«Абмянялі нацыстаў на кума», «насралі на галаву». У расійскіх пабліках гнеў і разгубленасць
Учора стала вядома пра вызваленне 215 украінскіх палонных, у тым ліку 108 абаронцаў «Азоўсталі». Сярод іх — галоўныя камандзіры «Азова». Навіна стала нагодай для радасці ва Украіне і сапраўдным шокам для расійскіх шавіністаў. Тым больш, што азоўцаў памянялі на кума Пуціна, грамадзяніна Украіны, алігарха Медзведчука. Паглядзелі, што ў Расіі і Украіне казалі пра магчымы абмен азоўцаў раней і як рэагуюць цяпер.
Што адбылося
Серада 21 верасня пачалася з «маланкі» — аб’яўлення ў Расіі мабілізацыі, што стала першым шокам для расіян, якім увесь час казалі, што ва Украіне «ўсё ідзе па плане».
Скончыўся дзень таксама топавай навіной: вызваленыя 215 украінцаў, расіянам па абмене перадалі Медзведчука. Як паведаміў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак, 108 з 215 украінскіх вайскоўцаў — абаронцы «Азоўсталі».
«Мы абмянялі 200 нашых герояў на Медзведчука, які ўжо даў усе магчымыя паказанні следству. А 5 герояў — камандзіраў «Азоўсталі» — на 55 расійскіх палонных, якія не маюць для нас ніякай цікавасці», — паведаміў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.
У лік абмяняных патрапілі галоўныя камандзіры «Азова» — Дзяніс Пракапенка «Радыс», Святаслаў Паламар «Каліна» і Сяргей Валынскі «Валына».
Чытайце таксама: Футбольны фанат без вайсковай адукацыі. Хто такі Дзяніс Пракапенка, які камандуе гераічнай абаронай Марыупаля
Больш за тое, Расія адпусціла 10 ваеннапалонных — грамадзян розных краін, у тым ліку траіх асуджаных на смерць «судом ДНР» — брытанцаў Шона Пінэра, Эйдэна Асліна і мараканца Саадуна Брагіма.
Гэта стала галоўнай навіной ва ўкраінскіх СМІ. Расійскія дзяржаўныя СМІ пра абмен амаль паўсутак проста маўчалі.
Як раней каментавалі магчымы абмен азоўцаў?
Вызваленне палонных азоўцаў было адной з галоўных мэт для ўкраінскіх уладаў. Украінскія ўлады скупа паведамлялі, што робяць усё для вызвалення.
Расійская ж прапаганда ўвесь час нагнятала істэрыю вакол азоўцаў.
Яшчэ ў маі кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі «ДНР» Дзяніс Пушылін заявіў, што ўсе ўкраінскія вайскоўцы, якія здаліся ў палон на заводзе «Азоўсталь» у Марыупалі, знаходзяцца на тэрыторыі «ДНР», дзе іх аддадуць пад трыбунал. Паводле расійскіх СМІ, у палон здаліся каля 2500 чалавек.
Кіеў адразу заявіў, што «азоўцы» будуць абмененыя на расійскіх палонных, а трыбунал над кадравымі вайскоўцамі УСУ — незаконны.
А вось Леанід Слуцкі, старшыня камітэта Дзярждумы па міжнародных справах і кіраўнік фракцыі ЛДПР, удзельнік на той час перамоўнага працэсу, паабяцаў, што ў Маскве вывучаць магчымасць абмену на «азоўцаў» затрыманага раней Віктара Медзведчука.
Але словы Слуцкага патанулі ў абурэнні.
Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін заявіў, што ўзятых у палон «ваенных злачынцаў» нельга абменьваць, іх неабходна судзіць. «Нацысцкія злачынцы не павінны падлягаць абмену. Гэта ваенныя злачынцы, мы павінны рабіць усё для таго, каб яны паўсталі перад судом», — сказаў Валодзін.
На гэтым жа настойвалі прапагандысты, у тым ліку Уладзімір Салаўёў.
«Выйсці такімі рок-зоркамі, каб іх цяпер памянялі на нейкага Меведчука? Украінскага грамадзяніна… Калі зараз мы пачнём гуляцца з гэтай хворай тэмай, народ нам гэтага не даруе», — нагнятаў Салаўёў.
Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў таксама выказаў сумненне наконт магчымасці абмену ўкраінскага палітыка Віктара Медзведчука на вайскоўцаў батальёна «Азоў».
