Партыя камуністаў «Справядлівы свет» будзе падаваць дакументы на перарэгістрацыю
Такое рашэнне прыняў пленум Цэнтральнага камітэта партыі, якую часта называюць «партыяй апазіцыйных камуністаў».
Гэта значыць, піша «Народная Воля», партыя здолела набраць і колькасць членаў (5000 чалавек), і колькасць рэгіянальных структур, дастатковую для рэгістрацыі ў Мінюсце.
Нагадаем, што ўлады далі беларускім партыям усяго тры месяцы, каб прайсці перарэгістрацыю. Пры гэтым умовы для рэгістрацыі сталі значна больш жорсткімі. Так, неабходная мінімальная колькасць членаў партыі павялічаная ў пяць разоў — з тысячы да пяці тысяч чалавек.
У сувязі з гэтым старшыня Партыі левых «Справядлівы свет» (дарэчы, адзін з нешматлікіх апазіцыйных лідараў, што застаюцца ў Беларусі) Сяргей Калякін у сакавіку заклікаў беларусаў уступаць у партыйныя шэрагі, бо вельмі важна, каб на палітычным полі Беларусі заставалася хоць нейкая альтэрнатыва.
Раней дакументы на рэгістрацыю падала новаствораная «Белая Русь», а на перарэгістрацыю — праўладная Партыя камуністаў.
Каментары