Грамадства44

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь

4 кастрычніка ў Варшаве прэзентавалі даклад «Скрадзенае дзяцінства: як беларускі рэжым сцірае ідэнтычнасць украінскіх дзяцей праз перамяшчэнне, перавыхаванне і мілітарызацыю». Выданне «Медыязона» азнаёмілася з дакументам і расказвае, што ўдалося высветліць праваабаронцам. Даклад быў падрыхтаваны арганізацыямі Freedom House, цэнтр па правах чалавека ZMINA, «Рэгіянальны цэнтр па правах чалавека», Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Belpol.

Экскурсія для дзяцей, перамешчаных з Украіны ў Беларусь, у вайсковай часці МУС, 2022 год. Фота: sb.by

Больш за дзве тысячы дзяцей

Аўтары дакладу сцвярджаюць, што з 2021 года ў Беларусь з акупаваных Расіяй абласцей Украіны былі вывезеныя 2219 дзяцей.

Усё пачалося з таго, што ў верасні 2021 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне «Аб арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей Данбаса». Менавіта тады ў Беларусь прывезлі першыя групы: 150 дзяцей з дзіцячых дамоў акупаванага Данецка размясцілі ў лагеры «Зубраня».

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе дзяцей сталі прывозіць часцей. Групы па некалькі дзясяткаў і нават сотняў чалавек размяшчалі ў лагеры «Дуброва» пад Салігорскам, санаторыі «Волма» ў Мінскай вобласці, рэабілітацыйным цэнтры ў Астрашыцкім Гарадку, санаторыі «Залатыя пяскі» ў Гомельскім раёне, рэабілітацыйным цэнтры імя Якуба Коласа ў Кобрыне, санаторыі «Дубровенка» пад Магілёвам, аздараўленчым цэнтры «Лясная паляна» ў Гродзенскай вобласці.

«Каб Байдэн здох, каб Зяленскі таксама». