«Мегазадача Белоруссия». Як Раскамнагляд цэнзуруе беларускі інтэрнэт
Беларускія «Кіберпартызаны» ўзламалі ўнутраную сетку Галоўнага радыёчастотнага цэнтра (уваходзіць у структуру Раскамнагляда) і выпампавалі адтуль каля 1,2 тэрабайта даных. Сярод дакументаў і перапісак аб публікацыях расіян і расійскіх сайтаў выданне «Медыязона» выявіла таксама патрабаванні да беларускіх СМІ выдаліць матэрыялы: напрыклад, пра страты сярод расійскіх вайскоўцаў на вайне ці пра акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі. «Медыязона» вывучыла, як менавіта інструмент расійскай цэнзуры ўплывае на інфармацыйную карціну для беларусаў.
Цэнзура. «Мегазадача Белоруссия»
Сярод даных, якія хакеры перадалі «Медыязоне», ёсць лісты, справаздачы, даклады, рашэнні і пазнакі «праблемных» публікацый.
У ліпені 2022 года ва ўнутранай перапісцы аднаго з аддзелаў Раскамнагляда з'явілася тэма на некалькіх дзясятках лістоў пад назвай «Задача Белоруссия». У рамках «задачы» супрацоўнікі РКН вялі табліцу, адсочваючы тысячы публікацый на беларускіх сайтах.
У жніўні 2022-га ў адным з лістоў з дакладам аб змене апісаная «Мегазадача Белоруссия»: кожнай змене было прадпісана правяраць па 205 электронных адрасоў, а пры праверцы рабіць упор на «СВА». Дэдлайн — 9 жніўня 2022-га. Прамежкавы вынік гэтага маніторынгу ў гугл-табліцах даступны ўсім карыстальнікам у інтэрнэце па спасылцы.
У табліцы, якая мільгала ў ліставанні супрацоўнікаў РКН у сярэдзіне жніўня, ёсць слупок, дзе насупраць сайтаў стаіць пазнака «Так (фэйк СВА)». Выніковы «статус» гэтых сайтаў вызначаўся слупком, у якім адна з опцый была «накіраваная ў Генпракуратуру Расіі».
Вось некаторыя сайты, якія былі адзначаныя такім маркерам: mediazona.by, btvsat.eu, euroradio.by, flagshtok.info, baj.by, gazetaby.media, naviny97.by і іншыя.
Раскамнагляд унёс у рэестр публікацыю «Народнай волі» пад назвай «Вайна супраць Украіны раскалола сілавікоў Пуціна», у якой пераказвалася інтэрв'ю даследчыка Хрыста Грозева. На гэты момант артыкул не даступны.
Пасля абмеркавання, унясення ў рэестр і патрабавання аб выдаленні з брэсцкага сайта Tomin.by знік артыкул «Сітуацыя ва Украіне і спецаперацыя Расіі на Данбасе: што адбываецца цяпер».
«Медыязоне» ўдалося знайсці абмеркаванне артыкула пра расійскіх дэсантнікаў на ўкраінскай вайне spasemstranu.com. У дыялогу супрацоўнікі спрабавалі «ўзгадніць дзеянні па рэсурсе». Ведамства выявіла ў ім звесткі «аб асабовым складзе» вайскоўцаў РФ. Рыторыка сайта пазначаная як «антырасійская».
З сайта Ex-press.by знік перадрук расследавання праекта «Схемы» «З кім ваюе Украіна: расійскае войска ў асобах», бо інфармацыя пра страты расійскіх салдат у Расіі складае «дзяржаўную таямніцу».
На сайце Intex-press не даступны матэрыял «Якія даныя пра страты прыводзяць ва Украіне і Расіі на 22 красавіка», які «не адпавядае афіцыйнай пазіцыі Мінабароны РФ».
На сайце навін Telegraf.News цяпер няма артыкула «Жыхары захопленых Бярдзянска, Херсона і Энергадара выйшлі на пратэсты супраць акупацыі. Як адрэагавалі расійскія вайскоўцы?».
На сайце газеты «Беларусы і рынак» больш няма матэрыялу пра расійскія страты падчас вайны ва Украіне. У заўвазе напісана, што «пазначаная ў артыкуле інфармацыя не адпавядае афіцыйнай пазіцыі Міністэрства абароны РФ».
