Грамадства55

Указ пра «камісію па вяртанні» склалі так, каб ён нічога не гарантаваў. Вось што гэта даказвае

На гэтым тыдні ўказам Лукашэнкі была створана камісія для ахвотных вярнуцца на радзіму. Праўладныя СМІ падаюць гэта як крок насустрач тым, хто з'ехаў па палітычных матывах. Але рашэнні камісіі не даюць ніякага імунітэту. Якія прабелы ёсць ва ўказе і чаму звяртацца ў такую камісію небяспечна, «Нашай Ніве» адказалі юрысты сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі LegalHub

Калаж са скрыншотаў АНТ

Грамадзяне і звароты

У камісію, згодна з пунктам 2 указа, могуць звярнуцца грамадзяне, якія:

  • учынілі ў перыяд з 01.01.2020 да ўступлення ў сілу гэтага ўказа адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы, звязаныя са значнымі грамадска-палітычнымі падзеямі ў краіне;
  • асцерагаюцца вяртання ў Беларусь у сувязі са сваім магчымым дачыненнем да здзяйснення такіх правапарушэнняў.

«Ужо на гэтым этапе ўзнікае пытанне, якія адміністрацыйныя правапарушэнні і злачынствы «звязаны са значнымі грамадска-палітычнымі падзеямі»: няма ніякіх азначэнняў, крытэрыяў і пералікаў.

Нават калі дапусціць, што катэгорыя правапарушэнняў грамадзяніну зразумелая, не ясна, навошта распаўсюджваць усю гэтую працэдуру на большую частку адміністрацыйных правапарушэнняў (а ў шэрагу выпадкаў — і на злачынствы), па якіх і так ужо скончыліся тэрміны даўніны. Ніякія пакаранні за іх на грамадзяніна ў любым выпадку накладзены быць не могуць», — тлумачыць юрыст. 

У пунктах 3 і 4 указа апісваецца, што ў звароце, акрамя ўказання асабістых даных грамадзяніна і подпісу, павінна быць наступная інфармацыя:

  • аб прычынах ад'езду з Беларусі;
  • аб абставінах, у сувязі з якімі, як мяркуе грамадзянін, яго могуць прыцягнуць да крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці;
  • аб жаданні вярнуцца ў Беларусь;
  • аб гатоўнасці выконваць заканадаўства Беларусі;
  • аб гатоўнасці паважаць дзяржаўныя сімвалы і традыцыі;
  • аб гатоўнасці «свядома і актыўна» выконваць свой грамадзянскі абавязак;
  • калі размова ідзе аб учыненні правапарушэнняў, то аб чыстасардэчным раскаянні, гатоўнасці прынесці публічныя прабачэнні і кампенсаваць урон.

Да звароту павінна быць прыкладзена копія дакумента, які пацвярджае асобу, і іншыя дакументы па жаданні аўтара. Таксама могуць быць прыкладзены асабістыя даручальніцтвы, колькасць якіх не абмежавана, але адсутнічае і якая-небудзь працэдура прыцягнення такіх паручыцеляў.

Юрысты называюць гэта сімбіёзам яўкі з пакаяннем, чыстасардэчнага раскаяння і прашэння аб памілаванні.

«Аднак, у адрозненне ад яўкі з павіннай, прадугледжанай КК і КПК, якая гарантуе пры адсутнасці абцяжваючых абставін прызначэнне пакарання не звыш паловы максімальнага тэрміну, прадугледжанага КК, зварот не гарантуе ніякіх змякчэнняў проста ў сілу самога звароту.

Акрамя таго, яўкай з пакаяннем яно таксама прызнана быць не можа, таму што пададзена не належнаму органу», — гавораць юрысты.

Кіраўнік камісіі генпракурор Андрэй Швед. Фота: БелТА

Працэдура разгляду

Зварот разглядаецца камісіяй на працягу двух месяцаў з моманту паступлення (пры неабходнасці старшыня камісіі можа прадоўжыць тэрмін да 3 месяцаў).

Пры гэтым падчас разгляду камісія можа запытваць неабходную інфармацыю ў любых органаў, арганізацый і грамадзян, а таксама запрашаць прадстаўнікоў органаў і арганізацый, СМІ і любых іншых асоб на свае пасяджэнні.

«Не трэба забываць, што зварот службовых асоб, як і паведамленні СМІ, у адпаведнасці з артыкуламі 166, 170, 171 КПК, самі па сабе з'яўляюцца падставамі да завядзення крымінальных спраў (і, у адрозненне ад згаданай яўкі з павіннай, не даюць якой-небудзь палёгкі), — адзначае юрыст. —

Падчас запыту той ці іншай інфармацыі камісія можа паведаміць праваахоўным органам усе звесткі са звароту грамадзяніна, якія могуць справакаваць завядзенне крымінальнай справы».

Рашэнне камісіі і яго наступствы 

Найбольш неканкрэтная тая частка указа, якая датычыць рашэння камісіі, лічаць юрысты.

