Эканоміка33

«Мы не можам выпусціць свой айфон». Што з імпартазамяшчэннем? 

Чыноўнікі рэгулярна рапартуюць пра поспехі ў сферы імпартазамяшчэння. Санкцыі, па іх словах, толькі адкрываюць новыя магчымасці для развіцця. А як на самой справе сітуацыя з імпартазамяшчэннем — ці ёсць зрухі ў апошнія гады і на якія перспектывы можна разлічваць?

Калі б нашы вытворцы маглі вырабляць тавары на ўзроўні імпартных, яны б і раней іх выраблялі

Акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова адзначае, што прынамсі на макраўзроўні ніякіх поспехаў у гэтым кірунку пасля ўвядзення санкцый няма, назіраецца толькі працяг падзення.

«Калі казаць пра імпартазамяшчэнне ў класічным разуменні, то добра будзе не для ўсіх. Гэта плюс для вытворцы, але ў той жа час — мінус для спажыўца. Шараговы спажывец у выніку проста заплаціць за тавар больш з прычыны таго, што мы нешта імпартазамясцілі», — адзначае эканаміст.

Тлумачыцца такая сітуацыя даволі проста. Калі б у нашых вытворцаў была магчымасць вырабляць тавары, такія ж па цане і якасці, як імпартныя, то мы б і раней іх выраблялі, а не чакалі, калі на нас накладуць санкцыі.

«Адсюль мы разумеем, што наш прадукт быў горшы ці даражэшы, чым яго імпартны аналаг, або, як гэта нярэдка бывае, ён быў горшым і даражэйшым адначасова».

Мяркуючы па статыстыцы, значных поспехаў у імпартзамяшчэнні ў апошнія 10 год не назіраецца. 

Так, па выніках 1 квартала бягучага года атрымалася, што доля беларускіх тавараў у продажах арганізацый гандлю ўпала да 9-гадовага мінімуму. Такім чынам, удзельная вага беларускай прадукцыі ў тавараабароце скарацілася да 58,2%. У 2013 годзе яна дасягала 70,9%, аднак цягам апошніх год гэта лічба паступова зніжалася. 

Найбольш заўважнае скарачэнне назіраецца ў нехарчовай групе тавараў: там доля айчыннай прадукцыі ў продажах за 9 год скарацілася з 55,2% да 38,9%.

Таксама за мінулыя гады асабліва не змяняўся баланс у суадносінах экспарту і аб'ёму прамысловай вытворчасці.

Па заявах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, у палях працуюць на сваёй тэхніцы. Імпартных трактароў толькі 4%, кормаўборачных камбайнаў — 12%, збожжаўборачных камбайнаў — 22%.

Часам імкненне да імпартзамяшчэння выліваецца ў просты падман. У 2021 годзе значную частку рынку занялі ўдзельнікі, якія прапаноўвалі «беларускія» ноўтбукі. Яны перамагалі на таргах за кошт атрымання прэферэнцыйнай папраўкі ў памеры 15%. Як высветліла пракуратура, кампанія пастаўшчыка забяспечвала замежныя платформы ноўтбукаў некалькімі дадатковымі платамі памяці (таксама замежнай вытворчасці) пад патрэбы заказчыка. Пры гэтым не выконваліся крытэрыі дастатковай перапрацоўкі замежнай прадукцыі для таго, каб даўкамплектаваныя ноўтбукі адносіліся да прадукцыі ўласнай вытворчасці, то-бок беларускай.

Пры гэтым, Барнукова адзначае, цяпер Беларусь знаходзіцца ва ўнікальным становішчы, калі з'явілася магчымасць заняцца імпартазамяшчэннем, атрымаўшы ад яго плюсы і практычна пазбягаючы мінусаў. Дамагчыся такога раскладу можна ў першую чаргу за кошт расійскага рынку.

«У такім выпадку менавіта расійскія спажыўцы будуць купляць тыя самыя больш дарагія і менш якасныя тавары. Для нашых жа вытворцаў такі расклад будзе азначаць, што ў іх з'явіцца магчымасць заняць нішы, якія вызваліліся», — кажа эканамістка.

«Мы не можам выпусціць свой Iphone»

Тым не менш, нягледзячы на тэарэтычна нядрэнную магчымасць, скарыстацца ёй не так проста, паколькі многае ўпіраецца ў нашы тэхналагічныя здольнасці. Значная частка галін, якія адкрыліся для айчынных вытворцаў, аказаліся высокатэхналагічнымі, і тут нам практычна няма чаго прапанаваць.

«У нас няма такіх тэхналогій і распрацовак, каб мы маглі заняць гэтыя нішы. Кажучы простымі словамі — мы не можам выпусціць свой Iphone або іншую высокатэхналагічную прадукцыю, паколькі нічога падобнага мы не вырабляем».

У траўні Мінэканомікі зацвердзіла і апублікавала пералік імпартазамяшчальнай прадукцыі, які мусіць стаць арыенцірам для бізнэсу (што вырабляць для краіны), і для банкаў (пад якія тавары выдаваць ільготныя крэдыты). Апублікаваны спіс налічвае больша за 2,5 тысячы пазіцый.

Там ёсць нямала пазіцый, якія Беларусь імпартавала на дзясяткі і сотні мільёнаў даляраў. Так, напрыклад, імпарт лекаў склаў больш за 400 мільёнаў даляраў, поліпрапілену — на 144 мільёны, шыны для аўтобусаў і грузавікоў — амаль на 100 мільёнаў, дзіцячых пялёнак і падгузкаў — амаль на 50 мільёнаў.

Агулам Беларусь і Расія вызначылі пералік сумесных праектаў у сферы імпартазамяшчэння з сумарным аб'ёмам фінансавання ў 1,3 мільярда даляраў.