Сачэнне. «Канспіралагічныя тэорыі» і «стан Пуціна»
Раскамнагляд карыстаецца сэрвісам Brand Analytics, каб збіраць звесткі пра карыстальнікаў сацсетак, у тым ліку і пра беларусаў. Даныя, якія гэтая сістэма аналітыкі збірае ў асобную табліцу для РКН: дата паста; ягоны тэкст; сацсетка, у якой быў напісаны; спасылка на паведамленне; імя карыстальніка; спасылка на асабісты профіль; пол; узрост; горад пражывання; мова паведамлення; колькасць лайкаў і рэпост. Акрамя таго, сістэма ацэньвае «танальнасць» і «агрэсіўнасць» паведамлення.
Напрыклад, у чэрвені на мэйл Галоўнага радыёчастотнага цэнтра (у структуры Раскамнагляда) адпраўлена сутачная справаздача за 9—10 чэрвеня пад назвай «Канспіралагічныя тэорыі, звязаныя з забабонамі і прадказаннямі». У справаздачы ўтрымліваецца 3 445 паведамленняў. Каля 70 — ад беларускіх карыстальнікаў «Аднакласнікаў», «УКантакце» і суполак у тэлеграме.
Збіраюць і фарміруюць у справаздачы таксама інфармацыю па тэмах «Крытычны стан прэзідэнта РФ У.У. Пуціна», «Агульны крызіс расійскай эканомікі», «Знішчэнне сацінфраструктуры», «Забойства мірнага насельніцтва», «Страты асабовага складу і тэхнікі» і іншыя.
У справаздачы «Ядзерная вайна» сабраныя каментары ад дзясятка асабістых акаўнтаў з Беларусі, суполак «ImhoCLub Беларусь», «НОД Гомель», «Sputnik Беларусь».
Сістэма працуе не ідэальна і часам дапускае памылкі, уключаючы ў справаздачу нечаканыя вынікі. Напрыклад, у справаздачу «Заклікі» за 31 мая 2022 года трапіў пост пра ўрок танцаў і рэпост рэцэпта торта, які зрабіла жыхарка Паставаў.
Мяркуючы па справаздачы, апублікаванай у студзені 2022 года, РКН пачаў выкарыстоўваць гэтую праграму ў канцы 2021 года. З яе дапамогай «фармаваліся падрабязныя графікі па развіцці інфармацыйнай сітуацыі вакол пратэстаў у Казахстане».
Забаронена гаварыць у Расіі. Суіцыд
Дзякуючы ўцечцы, ад «Кіберпартызанаў» стала даступная ўнутраная перапіска супрацоўнікаў Раскамнагляда.
У ліпені 2020 года супрацоўнікі нагляднай службы пераслалі адзін аднаму па пошце табліцу з рашэннямі па публікацыях, якія ўтрымліваюць «заклікі да самагубства». Напрыклад, у табліцы ёсць пост з пабліка ва «УКантакце» «Надзвычайнае здарэнне Беларусь | Даведайся першым» пра трагедыю на вуліцы Грыбаедава ў Мінску, калі з акна шматпавярховіка выкінуўся мужчына з маленькім дзіцем.
У некалькіх лістах, якія апынуліся ў распараджэнні хакераў, абмяркоўвалася ўнясенне ў рэестр сайтаў з забароненай інфармацыяй беларускага сайта навін Telegraph news — за артыкул пра гродзенца, які павесіўся ў 2015 годзе. Пазначана, што ў сайта нізкая наведвальнасць, а Беларусь «уваходзіць у пералік краін для ўзгаднення абмежаванняў (па рашэнні АП)». На гэты момант артыкул на сайце не даступны.
У табліцы ёсць яшчэ шмат прыкладаў, калі РКН патрабаваў ад беларускіх паблікаў, медыя і нават МУС выдаліць інфармацыю, так ці інакш датычную да суіцыду, трукаў на хмарачосах, уцягвання непаўналетніх у злачынствы. У кастрычніку 2021 года гэта закранула праўладнае выданне «Sputnik Беларусь»: супрацоўнікі РКН у перапісцы па пошце абмяркоўвалі ўнясенне ў рэестр паста аб колькасці ахвяр шутынгу ў Пермскім універсітэце. Нягледзячы на прапанову ўнесці яго ў рэестр, пост усё яшчэ даступны.