У пункце 8 прыведзены закрыты пералік магчымых рашэнняў камісіі (прымаецца толькі адно з іх):

  • чалавеку скажуць, што ў дачыненні да яго на дату звароту ў камісію няма пачатай адміністрацыйнай ці крымінальнай справы;

  • палічаць мэтазгодным адмяніць абраную ў дачыненні да чалавека меру стрымання або замяніць яе больш мяккай;

  • спыняць крымінальную ці адміністрацыйную справу;

  • паведамяць грамадзяніну аб яго працэсуальным стане па адміністрацыйнай ці крымінальнай справе.

«Закрытасць пераліку і магчымасць прыняць толькі адно з чатырох «рашэнняў» выглядае дзіўным і нелагічным, таму што пункты ў ім не ўзаемавыключальныя, а шэраг з іх увогуле не з'яўляецца па сваёй сутнасці «рашэннем», — кажуць юрысты LegalHub.

Узнікае шэраг пытанняў.

Калі ніякіх спраў у дачыненні да грамадзяніна няма, то пра якое ў прынцыпе прыняцце рашэння можа ісці гаворка? Ці можа камісія прыняць рашэнне і не інфармаваць грамадзяніна?

Калі нейкая крымінальная справа ў дачыненні да грамадзяніна ёсць, камісія можа праінфармаваць яго аб статусе, а па пытаннях вызвалення ад адказнасці і адмене/замене меры стрымання проста прамаўчаць?

Калі камісія палічыла мэтазгодным адмяніць ці замяніць меру стрымання, яна можа не паведамляць ніякую інфармацыю аб працэсуальным становішчы?

Калі камісія палічыла мэтазгодным вызваліць грамадзяніна ад адказнасці па адной справе, але палічыла ці не палічыла мэтазгодным адмяніць меру стрымання па іншай справе, як яна можа ў сваім рашэнні прыняць адно рашэнне?

«І гэта толькі частка пытанняў проста лагічнага характару, якія ўзнікнуць, калі хтосьці ўсё ж звернецца ў камісію. Далей узнікае пытанне наконт юрыдычнай сілы і наступстваў вышэйпрыведзеных «рашэнняў» камісіі». 

Па-першае, ва ўсіх выпадках, акрамя рашэння аб інфармаванні грамадзяніна аб яго працэсуальным становішчы па справе, рашэнне камісіі спараджае абавязак грамадзяніна вярнуцца ў Беларусь на працягу трох месяцаў (нават калі яго проста праінфармавалі аб тым, што ніякіх спраў у дачыненні да яго няма), а калі грамадзянін не вярнуўся, «рашэнне» губляе сілу.

Адзін з членаў камісіі Дзмітрый Баскаў

«Пры гэтым наогул не зразумела, як можа страціць сілу рашэнне аб інфармаванні пры адсутнасці ў дачыненні да грамадзяніна спраў», — кажа юрыст.

Па-другое, рашэнні аб мэтазгоднасці адмены/змянення меры стрымання або спынення справы/вызвалення ад крымінальнай адказнасці не азначаюць самі па сабе адмену/змяненне/спыненне/вызваленне.

«Камісія толькі накіроўвае рашэнні ў адпаведныя органы, якія павінны іх разгледзець і паведаміць пра вынікі камісіі на працягу трох дзён. Пры гэтым, аб выніках гэтага разгляду ні органы, ні камісія не абавязаны апавяшчаць самога грамадзяніна.

Больш за тое, якім чынам гэтыя органы могуць разгледзець рашэнні камісіі, не прадугледжанай ніводным працэсуальным кодэксам, наогул не зразумела.

З юрыдычнага пункту гледжання, усе гэтыя рашэнні не маюць ніякага значэння ні для судоў, ні для праваахоўных органаў», — тлумачыць юрыст. 

Рашэнняў аб змяненні ці адмене меры стрымання з умовай вяртання грамадзяніна ў Беларусь КПК не прадугледжвае: рашэнне проста прымаецца ці не прымаецца.

Аналагічным чынам паступаюць са спыненнем спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях або вызваленнем ад крымінальнай адказнасці: нельга ў адпаведным рашэнні напісаць, што яно прынята, калі грамадзянін вернецца, але не прынята, калі не вернецца.

Па-трэцяе, прыняцце названых рашэнняў «аб мэтазгоднасці» або аб адсутнасці спраў на момант звароту нічога не гарантуе для грамадзяніна.

Ва ўказе няма забароны на прыцягненне да адказнасці ў рамках існуючых (і будучых) спраў з прычыны рашэння камісіі.

«Ёсць толькі вельмі зыбкая агаворка аб тым, што ў дачыненні да грамадзян, якія вярнуліся ў Беларусь на працягу трох месяцаў, «прыняцце неабходных працэсуальных рашэнняў па правапарушэннях дапускаецца выключна са згоды генеральнага пракурора або асобы, якая выконвае яго абавязкі». Сама па сабе фармулёўка «неабходныя працэсуальныя рашэнні па правапарушэннях» пакідае масу пытанняў.

