Грамадства66

«А, патрыёт, радзіму любіш? Ну паглядзім». Алег Груздзіловіч пра СІЗА і калонію, дзе адна дзяржаўная мова

Перапоўненыя палітвязнямі камеры, катаванні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта не сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х. Пра свой турэмны досвед востра, дасціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Алег Груздзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры». «Радыё Свабода» друкуе чарговыя фрагменты кнігі.

Беларуская мова: крок назад, два наперад

Мова павінна аб’ядноўваць, але, на жаль, бывае і так, што яна становіцца прычынай непаразуменняў. Ну ніколі ж не мог падумаць, што просьба «пасунься» ледзь не прывядзе да бойкі. Але так адбылося. Пачуўшы «пасунься», асуджаны вырашыў, нібыта яго абзываюць сукай — словам, якое ў турме лічыцца ажно двойчы зняважлівым. Дзякуй, што іншы чалавек перапытаў, што ж такое прагучала ў адрас сябра. «А, подвинься… Ну вы даёте, переводить надо».

Як з беларускай мовай у вязніцах?

Калі заязджаў у магілёўскую калонію, быў яшчэ цалкам беларускамоўны. Не скажу, што гэта было само сабой, без намаганняў ці нават пэўнай барацьбы. Але не буду хваліцца, што абышлося і без часовых параз ці саступак. Турма — усё ж месца, дзе трэба выжываць, гэта не плошча. Іншая рэч, што да перамогі можна ісці і нябачным шляхам. Галоўнае — не саступаць у душы.

Ува ўсіх «сваіх» турмах стараўся гаварыць з сукамернікамі выключна па-беларуску, а вось з турэмнікамі — паводле абставін. Усё ж у вязніцах складаецца па-рознаму. Напрыклад, на «Валадарцы» і ў магілёўскай Т-4 да маёй беларускай мовы супрацоўнікі ставіліся спакойна. Хтосьці дэманстратыўна не звяртаў увагі, хтосьці хмурыўся, але маўчаў, некалькі разоў чуў беларускамоўны адказ у адно-два словы, не болей. Цалкам адмоўнай рэакцыі, загаду перайсці на рускую, бо не разумеюць, дакладна не было. Зрэдку, наадварот, беларуская мова адкрывала нейкія магчымасці.

Так, ужо ў першы вечар на «Валадарцы» ахоўнік, які выводзіў у часовую камеру, азірнуўся па баках, панізіў голас і даволі добразычліва пачаў распытваць, за што мяне арыштавалі. А пасля гэтага пацікавіўся, колькі ўсяго на той момант палітвязняў у Беларусі. Мой адказ пра больш як тысячу яго яўна шакаваў. Мы яшчэ пра нешта гаварылі, і, памятаю, я адчуў сябе крыху супакоеным.

Па-беларуску гаварыў і з начальнікам СІЗА, калі мяне ставілі на ўлік як схільнага да экстрэмісцкіх дзеянняў. Дадатковай рэакцыі на мову не было, але гэта мала суцешыла, бо агульны тон быў вельмі негатыўны.

Калі прыйшла мая чарга дзяжурыць па камеры, адрапартаваў па-беларуску. Правяраючы афіцэр па мянушцы «Паважаны», здзіўлена павярнуў галаву ў мой бок, усміхнуўся, але ні слова не сказаў. А вось пасля падобнага беларускамоўнага рапарту ў магілёўскай турме нейкі начальнік затрымаў на мне цяжкі позірк і з пэўнай пагрозай пракаментаваў: «А, патрыёт, радзіму любіш? Ну паглядзім». 

Турэмны аўтапартрэт Алега Груздзіловіча

Праз некалькі дзён мяне з той камеры перавялі ў іншую, і яўна не за мову, бо ў новай камеры працягваў карыстацца беларускай і ніякіх перашкод не зазнаў. З ахоўнікамі камунікацыя абмяжоўвалася рапартам як схільнага да экстрэмізму: паслухаюць рапарт і пойдуць. А сукамернікі ўвогуле рэагавалі выдатна. Былі і такія, хто ў размове цалкам пераходзіў на беларускую альбо спрабаваў падбіраць асобныя словы, выбачаўся, калі якое слова забыў ці не ведае. Але агрэсіўнай рэакцыі дакладна не было ніколі. 18-гадовы Сяргей, асуджаны паводле 328 артыкула, прызнаваў, што ў школе не стараўся вучыць беларускую мову, а цяпер шкадуе. Расказваў пра настаўніцу беларускай, якая нават на занятках гаварыла больш па-руску. У размовах з палітычнымі Сяргей спрабаваў ужываць беларускую мову, але выходзіла ў яго дрэнна. І ўсё ж «добрай раніцы» і «дабранач» ад яго чулі штодня.