З сайта газеты «Мінская праўда», па ўсёй бачнасці, быў выдалены артыкул «Што гаворыць мама дзяўчынкі, якая скочыла з акна санаторнай школы ва Уздзе».
У маі 2022 года ў артыкуле «Анлайнера» за 2018 год пра трукі руферы на хмарачосах РКН знайшоў інфармацыю аб «незаконным пранікненні на ахоўны аб'ект і ўцягванні непаўналетніх у небяспечны занятак, які ўяўляе пагрозу для іх здароўя і жыцця». Яна прызнана забароненай рашэннем Федэральнага агенцтва па справах моладзі. Цяпер артыкул недаступны.
У 2019 годзе РКН прызнаў забароненым ролік на канале ГУУС Мінгарвыканкама пад назвай «Сталічныя аператыўнікі прадухілілі суіцыд». Прычынай стала наяўнасць у ім «выявы чалавека, які сядзіць на краі акна, што дэманструе магчымы спосаб здзяйснення самагубства». У гэты момант відэа недаступнае.
У кастрычніку 2022 года ў РКН абмяркоўвалі артыкул «Еўрарадыё» 2018 года пра полацкага прапаршчыка, які стрэліў сабе ў сэрца. На думку ведамства, у назве артыкула і ў ім самім быў апісаны спосаб здзяйснення самагубства. Згодна з даведкай РКН, прыкладзенай да перапіскі супрацоўнікаў, рыторыка рэсурсу ў дачыненні да «дзейнага беларускага ўрада — апазіцыйная». Супрацоўнікі ў перапісцы прапанавалі «адпрацаваць гэтую заяўку фармальна«, бо ўвесь сайт «Еўрарадыё» да таго моманту быў заблакаваны ў Расіі.
У ведамства ўзніклі прэтэнзіі і да сайта дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» — з-за фатаграфіі дзяўчыны, якая скача з даху будынка. Расійскія спецыялісты вызначылі рыторыку фонду як «нейтральную», нягледзячы на тое, што дырэктарка фонду выклала ў сацсеткі відэа пад назвай «Калі наступіць мір ва Украіне», дзе яна разважае пра падзел грамадства. «Рызыку грамадскага рэзанансу ў выпадку абмежавання доступу «спецыялісты РКН адзначылі як «нізкія».
Так як Беларусь уваходзіць у спіс краін для ўзгаднення абмежавання доступу, то спецыялісты звярнуліся па каментарый. У адказ «беларускі бок» даслаў наступнае: «Можаце блакаваць. Яны часта займаюць крайнюю агрэсіўную пазіцыю». Якую менавіта «крайнюю агрэсіўную пазіцыю» займае дабрачынны фонд, не ўдакладняецца. Нягледзячы на ўзгадненне ўнясення ў рэестр, сайт у ім не значыцца.
Даведка на міністра і забароненыя яблыкі
На сайце Flagma.by Раскамнагляд знайшоў аб'яву аб продажы польскіх яблык. Ведамства палічыла гэта інфармацыяй аб «магчымасці набыцця санкцыйных прадуктаў». Акрамя таго, з-за ўцечкі аказаўся даступны дакумент, зроблены па запыце Таццяны Дзяніскінай, начальніка аднаго з аддзелаў Раскамнагляда.
У чэрвені 2021 года ёй была адпраўленая даведка на міністра інфармацыі Беларусі Уладзіміра Пярцова. Акрамя месцаў працы, там пазначана, што ён зяць былога міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. У дакуменце гаворыцца, што Лукашэнка ахарактарызаваў Пярцова як аднаго з вядучых «палітыкаў і палітолагаў», але «мясцовая апазіцыя адзначала, што выбар на карысць Пярцова быў зроблены не з-за яго прафесіяналізму, а выключна з-за абсалютнай лаяльнасці кіраўніку беларускай дзяржавы», асноўнай яго задачай было «выбудоўванне новай дзяржаўнай ідэалогіі», а шэраг «апазіцыйных спікераў» палічыў яго «правадніком «рускага свету».
У чэрвені 2022 года Пярцоў сустракаўся з прадстаўнікамі Раскамнагляда.
Каментары