Ці адносіцца гэта, напрыклад, да тых правапарушэнняў, якія былі выяўлены пасля рашэння камісіі? Якія працэсуальныя рашэнні лічацца неабходнымі, а якія не? А калі раптам акажацца, што камісія рашэнне прыняла, а асабіста генеральны пракурор быў супраць, ён аднаасобна можа забяспечыць прыцягненне да адказнасці грамадзяніна, які вярнуўся, без уліку меркавання камісіі?

Пры любым з адказаў на ўсе гэтыя пытанні якія-небудзь гарантыі залежаць не ад імператыўных нормаў заканадаўства, а толькі і выключна ад волі нават не камісіі, а генеральнага пракурора», — тлумачыць юрыст. 

Якія высновы можна зрабіць?

  • Сам змест указа і факт адсутнасці якіх-небудзь паўнамоцтваў камісіі ў працэсуальных кодэксах робіць яе рашэнні не больш чым рэкамендацыяй.
  • Генеральны пракурор мае паўнамоцтвы, якія здольны перакрэсліць любое рашэнне камісіі, не парушыўшы пры гэтым прапісаную ва ўказе працэдуру. Значыць, грамадзянін, якія пагаджаецца ўдзельнічаць у гэтай працэдуры, фактычна давярае гэтай канкрэтнай службовай асобе.
  • Не выключана, што дзяржава вырашыла стварыць некаторы аналаг таксама вельмі дрэнна працуючай працэдуры дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве, якое заключаецца ў рамках крымінальнага працэсу з падазронымі/абвінавачанымі. Але калі ў дасудовай дамове адсутнасць якіх-небудзь гарантый і залежнасць выключна ад волі пракурора і суда тлумачыцца тым, што падазраваны/абвінавачаны і так знаходзіцца цалкам ва ўладзе органаў крымінальнага пераследу і яму застаецца толькі спадзявацца на добразычлівасць, то ў выпадку з камісіяй аддацца на ласку пракурора прапануецца людзям, якія маюць прастору для выбару.
  • Не існуе ўвогуле ніякага імунітэту ад будучага пераследу, у тым ліку па старых фактах, выяўленых ужо пасля рашэння камісіі. 

«З улікам усіх вышэйзгаданых нюансаў, у сувязі з адсутнасцю хоць нейкіх гарантый, зварот у гэтую камісію і, тым больш, вяртанне ў Беларусь пры любым з яе рашэнняў вельмі небяспечныя і непрадказальныя крокі, якія мы не рэкамендуем рабіць нікому з грамадзян Беларусі», — падсумоўваюць юрысты. 

Чытайце таксама: 

«Дазвол будзе дзейнічаць 3 месяцы». Швед патлумачыў падрабязнасці працы камісіі па «вяртанні на радзіму»

Прапагандысты прапануюць уключыць у камісію Шведа псіхолага — каб ацэньваў шчырасць пакаяння

Швед супакойвае: Калі камісія прызнае, што да чалавека прэтэнзій няма, то нешта супраць яго рабіць можна толькі са згоды генпракурора

Апублікавалі склад камісіі, якая будзе вызначаць лёс «збеглых». Ён дэманстратыўна адыёзны

Пракуратура заявіла пра першы зварот у «камісію для эмігрантаў». А гэта была рэдактарка «Белсата»

Каментары5

  • Smalensk
    10.02.2023
    хватит уже переливать из пустого в порожнее об этой комиссии...

    неужели вам недостаточно того факта, что в комиссии есть подозреваемый в соучастии в умышленном убийстве по предварительному сговору группой лиц?
  • Абу
    10.02.2023
    Прыгадваецца застаўка Саус Парка: "Гэты мультфільм не рэкамендуецца глядзець нікому".
  • FBJ
    10.02.2023
    зачем вообще это лайно обсуждать? типичный совковый подход вычислить тех кто не попался. напишите в комиссию навсегда останетесь в базе неблагонадежных, ни работы ни чего приличного не сможете иметь в лукляндии,

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА1

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

«Амбасада Беларусі парасла травой. Але Нацгвардыя ўсё яшчэ там патрулюе». Беларус расказаў пра тыдзень у Кіеве4

Полк Каліноўскага абвясціў калядную акцыю для дзяцей загінулых ваяроў2

Ва Украіне ў падпольнай друкарні знайшлі пячатку Міністэрства абароны Беларусі1

Амаль усе спарынг-партнёры Лукашэнкі заявілі, што сабралі 100 тысяч подпісаў4

Алекс Кансані стала першай трансгендарнай жанчынай, якая атрымала тытул «Мадэль года»5

Вынеслі прысуд па ДТЗ пад Магілёвам, дзе загінулі тры чалавекі

Фрыдман: Лукашэнка разумее, што фізічна не паспее перадаць уладу Колю25

У расійскім палоне загінуў мэр украінскага горада. Ён фактычна памяняў сваё жыццё на жыцці рабочых4

Дрон ударыў па будынку спецназа ў Грозным2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА1

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →