З 1970-га года сусветная папуляцыя дзікіх жывёл скарацілася на 69%. Усяму віной высечка лясоў, забруджванне акіяна і змены клімату. У цэлым дзікіх жывёл на планеце з кожным годам становіцца на 2,5% менш. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на справаздачу Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF).
Эксперты прааналізавалі стан 32 тысяч папуляцый дзікіх жывёл, якія ўключаюць больш за пяць тысяч відаў.
Мацней за ўсё пацярпелі жыхары Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Там за паўстагоддзя папуляцыі скараціліся на 94%. Напрыклад, ружовых рачных дэльфінаў у бразільскай Амазоніі стала менш на 65%. Іх колькасць рэзка ўпала ў перыяд з 1994-га па 2016-ы год.
Па словах экспертаў WWF, прырода знаходзіцца ў адчайным становішчы і руйнуецца. Фонд заклікае развітыя краіны больш траціць на праграмы па захаванні біяразнастайнасці планеты.
Каментары