выданні склалася каманда аднадумцаў, якіх палітыка вядзе за сабой. Разам з аўдыторыяй яны спрабуюць разбірацца ў сучасных падзеях.

— Так, рэжым блакуе незалежныя медыя, але гэта не значыць, што нас не чытаюць і не глядзяць, — падкрэслівае Віктар Марчук.

Кантакты на месцах усё роўна засталіся

Змяненне рэдакцыйнай палітыкі — заўсёды хваравіты працэс. Асабліва цяжка мяняць падыходы ў кантэнце падчас такіх крызісных з’яў. Наколькі прыйшлося ахвяраваць лакальнай інфармацыяй на карысць палітычнай аналітыкі?

— Калі мы працавалі ў Брэсце, улады нас не дапускалі да інфармацыі. Аднак знаходзячыся на месцы, мы маглі атрымаць даныя і праверыць. Цяпер такіх магчымасцяў амаль не засталося, — прызнае Віктар Марчук.

Аднак ад навінаў з брэсцкага рэгіёна адмаўляцца ніхто не збіраўся. Як многія рэгіянальныя медыя, якія вымушаны былі з’ехаць з Беларусі, брэсцкія журналісты выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб даведацца пра лакальныя навіны.

— Мы знайшлі магчымасці і каналы, па якіх можам адсочваць падзеі, што адбываюцца на Брэстчыне, — сцвярджае кіраўнік выдання. — Так, раз на тыдзень робім агляд мясцовай прэсы. Крыху жартуем, паказваем, наколькі дзіўная цяперашняя рэальнасць. Напрыклад, як праходзіць свята і з якімі тварамі стаяць гледачы. Апроч таго, глядзім, што адбываецца на рынку нерухомасці, адсочваем цэны на прадукты і іншыя важныя тавары.

Таксама ў журналістаў засталіся кантакты на месцах. Што ж тычыцца інсайдаў, то каманда лічыць за лепшае гэтага пытання не каментаваць…

— Не было б мясцовай інфармацыі — было б іншае медыя, — падсумоўвае кіраўнік выдання. — Мы застаемся мясцовым СМІ, але больш укладаемся ў кантэнт, прысвечаны палітычным падзеям у рэгіёне.

«Робяць выгляд нармальнасці ў ненармальнай сітуацыі»

Ва ўмовах масавага выкарыстання VPN-сэрвісаў амаль немагчыма зразумець, адкуль чытаюць сайт і хто наведвае сацсеткі. Аднак, мяркуюць супрацоўнікі «Брестской газеты», большая частка аўдыторыі па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі.

— Самая вялікая колькасць наведвальнікаў сайта — са Швецыі, — прыводзіць прыклад галоўны рэдактар медыя. — Пра што гэта сведчыць? Толькі тое, што чытачы актыўна карыстаюцца VPN. Тая ж самая сітуацыя з YouTube, дзе на першым месцы — наведвальнікі з Расеі, а на другім — з Узбекістана.

Як лічыць Віктар Марчук, нягледзячы на імкненне ўлады знішчыць незалежныя медыя, яна нічога не можа зрабіць з альтэрнатыўнымі крыніцамі інфармацыі.

— У цяперашнім стане мы можам існаваць столькі, колькі будзе існаваць рэжым, — упэўнены суразмоўца БАЖ. — Улада спрабуе выглядаць дэмакратычнай і адкрытай для людзей. Таму ёй патрэбныя дзяржаўныя «раёнкі», афіцыйныя сайты і Telegram-каналы. Робяць выгляд нармальнасці ў ненармальнай сітуацыі.

Хаця падзеі навокал выклікаюць трывогу, журналісты брэсцкага выдання глядзяць у будучыню з аптымізмам.

— Гэта працягнецца не так доўга. Не пяць, чатыры і нават не тры гады, — гаворыць Віктар Марчук. — Напэўна ніхто не можа сказаць, колькі спатрэбіцца часу, каб адбыліся перамены. Але я дакладна ведаю, што яны адбудуцца. Ненармалёва, што назіраецца ў Беларусі і Расеі. Гэта супраць усялякай логікі, законаў эканомікі, этычных і палітычных нормаў, чалавечай натуры. А тое, што не адпавядае прыроднаму стану, не здольна жыць доўга.

