Грамадства22

Малады хлопец пераехаў у вёску, завёў курэй з козамі і стаў зоркай тыктоку

Андрэй пераехаў у вёску са сталіцы восем гадоў таму, а потым завёў блог пра сваё жыццё. Сябе падпісаў лаканічна: «Дзеравеншчына Андрэй».

Фота тут і далей: Tochka.by

Цяпер за яго буднямі назіраюць 123 тыс. падпісчыкаў у TikTok. А яшчэ відэа часта залятаюць у рэкамендацыі і набіраюць сотні тысяч праглядаў. Чаму на вёсцы жыць добра і ў чым сакрэт папулярнасці блога пра простае вясковае жыццё, расказвае «Точка».

@andrew_redneck Мой один день в деревне #деревня #фермерскоехозяйство #улиточнаяферма #куриныеяйца #жизньвдеревне ♬ оригинальный звук - ДЕРЕВЕНЩИНА АНДРЕЙ

З вёскі — з любоўю

У вёску Зарэчча Стаўбцоўскага раёна Андрэй пераехаў менш за два месяцы таму, яшчэ абжываецца. Гэты дом яму прапанавала падпісчыца — пажыць проста так, без аплаты. Цяпер жа хлопец падумвае яго купіць.

«Раней здымалі дом у Смалявічах — аддалі за год каля $3000. А потым проста напісала дзяўчына. Кажа, стаіць дом — толькі заязджайце. Газавае ацяпленне ёсць, ванна і туалет у доме. Мы і пераехалі», — расказвае Андрэй.

Перавозілі ўсю гаспадарку і рэчы цэлай 20-тоннай фурай — і сума за змену месца выйшла астранамічнай.

«Козам надзелі памперсы», — смяецца хлопец.

Веранду ў доме Андрэй зрабіў сваімі рукамі.

Прадметы дэкору — усё, што знайшлося ў доме і хляву. Асаблівы гонар — чырвоны таршэр, які дасталі з куратніка і адшаравалі ад памёту.

«Плюс старога дома — у ім заўсёды ёсць вялікія запасы сервізаў і крышталя на ўсе выпадкі жыцця», — прыносіць гарбату і ўступае ў гутарку жонка Андрэя Соня.

Посуд у доме доўга не захоўваецца: козы занадта настойліва спрабуюць далучыцца да чаявання.

Раз-пораз наровяць залезці на стол, пацягнуць прысмак і нават папіць з кубка. Толькі адвярнуўся — разгорнуць усё.

У Мінску нічога не трымала

Калі Андрэю было 17, бацькі купілі лецішча пад Радашковічамі. Ездзілі туды перыядычна, як усе — на адпачынак.

«Я працаваў у салоне друку 10 гадоў запар. І ў нейкі момант разумею: не хачу вяртацца дадому, у кватэру. Пачаў ездзіць на лецішча, нешта вырошчваць: кветкі, кабачкі, ажыну. Так і ўцягнуўся, пачаў там заставацца. Мяне нічога не трымала ў Мінску — нічога цікавага», — успамінае Андрэй.

Цяпер хлопец працуе анлайн — можна жыць дзе заўгодна. Таму дзе толькі не пабываў. Тры гады таму з жонкай працавалі на ферме паўлінаў на Кіпры. Потым — у Грузіі на свінаферме, пад Масквой на ферме альпак. Далей — на беларускай слімаковай ферме. Чаму такі выбар? Кажа, проста было кайфова.

«Такое ўнутранае імкненне: мне хочацца гэтым займацца, мне гэта падабаецца. Проста люблю гэта. Усё так і працуе: што падабаецца, тое і выстрэльвае», — кажа Андрэй.

У вёсцы стала з'яўляцца свая гаспадарка, а разам з жывёламі — і блог.

Назвалі казла ў гонар начальніка

Спачатку былі курачкі.

«Мае дзяўчаткі карамельныя. Люблю іх. Забіваць я іх, вядома ж, не буду. У мяне жывёлы будуць проста жыць і радавацца», — праводзіць экскурсію блогер.

Гадаванцам даюць імёны падпісчыкі — варыянты могуць прапаноўваць тыя, хто актыўна данаціць і дапамагае маленькай гаспадарцы.

Да прыкладу, у Андрэя жыве казёл па мянушцы Адэль — так яго папрасіў назваць падпісант з Германіі… у гонар свайго кіраўніка.

