На Вілейскім вадасховішчы рыбак злавіў 30-кілаграмовага таўсталобіка. Змагаўся з рыбай 30 хвілін
Уладальнік рэкорднага трафея распавёў, што таўсталобік быў злоўлены выпадкова, падчас рыбалкі на спінінг з берага ў раёне вёскі Сосенкі.
«Закінуў чарговы раз вуду, праз нейкі час адчуў, што лёска напружылася, і падсек. Тут і зразумеў: на кручку годны праціўнік. Змагаўся з ім каля паўгадзіны, да апошняга думаючы, што там сом. І быў моцна здзіўлены, калі падцягнуў да берага вялізнага таўсталобіка», — успамінае мужчына.
Паводле яго слоў, калі ўдалося выцягнуць рыбу на бераг, першай думкай было адпусціць гіганта, але перадумаў хутка.
«Такі ўлоў сустракаецца раз у жыцці. Але і, вядома ж, захацелася пакаштаваць такога таўсталобіка. Улоў пайшоў на вялікую сям'ю. Прыгатавалі філе, нешта пайшло на юшку. Сёння знялі пробу — рыба мясістая, смачная», — сказаў мужчына.
Каментары