У камеры быў яшчэ адзін журналіст, асуджаны паводле эканамічнага артыкула, але яўна з палітычных прычын. Зміцер быў найлепшым знаўцам беларускай мовы. Паміж вечаровай праверкай і адбоем традыцыйна ладзіліся пасядзелкі з гарбатай і печывам. Тады тыя вязні, хто да нас далучаўся, а часам гэта была траціна складу камеры, пяць-шэсць чалавек, усе гаварылі па-беларуску. І гэта былі не толькі палітычныя.

І ў 15-й калоніі сітуацыя з беларускай мовай для мяне мала ў чым змянілася.

Праўда, халадком ужо павеяла. На першай праверцы рэчаў з шараговым ахоўнікам цалкам размаўляў па-беларуску, але як выклікалі на размову да афіцэраў, пачаў двухмоўнічаць. «Журналіст, кажаш? А што пісаў пра прэзідэнта? І хто ў нас прэзідэнт? А на маршах што рабіў?» Адказваючы на гэтыя пытанні, ужо беларускія словы чаргаваў з рускімі.

У каранціне з іншымі асуджанымі зноў гаварыў выключна па-беларуску, гэтак жа запаўняў паперкі. Але праз тры дні выклікалі на першую праверку рэчаў да начальніка каранціну. Прыгадаў сяброў па каранціне, якія раілі не раздражняць начальнікаў беларускай мовай, і ў размове з ім зноў паасцярожнічаў. Праўда, усё адно не дапамагло. За дробную памылку ў спісе рэчаў начальнік каранціну склаў на мяне рапарт. Напісаў тлумачэнне па-беларуску і выйшаў з кабінета начальніка, злосны найперш на сябе. Навошта даваў слабіну? Палёгкі захацеў?

Наступным днём на камісіі ў начальніка калоніі проста рот не давалі адкрыць. Ледзь толькі паспеў уставіць па-беларуску: «Я ж грамадзянін Беларусі», як яшчэ гучнейшы крык: «Што? Рот закрыў!» — і атрымаў першыя дзесяць сутак ШІЗА. 

«Дзе тут напісана пра другую дзяржаўную?»

І ўсё ж у штрафным ізалятары не кінуў беларускай мовы. Першыя два дні па-беларуску вітаўся з ахоўнікамі і дзякаваў за прынесеную ежу. Нават за венік падмятаць камеру альбо за хлёрку апрацоўваць санвузел казаў «дзякуй». Здалося, што ахоўнікі да маёй беларускасці прызвычаіліся, і тады вырашыў пайсці далей.

У ШІЗА штодня раніцай і ўвечары дзяжурны па камеры робіць даклад правяраючым: «В камере номер… находится… осуждённых… Дежурный по камере… осуждённый по статье…» і гэтак далей. Узор вісіць на дзвярах камеры, і гэты ўзор рускамоўны. Памыліцца нельга — за кожную памылку мае быць новы рапарт, папярэдзілі прадольныя. Вывучыўшы даклад на памяць па-руску, цягам двух дзён двойчы на дзень (бо першыя дзесяць сутак сядзеў у камеры адзін і кожны дзень быў дзяжурным) спраўна дакладаў паводле гэтага ўзору. Але на трэці дзень адважыўся на эксперымент.

Вырашыў гэтым разам дакладаць па-беларуску. Пераклаў, вывучыў, каб ад зубоў адскоквала. І вось раніца, прыходзяць правяральнікі, галоўны над імі падпалкоўнік грознага выгляду. Пачынаю дакладаць. Беларускі тэкст ільецца чыста, самому прыемна. Па твары падпалкоўніка бачу, што спачатку падмены ён не заўважыў, але як дайшло да слова «артыкул» замест «статья», бровы насупіліся і папаўзлі на лоб. «Стой!» — павышае голас і тыцкае пальцам у тэкст на дзвярах. Адразу выказваю падрыхтаваны аргумент: «Беларуская — другая дзяржаўная мова». Ён зноў тыцкае пальцам у дзверы: «Дзе тут напісана пра другую дзяржаўную? Тое, што тут напісана, тое мусіш дакладаць. Пачынай». І давялося ўсё ж перайсці на рускую, каб не атрымаць лішні тэрмін у ШІЗА.