«У 2002 годзе пыталіся: куды вы ўлезлі?»

Пачыналася «Брестская газета» як папяровае выданне. Але ж пасля 2020 года друкаваная версія праз дзеянні ўлады перастала існаваць. Ці можна будзе аднавіць выпуск, калі медыя вернецца ў Брэст?

— У 2002 годзе, калі «Брестская газета» выйшла на рынак, нам казалі, што мы шалёныя людзі. Пыталіся: куды вы ўлезлі? Нічога не атрымаецца, — згадвае Віктар Марчук. — А ў 2020 годзе наша газета была той перыёдыкай, якую сапраўды чыталі. Тады наклад быў 5,4 тысячы экзэмпляраў. У дзяржаўных газет былі большыя лічбы, але яны неаб’ектыўныя, бо ўплывала прымусовая падпіска.

З настальгіяй наш суразмоўца згадвае, як назіраў, хто купляў газету ў шапіку. Гэта былі і маладыя людзі і чытачы больш сталага ўзросту.

— Увесь наш наклад прадаваўся, — нагадвае Віктар Марчук. — А цяпер газет не чытаюць, бо засталося толькі тое, што выдае рэжым. А там няма чаго чытаць, дык навошта марнаваць грошы?

Галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук. Фота: Зміцер Дук / Белсат

Сапраўды, з-за дзеянняў рэжыму за апошнія дзесяцігоддзі друкаваная прэса ў Беларусі страціла значэнне як з’ява. Знікла культура чытання папяровай газеты, хаця гэта цалкам нармальна ў многіх краінах Захаду.

— Канешне, у кожнага сёння ёсць тэлефон. Але ўзяць у рукі газету — зусім іншае… — адзначае галоўны рэдактар «Брестской газеты». — Нягледзячы на тое, што рэжым робіць усё, каб людзі не чыталі і не думалі, людзі зноў вернуцца да газет, калі зразумеюць, што там пішуць праўду.

Каментары3

  • Этот далёкий Бруклин
    24.07.2023
    Как они поймут если уже не читают газеты? Отсутствие логики...Кто в адеквате после телеграм-каналов перейдёт обратно к газетам? Колонки Шрайбана читать, или других пустословов? Мне нужны только факты, а проанализировать и сам могу, без политологов.
  • Аёй
    24.07.2023
    ТГ - яшчэ тое лайно расейскай разпрацоўкі.
  • Common sense
    24.07.2023
    А ещё начнут ездить на каретах,носить парики и фраки.
    К тому времени как появится свободная пресса,любители бумажных газет отойдут в мир иной. Хотя не скрою,почитать свежий WSJ за чашкой утреннего кофе с круассаном это наслаждение .

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак11

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак

Усе навіны →
Усе навіны

ЕС адклаў увядзенне новай сістэмы ўезду і выезду

Пасля працяглага росту ў Беларусі прыкметна знізіўся попыт на нерухомасць. Чаму так адбываецца?6

Урад зноў увёў ліцэнзаванне на вываз яблык, цыбулі і капусты2

Прынцэса Кэтрын упершыню пасля заканчэння курса хіміятэрапіі з’явілася на публіцы

Зяленскі абвергнуў, што падчас еўрапейскага турнэ ён абмяркоўваў пытанне перамір'я з Расіяй

15-гадовы кандытар з Мінска робіць торты на замову: прыгожа, але шалёна дорага13

Адбыўся новы выбух на нафтабазе ў Феадосіі, якая гарыць чацвёрты дзень4

Сталі вядомыя пераможцы штогадовай прэміі за найлепшыя ФОТЫ дзікай прыроды1

Ужо амаль палова расіян заявіла, што вайна прынесла Расіі больш шкоды, чым карысці11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак11

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак

Галоўнае
Усе навіны →