У шклоўскай бальніцы, пацыентку якой «ратаваў» Лукашэнка, закрылі інфекцыйнае аддзяленне
Хворых з інфекцыйнымі хваробамі са Шклова будуць вазіць за тры дзясяткі кіламетраў у Магілёў. Рэкамендацыі закрыць аддзяленне выпісала камісія Ірыны Абельскай, сцвярджаюць медыкі.
Ліквідаванне інфекцыйнага аддзялення тлумачыцца маштабнай мадэрнізацыяй.
Нядаўна прызначаны на пасаду галоўнага доктара раённай бальніцы Аляксандр Лобаў кажа, што ўсіх пацыентаў з інфекцыйнымі хваробамі павязуць у новы інфекцыйны корпус Магілёўскай бальніцы №1.
Гэтая бальніца за тры дзясяткі кіламетраў ад Шклова і яшчэ не працуе. Яе аўральна ўзводзілі з разлікам на чарговую хвалю кавіднай эпідэміі.
У медычным асяроддзі кажуць, што Лобаў паспяшаўся заявіць аб перавозцы хворых, бо пакуль няясна, як іх будуць транспартаваць.
Але медыкі не выключаюць, што падобную мадэрнізацыю правядуць ва ўсіх бальніцах райцэнтраў, якія геаграфічна блізкія да лякарняў, здольных прыняць пацыентаў з інфекцыйнымі ці іншымі хваробамі.
Як кажуць медыкі, такога роду эксперымент — адзін з вынікаў праверкі, якую праводзіла адмысловая камісія, створаная з ініцыятывы Лукашэнкі. Яе ўзначальвала Ірына Абельская, галоўная лекарка Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра кіраўніцтва спраў Лукашэнкі.
У гутарках з «Нашай Нівай» медыкі адзначалі, што такі крок вымушаны, бо раённым бальніцам бракуе кадраў.
«Асноўная прычына закрыцця аддзялення ў Шклове — адсутнасць дактароў і медработнікаў сярэдняга звяна. Санітарак неяк набраць могуць. Выдзеляць на базе тэрапеўтычнага аддзялення пару палат і будуць шпіталізаваць інфекцыйных хворых. Усіх жа ў Магілёў не павязеш, калі толькі маршруткамі. Пагатоў у Шклове ёсць палаты з асобным санвузлом», — выказвае сваё бачанне сітуацыі магілёўскі медык.
Для паўнавартаснага функцыянавання, напрыклад, інфекцыйнага аддзялення ў Шклове патрабуецца больш за дзесяць штатных адзінак персаналу. Іх заробкавы бюджэт можа сягаць 10 тысяч рублёў штомесяц, а яшчэ патрабуюцца сродкі для лячэння хворых. Такім чынам, эфектыўнасць эксперыменту Абельскай, мяркуюць у асяроддзі, — у ашчаджэнні сродкаў.
Лобаў кажа, што сёлета запланаваны маштабны рамонт бальніцы. Возьмуцца за дах і фасад будынку.
Шклоўская раённая бальніца прагрымела на ўсю Беларусь, калі Лукашэнка заявіў аб выратаванні жанчыны, якую ён «практычна выцягнуў з морга». Са Шклова тады пацыентку перавезлі ў Магілёў, а адтуль у Мінск.
Пасля гэтага Лукашэнка страшыў міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча нечаканымі праверкамі і абяцаў, што літасці нікому не будзе. Неўзабаве была створаная камісія, якую ўзначаліла Абельская. Ёй паставілі задачы праверыць усе бальніцы і падрыхтаваць справаздачу.
Адной з першых ахвяр праверкі Абельскай стаў галоўны доктар Шклоўскай бальніцы Сяргей Новікаў. Пра яго звальненне стала вядома ў сакавіку.
Лукашэнка тым часам на пасланні парламенту і народу абяцаў ахову здароўя «страсянуць так, што пыл пасыплецца».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
«Я не збіраўся капаць акопы». Медык з райцэнтра расказвае, чаму больш не вытрымаў
Каментары