Анжаліка Борыс вызваленая з-пад хатняга арышту, яе справу спынілі
Як даведаўся «Белсат», кіраўніцу Саюза палякаў Анжаліку Борыс разам з маці выклікалі ў Мінск. Там ёй уручылі дакумент аб спыненні справы «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства». Таксама ёй паабяцалі вярнуць усе рэчы, забраныя падчас следства.
Анжаліку Борыс вызвалілі з-пад варты ў леташнім сакавіку. Супрацоўнікі спецслужбаў папросту адвезлі яе ў вёску Грабяні Гродзенскай вобласці, дзе ёй загадалі заставацца пад хатнім арыштам у доме маці.
У пасланні да беларускага народа 31 сакавіка Лукашэнка згадаў Анжаліку Борыс. Паводле яго слоў, пасля вызвалення яна вырашыла застацца ў Беларусі, жыве звычайным жыццём, бесперашкодна выязджае ў іншыя дзяржавы, але мяняць месца жыхарства не збіраецца.
Анжаліка Борыс і Андрэй Пачобут былі затрыманыя ўвесну 2021 года.
Разам з імі былі арыштаваныя Ірына Бярнацкая і Марыя Цішкоўская з Саюза палякаў, а таксама Ганна Панішава, актывістка польскай меншасці з Брэста. Пазней яны былі прымусова вывезеныя ў Польшчу.
Польшча не пакідае спробаў вызваліць Пачобута. «Калі Андрэй Пачобут заўтра будзе вызвалены, паслязаўтра будзе адкрыты пераход у Баброўніках», — сказаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.
Каментары