Еўрасаюз забараняе пасля 2035 года выпускаць машыны на бензіне і дызелі
Рада Еўрасаюза зацвердзіла новыя мэтавыя паказчыкі Еўрасаюза па скарачэнні вугляродных выкідаў аўтамабіляў. Гэта значыць, што ўжо ў 2035 годзе будзе ўведзена практычна поўная забарона на рэалізацыю і эксплуатацыю аўтамабіляў з бензінавымі і дызельнымі рухавікамі.
«Новыя нормы вызначаюць наступныя мэты: узровень выкідаў у 2030—2034 гадах для новых аўтамабіляў павінен быць скарочаны на 55% для аўтамабіляў і на 50% для фургонаў у параўнанні з узроўнем 2021 года. З 2035 года ўзровень вугляродных выкідаў павінен быць скарочаны на 100%», — гаворыцца ў дакуменце.
Да гэтага супраць экалагічных мер выступалі Італія, Балгарыя, Партугалія, Румынія і Славакія. Яны асцерагаліся, што ад забароны на дызельныя аўто могуць пацярпець такія вытворцы, як Ferrari і Lamborghini. Гэтыя краіны настойвалі на адтэрміноўцы па рашэнні да 2040 года.
Спрэчкі паміж сябрамі ЕС прывялі да таго, што краінам давялося пайсці на пэўны кампраміс. Машыны з рухавікамі ўнутранага згарання выпускаць пасля 2035-га ўсё ж зусім не спыняць, але яны павінны будуць выкарыстоўваць вугляродна-нейтральнае паліва, што не выкідае ў атмасферу дыяксіду вугляроду. Магчымай альтэрнатывай можа стаць вадарод.
Прадстаўнікі аўтаіндустрыі віталі дасягненне кампрамісу. «Наша галіна вітае ўпэўненасць у планаванні, якую дае сённяшняя вяха», — заявілі ў прэс-службе Еўрапейскага аб'яднання аўтавытворцаў Acea. Нейтральны з пункту гледжання тэхналогій падыход — гэта найлепшы спосаб дасягнуць кліматычных мэт, дадалі ў арганізацыі.
Каментары