Здароўе1919

Пабачыўшы вайну, не ведаў, як жыць далей. Маналог беларускі, якая перажыла суіцыд мужа

«Падаецца, што маё жыццё завісла. Дакладней, я завісла ў тым моманце, хаця прайшло амаль паўгода», — расказвае Алена, муж якой скончыў жыццё самагубствам (імя змененае па просьбе гераіні — НН). Разам яны эмігравалі пасля пратэстаў у Беларусі. Разам перажывалі пачатак вайны: хлопец нават выязджаў дапамагаць украінскай арміі.

«Са сваім абвостраным пачуццём справядлівасці ён, здаецца, не разумеў, як жыць у гэтым свеце».

Пагутарылі з дзяўчынай пра тое, як яна перажыла страту, а таксама распыталі псіхатэрапеўтку аб працоўных інструментах дапамогі ў такіх складаных сітуацыях.

Чаму гэтая тэма важная?

Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя штогод больш за 700 тысяч чалавек у свеце сканчваюць жыццё самагубствам.

У Беларусі самагубства як прычына смерці займае чацвёртае месца пасля сэрцава-сасудзістых захворванняў, наватвораў і хвароб органаў дыхання. На карце Еўропы Беларусь — адзін з лідараў па колькасці суіцыдаў на душу насельніцтва (16,5 самагубстваў на сто тысяч насельніцтва, згодна з апошнімі данымі, якімі валодае САЗ. Гэта чацвёртае месца ў Еўропе і 22-е ў свеце. Пасля 2019 года звесткі пра колькасць суіцыдаў у нашай краіне не публікаваліся).

«Я старалася паказаць яму, што ў жыцці ёсць сэнс»

Муж Алены скончыў з сабой паўгода таму: ён кінуўся пад цягнік.

«Размовы на тэму смерці ў яго былі яшчэ год шэсць таму. Прычым менавіта цягнікі чамусьці яго вабілі. Ад дапамогі, ад працы над сабой, ад усяго такога ён адмаўляўся. Я не ведала, што рабіць, і проста старалася паказаць яму, што ў жыцці ёсць сэнс. Прыдумвала справы, падзеі, каб яго жыццё было напоўненым».

Размовы пра суіцыд тады спыніліся, крызіс нібыта мінуў. Калі ў Беларусі ў 2020-м пачаліся пратэсты, муж, па словах Алены, нібыта здабыў новы сэнс, у яго прачнулася прага да жыцця. Неўзабаве пары прыйшлося эміграваць, і за мяжой праблема абвастрылася зноў. Каб забыцца, мужчына амаль штодзень ужываў алкаголь.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

«А потым, у 2022-м, пачалася вайна. Ён адразу вырашыў туды ехаць, убачыўшы ў гэтым новы для сябе сэнс. Але было відавочна, што ён збіраецца наўпрост у адзін канец: ён не хацеў ніякія рэчы браць з сабой, набываць нешта, каб яму там было камфортна. Нават тэлефон нейкі суперстары ўзяў, а не свой нармальны».

У мужа, па словах Алены, было абвостранае пачуццё справядлівасці, і з узростам яно прагрэсавала.

«У яго былі вельмі рамантычныя ўяўленні пра вайну: што там людзі, якія ўсім сэрцам гераічныя, жахліва шчырыя, і ўсе ў адзінай счэпцы змагаюцца з ворагам. А аказалася, што ўсё не зусім так, што там сустракаюцца і карупцыя, і крадзеж, і ён зноў моцна расчараваўся ў жыцці, сутыкнуўшыся з рэальнасцю».

Вярнуўшыся дадому, мужчына не выключаўся з ваярскай рэальнасці.

«Ён вельмі шмат чытаў медыя, не мог спыніцца, пастаянна быў пагружаны ва ўсе навіны свету, асабліва вайсковыя. Яго перасталі хваляваць нашы побытавыя праблемы, ён амаль перастаў са мной размаўляць. Казаў таксама, што не разумее, як у такім свеце далей жыць».

Алена спадзявалася, што калі стане ідэальнай жонкай, то ўсё наладзіцца. Але мужа зноў пацягнула на вайну. Калі ён з’ехаў туды чарговы раз, паставіўшы жонку перад фактам, дзяўчына канчаткова асэнсавала, што ў гэтых стасунках, якія даўно набылі крызісны характар, няма будучыні.

