Азаронак заявіў, што стаў мякчэйшым, і патлумачыў, чаму здаў назад
«Час раскідваць камяні, час іх збіраць».
Прапагандыстка Людміла Гладкая ў размове з Рыгорам Азаронкам заўважыла, што яго рыторыка апошнім часам нібыта стала мякчэйшай. Яна лічыць, што гэта заўважна і па яго стрымах.
Азаронак зрабіў выгляд, што так яно і ёсць:
«Зразумела, час раскідваць камяні, час іх збіраць. Час шпурляцца камянямі па ёлупнях, а час гэтых ёлупняў прыводзіць да прытомнасці».
Прапагандыст прывёў прыклад: «Калі чалавек моцна бухі, то ты з ім не будзеш інтэлігентна размаўляць. Трэба ўзяць яго за валасы, засунуць яго мордаю ў ледзяную ваду і яшчэ пару разоў па шчоках даць. Потым на наступны ранак яму дрэнна. Ён не ведае, што ён нарабіў, чаму так усё адбылося. І ты яму пачынаеш тлумачыць: «Вось ты нешта нарабіў. Чалавек, не рабі так больш. Вось прыкладна так цяпер і адбываецца».
Выслухаўшы гэты Гладкая заўважыла: «Ты тонкі псіхолаг, Рыгор».
Ужо доўгі час іншыя прапагандысты намякаюць Азаронку, што яго праца ў такой хамскай стылістыцы прыносіць лукашэнкаўцам больш шкоды, чым карысці. Пра гэта пісаў і тэлеграм-канал «Графач», звязаны з міністрам інфармацыі Маратам Маркавым.
У гутарцы з Гладкай Азаронак прызнаўся, што на яго пісалі шмат скаргаў у Міністэрства інфармацыі. Але засталося нявысветленым, ці «мяккасць» выказванняў звязаная менавіта з гэтым.
Каментары