Пры гэтым, заўважае Барнукова, ёсць сферы, у якіх нам ёсць, што прапанаваць і дзе ўжо назіраецца пэўны поспех.

«У першую чаргу, мы можам і ўжо нарошчваем аб'ёмы ў рэалізацыі больш простых тавараў, у першую чаргу спажывецкіх. З яркіх і папулярных прыкладаў можна назваць сітуацыю з «Бела-колай», якая з сыходам Coca-Cola змагла знайсці для сябе новыя рынкі збыту. Але гэта хутчэй выключэнне з правілаў, паколькі ў нас ужо была наладжаная вытворчасць, якая проста атрымала новы рынак збыту, у многіх іншых выпадках выйсці на новы рынак і заняць нішы, якія вызваліліся, куды складаней», — адзначае эксперт.

Барнукова звяртае ўвагу на тое, што немалаважным фактарам, які тармозіць працэс імпартазамяшчэння, з'яўляюцца санкцыі.

«Калі не казаць пра якія-небудзь дастаткова прымітыўныя рэчы, то ў любым прадукце ёсць пэўная доля імпарту. Таму шматлікія санкцыі таксама аказваюць не малы ўплыў на працэсы па наладжванні імпартазамяшчэння. Чым тавар тэхнічна складанейшы, тым складаней самастойна яго вырабляць, не разлічваючы на імпартныя дэталі і распрацоўкі.

А калі на нас накладвае санкцыі нават Тайвань, то прыходзіць разуменне, што калі цяпер мы ўкладзем шмат сіл і сродкаў, каб нешта развіць, то нашы магчымасці ўсё роўна застануцца абмежаванымі. Таму нягледзячы на тое, што нейкія магчымасці сапраўды адкрываюцца, скарыстацца імі можна далёка не ва ўсіх выпадках», — адзначае эксперт.

Яшчэ адна складанасць, з якой сутыкаецца беларуская эканоміка, заключаецца ў тым, што многія з тых пазіцый, якія трапілі пад санкцыі, папросту няма куды пераарыентаваць, паколькі на расійскім рынку яны не запатрабаваныя.

«Калій, драўніна, металы, цэмент — гэта ўсё не трэба ў Расіі, паколькі гэтага ўсяго ў іх хапае і без нас. І тут узнікае пытанне, куды перанакіраваць гэтыя вытворчасці, якія на макраўзроўні маюць досыць вялікае значэнне.

Трохі лепш ідуць справы з прадуктамі нафтаперапрацоўкі, яны карыстаюцца попытам у РФ, у гэтым кірунку ёсць зрухі. Але казаць дакладна пра аб'ёмы і прыбытковасць немагчыма, паколькі гэтая інфармацыя застаецца схаванай з абодвух бакоў».

Паглядзіце на Паўночную Карэю, Кубу і Іран

Што тычыцца сярэднетэрміновых перспектыў, то, на думку Барнуковай, асноўныя санкцыі ў адрас Расіі і Беларусі — гэта надоўга. А значыць працэс імпартазамяшчэння можа быць прыкметна расцягнуты ў часе.

«Наўрад ці варта думаць, што мы знаходзімся на той пазіцыі, калі можна разлічваць, што санкцыі (асабліва высокатэхналагічныя) будуць знятыя досыць хутка. Таму тут з'яўляецца пэўны сэнс у тым, каб інвеставаць у новыя вытворчасці, якія дазволяць замясціць тую ці іншую прадукцыю.

Тым не менш, казаць аб якім-небудзь развіцці эканомікі ў краінах, якія доўга знаходзяцца пад санкцыямі, не прыходзіцца. Калі ўзяць той жа Іран, Паўночную Карэю і Кубу, то мы ўбачым, што такое развіццё краіны, калі яна многія гады знаходзіцца пад санкцыямі. Санкцыі працуюць, але не маментальна. Таму адставанне будзе паступова назапашвацца. І ўсё гэта будзе адбываецца нягледзячы на тое, што нейкія рэчы сапраўды можна выгадна імпартазамясціць», — лічыць Кацярына Барнукова.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Санкцыі працуюць але на карысць каго?
    03.08.2022
    Дзякуючы санкцыям на наш рынак прыходзяць расейскія кампаніі і іх ужо большасць, а праз гады тут ужо ўсё будзе належыць Расеі на 100%.
  • Ын
    03.08.2022
    Лучшее экономическое объяснение импортозамещения, которое когда-либо слышал: 
    "Производитель выигрывает, потребитель проигрывает, суммарный проигрыш потребителя всегда больше суммарного выигрыша производител" (К.Сонин)
  • Нарачански
    03.08.2022
    Санкцыі працуюць але на карысць каго?,
    А зараз усё належыць сям'і агл, а ён належыць Расеі, так ці нешта будзе горш?

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Усе навіны →
Усе навіны

Якім будзе надвор'е ў першы тыдзень снежня1

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу50

«Дональд, як малады палітык, не разумее…» Што Лукашэнка раней казаў пра Трампа10

Жонка футбаліста зборнай параўнала цэны ў Zara ў Беларусі і Венгрыі16

Башар Асад вярнуўся ў Дамаск і рыхтуецца даць адпор паўстанцам16

Пратэсты ў Грузіі радыкалізуюцца: на вадамёты адказваюць феерверкамі і кактэйлямі Молатава23

Апошні рывок. Што будзе гэтай зімой на полі бою ва Украіне?2

Сяргей Бульба вінаваціць у арэндных праблемах сваёй арганізацыі мінулае кіраўніцтва. Тое ўсё адмаўляе19

У Лідскім раёне загарэўся цягнік2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Галоўнае
Усе навіны →