Падчас яго вяртання дадому пачалася спрэчка і агучылася пытанне разводу. Пасля цяжкай для абаіх партнёраў размовы на ранак наступнага дня мужчына сышоў з кватэры. Алена пабачыла, што ён пакінуў на століку ўсе свае рэчы: тэлефон, ключы, карткі і запіску, у якой было напісана, што без яе ён жыць не зможа. Алена падняла на вушы паліцыю, але ў той дзень муж вярнуўся дадому.

«У такіх выпадках ёсць абавязковае прымусовае лячэнне, хоць сам муж адмаўляў, што яму патрэбная дапамога, казаў, што ў яго ўсё нармальна. Паліцыя выклікала хуткую, яго адвезлі ў псіхіятрычную клініку, дзе пратрымалі каля тыдня, прапісалі антыдэпрэсанты, таблеткі для сну. Самае крыўднае, што муж пры гэтым абвінавачваў мяне ў тым, што я яго ўпякла ў бальніцу, бо хачу ад яго пазбавіцца.

Але я рэальна хацела яму дапамагчы і верыла, што дактары ведаюць, што робяць, што дзякуючы ім ён нарэшце пачне вылазіць з дэпрэсіі. Пасля выпіскі муж сапраўды часцей пачаў звяртацца да псіхатэрапеўта, сам нібыта асэнсоўваў, што яму патрэбная дапамога. Мне тады падавалася, што гэта добры знак, што ён спрабуе нешта зрабіць. Ён прызначыў сабе чарговую сесію са спецыялістам, але ў выніку туды ўжо не трапіў, бо завяршыў тое, што планаваў раней».

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

Што дапамагала дзяўчыне перажываць страту, трымаючыся на плаву?

Людзі вакол

— Смерць нясе за сабой цэлы шэраг абавязкаў — апазнанне, дакументы, арганізацыя пахавання. Да мяне прыехалі сябры мужа і вазілі мяне па ўсіх установах. Яны кармілі мяне — літаральна падтрымлівалі ва мне жыццё. Мая сяброўка прыляцела з іншай краіны і менеджарыла ўсё, здаецца. Я сама ж была ў поўнай адключцы. Часам у мяне здараліся правалы ў памяці (я магла забыцца, што мы ўжо нешта зрабілі, перапытваць пра гэта). Мозг такім чынам абараняўся ад траўматычных перажыванняў.

З самага першага дня са мной па чарзе ночылі сяброўкі, прыехаўшы з розных краін. Мне ўсе раілі, што лепш не заставацца адной. І цяпер я асэнсоўваю, што гэта дапамагло, бо інакш бы я зусім не спала. Няма такога моцнага страху сутыкнення з рэальнасцю сам-насам, калі побач людзі.

Псіхатэрапія

— Я спыніла працу са сваёй псіхалагіняй і пайшла да крызісных псіхатэрапеўтак, якія падзяліліся са мной інструментамі, якімі я магу карыстацца, каб было лягчэй.

Пры гэтым толькі нядаўна я асэнсавала, што ў мяне нешта накшталт ПТСР: я не даю сабе спаць, нібыта шкоджу сабе, пры гэтым не адчуваючы стомленасці. Я стала баяцца цягнікоў. Так што планую звярнуцца ўжо да псіхіятра.

Лісты мужу

— Адна з псіхатэрапеўтак якраз параіла мне пісаць мужу лісты. Калі такое здараецца, застаецца шмат нявыказанага. Ты хочаш нешта сказаць чалавеку, але яго ўжо няма. Я некалькі дзён збіралася з думкамі, і ў ноч перад развітальнай цырымоніяй села і пісала палову ночы, паралельна рыдаючы. У мяне ніколі не было такіх апухлых вачэй, як на наступны ранак. Яны былі літаральна як пельмені.

Потым я пісала лісты амаль кожны вечар у фармаце размовы. Спрабавала дараваць яму ўсё хаця б для сябе. І курыла каля яго партрэта. Так адчувалася, што я з ім сапраўды паразмаўляла.

