Культура1616

На гістфаку БДУ знішчылі пано з выявай Каліноўскага

Паводле інфармацыі з крыніц «Нашай Нівы», пры рэканструкцыі корпуса гістарычнага факультэта БДУ было знішчана дэкаратыўнае пано з выявай Кастуся Каліноўскага.

Пано з Кастусём Каліноўскім на гістфаку БДУ да пачатку рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons

Керамічнае пано размяшчалася ў адной з аўдыторый на чацвёртым паверсе гістфака. На ім у поўны рост быў адлюстраваны лідар вызвольнага паўстання 1863—1864 гадоў на Беларусі Кастусь Каліноўскі і паўстанцы-касінеры на заднім фоне. У ніжняй частцы пано была змешчана цытата з верша «За ўсё…», напісанага Янкам Купалам у 1926 годзе:

Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў з цемры да святла.

Рэшткі дэкаратыўнага пано, зваленыя ў кучу разам з будаўнічым смеццем

На фота ў кучы будаўнічага смецця відаць фрагменты рэльефнай рамы, якая абрамляла выяву Каліноўскага, а таксама кавалкі іншых кампазіцый з аўдыторыі па матывах твораў Купалы.

Па нашай інфармацыі, знішчэнне пано адбылося да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022-м. 

Гэтыя пано, хутчэй за ўсё, не маюць ніякага дачынення да гістарычнага факультэта і дасталіся яму ў спадчыну ад філалагічнага факультэта, які займаў будынак па Чырвонаармейскай вуліцы з моманту ягонай адбудовы ў 1957 годзе. Выселены філфак быў толькі ў 1992-м.

Керамічныя пано па матывах твораў Янкі Купалы, знішчаныя разам з пано з выявай Кастуся Каліноўскага. Фота: Wikimedia Commons

Рэканструкцыя корпуса цягнецца з 2021 года. Корпус гістфака — адзін з першых будынкаў, якія заняў створаны ў 1921 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Да гэтага будынак, узведзены ў 1863—1867 гадах, займала мужчынская гімназія С. П. Зубакіна і К. В. Фальковіча. Па ўніверсітэцкай нумарацыі будынак былой гімназіі стаў называцца «Домам № 1».

Дом № 1 БДУ — сучасны будынак гістарычнага факультэта БДУ. Фота: Wikimedia Commons

У часе вайны будынак моцна пацярпеў, ад яго заставаліся толькі знадворныя сцены. Большая частка руін была знесена, ад будынка сярэдзіны XIX стагоддзя засталася толькі дваровая частка, на месцы якой сёння знаходзіцца актавая зала факультэта. На месцы ж знесенай часткі па праекце Якава Шапіры ў ​​1957 годзе пабудаваны новы чатырохпавярховы корпус у духу савецкай неакласікі. У інтэр’ерах да рэканструкцыі захаваліся парадная лесвіца з балясамі, вітражы, паркет, лепка на столях і сценах вестыбюля і актавай залы.

Інтэр'ер калідораў гістфака БДУ на рэндарах. Фота: «Мінск-Навіны»

На рэндарах жа сціплай класікі больш няма, а ёсць «па-багатаму» зроблены еўрарамонт з керамагранітнымі падлогамі, тынкоўкай-венецыянкай і молдынгамі на сценах, кесонамі і дарагімі люстрамі на столях, безгустоўнымі цяжкімі шторамі на вокнах. Відаць, у гэты «палацавы стыль» ніяк не ўпісвалася праставатая савецкая кераміка, і адзінае, што дадумаліся з ёй зрабіць, — пабіць ды выкінуць на сметніцу. Або камусьці ў кіраўніцтве не падабалася постаць паўстанца…

Лесвічная пляцоўка гістфака БДУ на рэндарах. Фота: «Мінск-Навіны»

Але, згодна з заканадаўствам, творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва не могуць быць знішчаныя, а мусяць быць рэканструяваныя — пад гэтае азначэнне падпадае ў тым ліку змяненне месца знаходжання. Праўда, ніякага пераліку, які дазваляў бы адсочваць тое, што адбываецца з падобнымі культурнымі каштоўнасцямі, не існуе — аднойчы яны проста знікаюць у нікуды. Калі зафарбаваную ці збітую мазаіку яшчэ нехта заўважыць і абурыцца, то інтэр’ерныя рэчы знікаюць без аніякага шуму.

Мяркуючы па ўсім, на гістарычным факультэце БДУ ў выніку рэканструкцыі не застанецца анічога гістарычнага, акрамя фасадаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • Ёсік
    14.06.2023
    Чаго здьзіўляцца, Беларусь з'явілася з 3 ліпеня 1944,а зажыла, дыхаючы на поўныя грудьзі у жніўні 1994,а ў 1996 пачаўся залаты перыяд, па сёняшні дзень у золаце ходзім. Вар'яты.
  • Беглы
    14.06.2023
    Прывітанне гісторыкам, якія там працуюць, вы калабаранты
  • Гісторык
    14.06.2023
    Варвары.

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь92

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Ракетным ударам украінцы знішчылі каля Данецка шасцярых афіцэраў з КНДР — Kyiv Post3

У Мазыры палаў будынак былой павятовай бальніцы пачатку XX стагоддзя4

Лукашэнка просіць выратаваць яго ад Пуціна — меркаванне Чалага35

«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі1

У Іспаніі затрымалі беларуса, якога называюць адным з лідараў злачыннай міжнароднай хакерскай групоўкі

Telegram патлумачыў глабальны збой вайной на Блізкім Усходзе

Пскоўскі мастак захацеў паваяваць з бел-чырвона-белым сцягам, але нашкодзіў сабе самому8

ЕС падтрымаў значнае павышэнне пошлін на кітайскія электрамабілі

У цэнтры Брэста паставілі незвычайны арт-аб'ект

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь92

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →