10 ваеннапалонных з розных краін, якія змагаліся падчас вайны за Украіну, вызваленыя з расійскага палону. Дабіцца гэтага ўдалося пры пасярэдніцтве наследнага прынца Саудаўскай Аравіі, піша Reuters.
Афіцыйны прадстаўнік Саудаўскай Аравіі паведаміў, што ў спіс вызваленых патрапілі грамадзяне ЗША, Вялікабрытаніі, Швецыі, Харватыі і Марока.
Самалёт з былымі зняволенымі ўжо прызямліўся ў Саудаўскай Аравіі. Сярод іх — пяцёра брытанцаў, мараканец, швед, харват і двое грамадзян ЗША. Пасля праходжання неабходных працэдур яны адправяцца ў свае краіны. Імёны вызваленых з палону і іншыя падрабязнасці ўлады Саудаўскай Аравіі не раскрываюць.
Нагадаем, што грамадзяне Вялікабрытаніі Эйдэн Аслін і Шон Пінэр былі прысуджаны ў «ДНР» да смяротнага пакарання. Пры гэтым у Крамлі заяўлялі, што яны нібыта найміты, а не вайскоўцы, таму на іх міжнароднае права нібыта не распаўсюджваецца. Але гэта была толькі вольная інтэрпрэтацыя расійскага боку.
Міністр аховы здароўя Брытаніі пацвердзіў, што прысуджаны да смяротнага пакарання Эйдэн Аслін — сярод вызваленых.
Каментары