Праца

— Я вырашыла не сядзець дома, не глядзець у сцяну са сваімі перажываннямі і пайшла працаваць у выходныя.

Ляжаць у ложку і думаць пра тое, што здарылася, дакладна не варыянт, гэта горшае, што можна для сябе зрабіць.

Увогуле, важна не адрывацца ад кампаніі, не адмаўляцца ад прапаноў кудысьці схадзіць. Адчуванне сябе ў соцыуме вельмі важнае.

Жыццё па раскладзе

— Важна таксама кантраляваць прыёмы ежы, сон — як мінімум, старацца. Не адмаўляцца ад сваіх звычак і рытуалаў. Калі ты п’еш штораніцу каву — пі яе далей. Магчыма, на гэтым трымаецца ўся твая менталка.

Жывёлы

— Калі ў вас ёсць жывёлы, гэта супер. У такім горы можа падавацца, што больш няма дзеля каго жыць. З жывёламі такое пытанне адпадае. З імі можна і паразмаўляць.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

Псіхатэрапеўтка: «Паглыбленне ў пачуццё віны можа нашкодзіць»

Псіхатэрапеўтка Наталля Скібская заўважае, што нягледзячы на досыць сумныя лічбы з колькасцю суіцыдаў у нашым рэгіёне гэтая тэма працягвае заставацца ў грамадстве табуяванай.

«Нам страшна нават сутыкацца з такімі размовамі: пагаварыць пра тое, як дрэнна жывецца і як, можа, хацелася б скончыць гэтае жыццё. Гэта вельмі страшныя размовы, і псіхіка звычайна ад такога бароніцца, таму нярэдкая рэакцыя на такія разважанні: «Ну што ты прыдумаў сабе! Не выдумвай!» Замест сапраўды падтрымлівальнай размовы з прапановай: «Як табе дапамагчы, што мы можам з гэтым зрабіць?»

У нашым грамадстве глабальна ёсць праблема з падтрымкай, на жаль. Куды часцей людзі цябе асудзяць ці абгавораць у складаных сітуацыях. Менавіта таму, калі нешта і адбываецца, ісці па дапамогу ў гэта самае грамадства вельмі складана. І каб сітуацыя выправілася, трэба часцей звяртаць увагу на такія тэмы, рабіць іх абмеркаванне нормай, і памятаць, што ўсе мы жывем у соцыуме».

З іншага боку, па словах спецыялісткі, большая колькасць людзей, якія патэнцыйна здольныя здзейсніць суіцыд, ніколі не будуць пра гэта нікому загадзя казаць.

«Самая звычайная гісторыя — калі чалавек яшчэ сёння посціць фотаздымкі з усмешкай, а заўтра сканчвае жыццё самагубствам.

Канечне, ёсць выпадкі, калі нехта пасварыўся, плюс у яго назапасіліся да гэтага крыўды і на эмоцыях, напрыклад, адбываецца скок у акно. Але часцей людзі, якія плануюць суіцыд, пачынаюць рабіць такія рэчы, якія вельмі добра выглядаюць звонку. Напрыклад, упарадкоўваюць дакументы, дарабляюць справы. Здаецца, што чалавек узяўся за сябе, а потым аказваецца, што ў яго была зусім іншая матывацыя».

Менавіта таму Наталля раіць не мучыць сябе пытаннямі: што я зрабіў не так, што не дарабіў, калі трагедыя здараецца з вашымі блізкімі. Бо не заўсёды магчыма распазнаць развіццё паводзінаў.

«Гэта вельмі небяспечна — разважаць постфактум на тэму таго, чаго варта ці не варта было рабіць-казаць, бо гэта паглыбленне ў пачуццё віны. А яно можа затармазіць натуральны шлях пражывання гора, які вельмі важны. У кожнага з нас свае словы-трыгеры, пра якія мы самі можам часам не здагадвацца. Я за тое, каб мы пакідалі іншым адказнасць за іх учынкі — але, канечне, калі мы прыніжаем кагосьці ці абражаем, гэта, вядома, не спрыяе псіхічнаму здароўю).

Усім, хто перажывае страту, Наталля раіць зрабіць самае галоўнае — атачыць сябе правільнымі людзьмі.