«Козачак Кіру і Арыну мне падарылі. Падпісчыкі спыталі: «Хочаш коз?» Вядома, хачу, у мяне наогул такое пытацца нельга. Усіх сюды — усіх буду любіць», — смяецца хлопец.

Пасля курэй былі качкі, потым — гусі, індыкі. Перапёлак таксама аддалі. Усяго па крыху, гаспадарка невялікая.

«Гусяткі мае. Купляў іх ужо дарослымі, так яны да гэтага часу трохі людзей пабойваюцца, дзікаватыя. Іншая справа, калі вырошчваеш птушанят сам, проста з яйка ў інкубатары», — спрабуе паказаць птушак гаспадар.

Хлопец многае робіць сваімі рукамі — і хлеў для жывёл уладкаваў, і навёў парадак у двары.

Мільёны праглядаў

Пра ўсё гэта Андрэй расказвае ў сваім блогу. На мантаж аднаго відэа ідзе каля чатырох гадзін. Але яно таго варта: пачнеш глядзець — не спынішся.

«Першае відэа, якое заляцела, — пра тое, як я вырошчваю вешанкі. На 3 млн праглядаў! І з тых часоў пайшло. Але блог я спачатку актыўна не вёў. А потым падумаў: чаму б і не? У мяне ж велізарны досвед працы з кантэнтам, прасоўваннем. Тым больш што ў мяне гэта вельмі добра атрымліваецца», — кажа Андрэй.

На ўчастку яшчэ шмат працы. У планах — пабудаваць тут новы дом. І завесці каня — хлопец вельмі пра гэта марыць. Ну і, вядома ж, працягваць весці свой вясковы блог.

Падпісчыкі падтрымліваюць: данатамі, па гаспадарцы, з рамонтам — толькі працягвай здымаць. Мэтавая аўдыторыя абсалютна розная: усе ўзросты і розныя інтарэсы.

«Людзям падабаецца гэты вайб. Галоўная ідэя відэа — good mood. У мяне атрымліваецца гэта — падарыць чалавеку добры настрой. Значыць, трэба працягваць», — кажа блогер.

Каментары2

  • Зенусь
    21.09.2024
    Не гляджу, бо неарганічна выкарыстоўвае маты. Рэжа вуха
  • беларуска
    22.09.2024
    чыста мужчына мары❤️ пашанцавала жонцы

«Усе экстрэмісты ці ўжо асуджаныя, ці з'яўляюцца фігурантамі спраў, якія будуць разгледжаны судамі». Швед падводзіць рысу пад рэпрэсіямі?20

«Усе экстрэмісты ці ўжо асуджаныя, ці з'яўляюцца фігурантамі спраў, якія будуць разгледжаны судамі». Швед падводзіць рысу пад рэпрэсіямі?

Усе навіны →
Усе навіны

Новы пакет санкцый Еўрасаюза можа закрануць расійскі алюміній3

Як цяпер выглядае палітзняволены Ігар Лосік ФОТА32

«Ідзі адзін». Чаму Пятровіча чытаюць не так, як Бахарэвіча?3

АНТ запісала ў СІЗА КДБ інтэрв'ю з Кузнечыкам, Лосікам, Карнеем і Зянковічам8

Каралеве Лізавеце II не расказвалі пра савецкага шпіёна ў яе палацы — рассакрэчаныя дакументы MI52

Ці мерзнуць у мышэй хвасты?9

У Магілёўскай вобласці дзяржаўныя СМІ аднамомантна выдалілі інфармацыю пра перадвыбарчую падзею2

Кавалеўскі раскрытыкаваў пашпарт Новай Беларусі і расказаў, што збіраўся рабіць інакш63

У Рэчыцы за «экстрэмізм» будуць судзіць музыку найстарэйшага метал-гурта Беларусі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Усе экстрэмісты ці ўжо асуджаныя, ці з'яўляюцца фігурантамі спраў, якія будуць разгледжаны судамі». Швед падводзіць рысу пад рэпрэсіямі?20

«Усе экстрэмісты ці ўжо асуджаныя, ці з'яўляюцца фігурантамі спраў, якія будуць разгледжаны судамі». Швед падводзіць рысу пад рэпрэсіямі?

Галоўнае
Усе навіны →