У Расіі збіраюцца выпускаць уласныя мінівэны. Толькі паглядзіце, як яны выглядаюць і за колькі будуць прадавацца
У Расіі прэзентавалі васьмімесны мінівэн на базе «Лада Гранта». Гэта ўжо другі мінівэн уласнай распрацоўкі, выпуск якога плануюць пачаць да новага года.
Новую мадэль прадставіла прадпрыемства «Прамысловыя тэхналогіі», якое займаецца выпускам фургонаў і груза-пасажырскіх версій на базе мадэляў Lada. Мінівэн мае назву Granta Kub. Каб зрабіць з легкавіка васьмімесны мінівэн, інжынерам давялося амаль на паўтара метра павялічыць колавую базу і ўсталяваць пнеўматычную падвеску на тыльную вось.
Пярэдняя частка Lada Granta Kub — гэта звычайная Granta.
Granta Kub будзе даступная не толькі ў васьмімеснай, але і ў пяцімеснай версіі. Вытворцы абяцаюць, што першыя мінівэны на базе Granta паступяць у продаж у снежні. Старт продажаў васьмімеснага мінівэна запланаваны на люты наступнага года. У Расіі такія аўтамабілі ў залежнасці ад версіі будуць прадаваць па цэнах ад 28 да 29 тысяч даляраў.
Апошнім часам звычайныя Granta ў Беларусі прадавалі па цэнах каля 18 тысяч даляраў. А ў 2018 годзе — ад 7500 да 10 500 даляраў, у залежнасці ад версіі і камплектацыі.
Гэта не першы такі мінівэн, які плануюць запусціць у продаж да канца года. У кастрычніку «Прамысловыя тэхналогіі» ўжо паказвалі дзевяцімесны мінівэн, пабудаваны на базе Lada Niva.
Дзевяцімесны мінівэн атрымаў назву Niva KUB NN. Тады цэны на поўнапрывадны мінівэн прадпрыемства не называла. У планах кампаніі — выпускаць па 500 такіх аўто штогод.
Ці з'явяцца такія мінівэны ад «Лады» і «Прамысловых тэхналогій» у продажы ў Беларусі, пакуль невядома. Летась аўтамабілі маркі «Лада» занялі першае месца па колькасці прададзеных у нас новых аўто.
Каментары