Мова ў штабе

З начальнікам аднойчы нават адбылася дыскусія пра наркамаўку і тарашкевіцу.

У сярэдзіне чэрвеня, у той час, калі ў ШІЗА цягнуўся мой новы штрафны тэрмін, са скаргай у калонію прыязджала жонка Марыяна. Але я, натуральна, пра гэта не ведаў, нават калі ўжо выйшаў з ізалятара.

Аказваецца, не атрымаўшы ад мяне лістоў цягам дзесяці дзён (а ў мяне было правіла пісаць іх штодня), яна праз тэлефон запісалася на прыём да начальніка калоніі, прыехала і сапраўды атрымала аўдыенцыю. Размова была пра маё здароўе, пра ўмовы ўтрымання, і Марыяна ўжыла слова «травень». Відаць, гаварыла пра пачатак майго знаходжання ў калоніі. Начальнік калоніі гэтае слова запомніў. Ва ўсякім разе, калі ў ліпені палкоўнік убачыў мяне побач са штабам, дык сам пачаў размову і аспрэчыў, што месяц май можа звацца траўнем. Аргумент у яго быў просты: яго ў беларускай школе вучылі казаць «май», а не «травень», значыцца, «травень» усё ж не па-нашаму. Давялося грамадзяніну начальніку выслухаць і мае аргументы. Пагадзіўся ён з імі ці не, пра тое не сказаў нічога. Але я для сябе тады адзначыў, што наша з ім па ліку трэцяя размова, як і другая, была спакойная і карэктная. Ужо ніякіх «рот закрыў» ды «чаго сюды прыехаў», як пры першай сустрэчы.

«З вамі на беларускую перайду»

А ў штаб у той дзень мусіў прыйсці на гутарку з атрадным аператыўнікам. Той выклікаў, каб атрымаць тлумачэнні адносна жончынай скаргі. З такімі заявамі мусяць фармальна, але ўсё ж разбірацца.

Пагаварылі мы спакойна. Прычым ад пачатку да канца па-беларуску. Я не схаваў ад афіцэра сваёй крыўды за тое, што перад змяшчэннем у ШІЗА атрымаў па шыі ад ягоных калег. Мы працягвалі гаварыць, як раптам у кабінет увайшоў малады супрацоўнік. «Так з вамі на беларускую перайду», — нібы апраўдваючыся, сказаў мой суразмоўца і паглядзеў на калегу.

Вядома, я не быў адзіным, хто стала размаўляў у калоніі на роднай мове. Такіх у нашым беларускамоўным асяродку ў атрадзе было сама меней пяцёра, прычым размаўлялі не ціхенька недзе ў закутку, а адкрыта, пры іншых асуджаных. У суседнім атрадзе знаў яшчэ столькі ж беларускамоўных і неаднойчы чуў ад іх падзякі за магчымасць камунікаваць на роднай мове. І не толькі ад палітычных.

Або такі выпадак: Сяргей, яшчэ малады мужчына, асуджаны на немалы тэрмін за сур’ёзнае злачынства, паведаміў, што ўжо ў калоніі вывучыў беларускую мову па кнігах з бібліятэкі. І сапраўды валодаў ёю на добрым узроўні.

Хто б мог падумаць, але родная мова ў калоніі гучала і са сцэны клуба. Праўда, мне гэта пачуць не давялося, і з вельмі крыўднай прычыны.

Верш і малюнак Алега Груздзіловіча «За турэмным акном»

Дзень народзінаў Купалы

На пачатку ліпеня, калі я толькі спасцігаў парадкі ў атрадзе, на ранішняй праверцы пачуў праз гукаўзмацняльнік, што ў нядзелю ў клубе адбудзецца свята паэзіі, прымеркаванае да 140-й гадавіны з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Нічога сабе! Зацікавіўся, якія ж вершы прагучаць са сцэны клуба: ранняга Купалы ці часоў БССР? І як будзе ўпрыгожаная сцэна? Няўжо якой цытатай з класіка, аўтара вядомага воклічу «Жыве Беларусь»? Зразумела, адразу вырашыў абавязкова трапіць на канцэрт. Але як гэта зрабіць?