Ён адзначыў, што Медзвядчук — украінскі грамадзянін, які не мае дачынення да РФ і не з'яўляецца вайскоўцам. «Таму Медзвядчук і нацыяналісты, якія здаліся ў палон у Марыупалі, — гэта дзве розныя катэгорыі асоб, і ў гэтай сітуацыі наўрад ці можна абмяркоўваць нейкія абмены», — сказаў ён.
Аленаўка
29 ліпеня ў Аленаўцы на Данбасе здарылася трагедыя. 53 украінскія палонныя загінулі пры выбуху ў бараку за 10 км ад лініі фронту. Пры гэтым не загінуў ніводзін канваір. Украінцы заявілі, што ўдар інсцэніравала Расія і што мела месца адно з самых страшных ваенных злачынстваў за ўвесь час вайны.
У чаканні «трыбунала»
На пачатку жніўня Дзяніс Пушылін заявіў, што самаабвешчаная «ДНР» рыхтуецца правесці «трыбунал» над украінскімі ваеннапалоннымі ў Марыупалі. «Трыбунал непазбежны, і адзін з першых трыбуналаў будзе ў Марыупалі», — заявіў Пушылін.
Мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка заявіў, што расіяне могуць правесці суд над украінскімі ваеннапалоннымі ў Дзень незалежнасці Украіны, 24 жніўня, што на сцэне мясцовай філармоніі ўжо паставілі турэмныя клеткі, і мабыць, там «трыбунал» і пройдзе.
Былі апублікаваныя фоты клетак, якія ўражвалі грунтоўнасцю канструкцыі.
Уладзімір Зяленскі адказаў на гэта коратка. Ён заявіў, што «трыбунал» над украінскімі ваеннапалоннымі «адрэжа Расію ад перамоваў».
«Калі гэтае агіднае судзілішча адбудзецца, калі нашых людзей у парушэнне ўсіх дамоўленасцей, усіх міжнародных правіл завядуць у гэтыя дэкарацыі, будзе здзек, гэта стане той лініяй, пасля якой любыя перамовы немагчымыя. Расія сама сябе адрэжа ад перамоваў», — заявіў 22 жніўня Зяленскі.
Пушылін адразу адказаў, што заявы Зяленскага не сарвуць правядзенне «трыбунала» ў Марыупалі.
Спікер расійскай Дзярждумы Валодзін 23 жніўня таксама зрабіў заяву, што «хутка адбудзецца трыбунал над нацыстамі». «Перад ім павінны паўстаць ваенныя злачынцы, якія забівалі, гвалтавалі, знішчалі і трымалі ў страху мірнае насельніцтва Данбаса.
Важна, каб судовае паседжанне было публічным. Усе яго чакаюць», — напісаў ён у тэлеграме.
«Трыбунал» у жніўні не адбыўся.
У верасні з’явілася яшчэ адна знакавая навіна наконт абмену, пра якую раней у публічнай прасторы не казалі. Зяленскі заявіў, што падтрымае ідэю аднаўлення экспарту расійскага аміяку праз Украіну ў выпадку, калі Масква верне ўкраінскіх ваеннапалонных.
У Крамлі гэтую прапанову Зяленскага адхілілі. «Хіба людзі і аміяк — гэта адно і тое ж?», — заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў ТАСС.
Здавалася, перамовы зайшлі ў тупік.
І вось 21 верасня нечаканая навіны — вызваленне палонных.
Як адрэагавалі паблікі?
Абурэнне — галоўнае пачуццё, якое пануе ў расійскіх шавіністычных пабліках. І, зразумела, зусім іншае — у іх праціўнікаў. Вось даволі тыповыя каментарыі.
Ну і Ігару Гіркіну (Стралкову) сапсавалі яго асабістае свята — дзень абвяшчэння мабілізацыі.
«Гэта горш, чым злачынства… і горш, чым памылка. Гэта — непраходнае глупства. Або — адкрытае шкодніцтва. Зрабіць гэта хаця б за пару дзён да ўказа прэзідэнта да мабілізацыі, відаць, нельга было….
Ведаеце, як гэта выглядае? А так: выйшлі да народа, заклікалі «пастаяць за зямлю рускую», а потым… а потым тым, хто адгукнуўся, насралі проста на галаву. Адкрыта, глумліва, са смяшкамі і прымаўкамі.
Ніяк інакш асабіста я такую «міратворчасць» у дзень абвяшчэння мабілізацыі ўспрымаць не магу», — напісаў ён.
Каментары