«Стварыць спрыяльнае пражыванню гора асяроддзе — нашая адказнасць. Бо нават да псіхолага можна патрапіць такога, што барані божа. Важна сабраць вакол сябе людзей, якія сапраўды змогуць вас падтрымаць: падхапіць абавязкі (гатаванне ежы, догляд дзяцей), не затыкаць рот, не асуджаць. Гэтыя людзі павінны вытрымліваць плач і цяжкія пачуцці, бо на гэта таксама не кожны здольны. І добра пры гэтым памятаць, што калі нехта не прыйшоў вам на дапамогу, то гэта не пра вас, а пра іх. У сяброў таксама можа не быць рэсурсаў тут і цяпер. Так ці інакш, абавязкова шукайце магчымасць выказацца пра свой боль.

Канечне, ёсць людзі, якім прасцей перапрацоўваць нешта самому, але звычайна мы ад грамадства хаваемся таму, што раней ужо нехта не апраўдаў нашых чаканняў, не дапамог. Але ўсё ж наша псіхіка так працуе, што, калі мы прамаўляем свае эмоцыі, праяўляем, менавіта тады яны перапрацоўваюцца».

Калі вакол не знаходзіцца патрэбных людзей, якім можна выгаварыцца, спецыялістка таксама раіць пісаць дзённік ці лісты, накіраваныя памерламу ці, напрыклад, Богу ці любой асобе з аўтарытэтам.

«Калі няма людзей вакол, трэба падумаць пра тое, каб знайсці псіхалагічную падтрымку ў тэматычных групах, пайсці на псіхатэрапію. Але варта вельмі ўважліва выбіраць таго, каму вы давяраецеся. Калі спецыяліст прадае, напрыклад, паспяховы поспех, то ён, відавочна, не той, хто вам цяпер дапаможа».

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

«Наша Ніва» таксама пагутарыла з чалавекам, які аднойчы спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але змог спыніцца ў апошні момант. Ён агучыў, якія паводзіны людзей канкрэтна ў яго выпадку толькі абцяжарвалі псіхалагічны стан.

«Не варта называць людзей, схільных да здзяйснення суіцыду, тымі, хто проста «прыцягвае ўвагу», прымушаць іх называць прычыны цяжкага стану і матывацыю дзеянняў, крытыкаваць за тое, што яны не даюць рады, высмейваць слабасць, казаць, што ёсць тыя, каму ёсць горш, такім чынам «супакойваючы», ужываць фразы «нам усім бывае сумна».

Каментары19

  • Ноўнэйм
    05.10.2024
    Мне проста цікава, каму пытанне адрасавана?
  • Ноунэйм
    05.10.2024
    Аутарам гэтага твора.
  • Gen. Delirium
    05.10.2024
    Дзякуй за артыкул. Няпроста паводзіць сябе "правільна", т. б. так, каб дапамагчы ды не прынесьці больш шкоды, калі не разумееш, чаму людзі спрабуюць насамрэч сконьчыць жыцьцё самагубствам. Увогуле не ігнараваць праблемы іншых бывае няпроста. Гісторыя і асабістыя досьведы могуць дапамагчы павялічыць эмпатыю да чужых, часта незразумелых, а таму і недаацэненых праблем.

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр9

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр

Усе навіны →
Усе навіны

Як меркаваная перамога Трампа паўплывае на Беларусь?28

Ці можна прадаць кватэру, за якую яшчэ не выплачаны крэдыт?

У Брытаніі словам года стала слова «brat»2

У суботу і нядзелю ў Мінску моцна зменяцца маршруты грамадскага транспарту3

У Кіраўскім раёне хлопец з пнеўматычнага пісталета трапіў у вока 15-гадовай дзяўчыне

Малпы ніколі не змогуць надрукаваць усяго Шэкспіра5

Вяскоўца з-пад Касцюковічаў вызвалілі па амністыі, а цяпер перадумалі. Кажуць, здаровы

Таксі ў Беларусі пачынаюць працаваць па новых правілах1

Андрэй Дзмітрыеў не бачыць сэнсу вылучаць дэмакратычных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах-20256

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр9

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр

Галоўнае
Усе навіны →