Звычайны парадак праходу на мерапрыемства ў клуб такі. Калі мерапрыемства так званае рэжымнае (гэта значыць абавязковае, прапісанае ў плане, да прыкладу, лекцыя), тады ўвесь атрад вядзе ў клуб заўгас ці іншы актывіст. На ўваходзе ў клубную зону асуджаных пералічваюць ахоўнікі — вось і ўся працэдура. А калі наведванне дазволена паводле жадання, як на фільм альбо канцэрт, дык тыя, хто хоча ісці, збіраюцца разам у лакальнай зоне, падыходзяць да форткі і чакаюць там, пакуль іх не забярэ і не правядзе ў клуб дзяжурны ахоўнік. Альбо могуць папрасіць якога афіцэра, які будзе ісці міма, адчыніць фортку. Але тут як пашанцуе. Так, сказалі, будзе і перад святам паэзіі Янкі Купалы.

І вось ужо шукаю тых, хто цікавіцца творчасцю Купалы, карэктую свае планы на дзень. Але раптам хлопцы патлумачылі, што мяне, як схільнага да экстрэмізму, жаўтабірачніка, на канцэрт усё роўна не дапусцяць. Што ёсць правіла на масавыя мерапрыемствы «экстрэмістаў» не дапускаць, мала што мы можам учыніць. «Можа, каго ў закладнікі захопім», — смяяліся.

Але я не супакоіўся. Пайшоў да начальніка атрада і адмыслова папрасіўся папрысутнічаць на свяце паэзіі Купалы. Дадаў, што з дзяцінства люблю паэзію Купалы і мне цікава, як пройдзе свята. Але адказ быў кароткі, без абгрунтавання: «Нельга. Вам лепш быць у атрадзе».

Як усё прайшло, потым расказаў знаёмы з суседняга атрада. З ягоных слоў, творы славутага песняра чыталі самі вязні, і не вельмі ўдала. «Прачыталі некалькі вершаў з памылкамі і разышліся», — падсумаваў асуджаны. Паводле яго, паслухаць вершы прыйшлі ў клуб усяго некалькі дзясяткаў чалавек, але, відаць, іх больш цікавіла не паэзія, а магчымасць выйсці з клуба на трыбуну стадыёна, які мяжуе з клубам. Бо свята паэзіі хутка скончылася, а мяч на стадыёне ганялі да вечара. Затое «птушачку» аб мерапрыемстве начальства і актывісты ў свае справаздачы паставілі.

П’еса пра тое, як Беларусь устае з каленяў

А вось другое мерапрыемства, у верасні, дзе таксама гучала беларуская мова, аказалася больш удалым і пакінула пра сябе большую памяць.

17 верасня 2022 года ўлады Беларусі ўпершыню адзначалі Дзень народнага адзінства, і ў калоніі № 15 таксама прайшлі ўрачыстасці.

Зноў у клуб на канцэрт трапіць мне не ўдалося, і я моцна аб гэтым пашкадаваў, бо, як расказвалі хлопцы на наступны дзень, тады быў сапраўдны фурор. Па выніку гучалі як ніколі шчырыя апладысменты і ўсе так радаваліся, што ледзь не дайшло да яднання зэкаў з адміністрацыяй.

Хоць, здавалася, канцэрт зноў будзе сумны, дзяжурны. Эстрадныя нумары ў выкананні артыстаў Магілёўскай філармоніі, то-бок перапеўкі расійскіх шлягераў і айчынная патрыётыка, яшчэ нешта (расказчыкі нават не запомнілі, што). Затое потым…

А потым паказалі тэатральную пастаноўку, у якой ігралі, пэўна, акцёры Магілёўскага драмтэатра. Гэта была аднаактовая п’еса пра сучасную Беларусь, якая ажывае, падымаецца з каленяў.

Сюжэт у пераказе хлопцаў выглядаў так. Праз шмат гадоў пасля заканчэння школы ў беларускай вёсцы сустрэліся два аднакласнікі. Адзін, які застаўся ў саўгасе, за гэты час вырас да дырэктара. А другі быў паехаў на заробкі ў Расію, але добрай долі там не знайшоў. Шабашнічаў на будоўлях катэджаў для багатых, яго падманвалі, і вось ён вярнуўся ў родную вёску, да каранёў, цяпер хоча жыць тут, пачаць усё наноў.

Але пытанне: ці возме аднакласнік-дырэктар яго на працу? Яны выпіваюць, успамінаюць былое, і дырэктар пагаджаецца. Гаспадарка ў яго моцная, заробак у тысячу даляраў, але ёсць умова — дыс-цып-ліна! «Згодны?» — «Згодны!» Яны абдымаюцца, абодва шчаслівыя. Карацей, адзінства народа. Вось такі спектакль з падтэкстам, прычым на беларускай мове.

«А закончылася свята ўвогуле феерычна, — успаміналі гледачы. — Выйшаў на сцэну намеснік начальніка па ідэалогіі і нагадаў, што ўсе асуджаныя мараць пра амністыю. «Дык давайце, — кажа, — паклічам амністыю!» І тады ўся зала некалькі хвілін, як дзеці клічуць Дзеда Мароза, скандавала: «Ам-ні-сты-я, ам-ні-сты-я!»

Надзеі на амністыю сапраўды былі, але спраўдзіліся не ва ўсіх.

Калі ў сярэдзіне верасня палітычныя ў нашым атрадзе яшчэ верылі, што на іх таксама распаўсюдзіцца чаканая амністыя, дык пасля Дня народнага адзінства гэтыя спадзяванні пачалі таяць. Паводле праекта закона аб амністыі яна не закранала асуджаных паводле палітычных артыкулаў, і стала зразумела, што паўтары тысячы вязняў, якіх асудзілі з палітычных матываў, яшчэ застануцца за кратамі. Больш за тое, канвеер рэпрэсій не спыніўся, да нас у калонію працягвалі заязджаць новыя палітвязні. Гэтую інфармацыю я атрымаў ужо пасля вызвалення.

Каментары6

  • мо
    04.06.2023
    "Расказваў пра настаўніцу беларускай, якая нават на занятках гаварыла больш па-расейску."
    я спачатку ўзрадавалася, калі ў сына з'явіўся класны - настаўнік беларускай мовы. але ён па-за заняткамі гаварыў выключна па-расейску і нават падкрэсліваў гэта, што па-беларуску не размаўляе. гаварыў па-расейску дарэчы з вялікім беларускім акцэнтам
    пасля лета 20 яго не толькі ад класнага кіраўніцтва адлучылі (хаця бацькі былі супраць), але і беларускую ён ужо не вёў - вёў...мастацтвазнаўства
    а класнай паставілі па злой іроніі лёсу настаўніцу расейскай
  • Штучны інтэлект
    04.06.2023
    ЯНКА, па-за штатны, вучы мову.
  • mikola ramanau
    04.06.2023
    Ja byu  znaiomy z czalavekam i jak zyrnalistam  Gruzdziloviczam.1995....1995....Maja pavaga getamu czalaveku !

Дзмітрыеў просіць вярнуць паслоў у Мінск. «Санкцыі б’юць па людзях, а не па ўладзе»5

Дзмітрыеў просіць вярнуць паслоў у Мінск. «Санкцыі б’юць па людзях, а не па ўладзе»

Усе навіны →
Усе навіны

Адбыўся новы выбух на нафтабазе ў Феадосіі, якая гарыць чацвёрты дзень4

Сталі вядомыя пераможцы штогадовай прэміі за найлепшыя ФОТЫ дзікай прыроды1

Ужо амаль палова расіян заявіла, што вайна прынесла Расіі больш шкоды, чым карысці9

У ЗША бушуе ўраган «Мілтан» ВІДЭА5

Па ўсёй Беларусі проста цяпер назіраюць паўночнае ззянне ФОТЫ

«Стратэгія абмену целаў на тэрыторыю». У Пентагоне ацанілі расійскія страты апошняга месяца3

«Паколькі Расійская імперыя ёсць пустка, залітая гаўном, то мы можам толькі з гэтай пусткі вырывацца»19

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы15

Для пахудзення мужчынам і жанчынам патрэбныя розныя прадукты на сняданак5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзмітрыеў просіць вярнуць паслоў у Мінск. «Санкцыі б’юць па людзях, а не па ўладзе»5

Дзмітрыеў просіць вярнуць паслоў у Мінск. «Санкцыі б’юць па людзях, а не па ўладзе»

Галоўнае
Усе навіны →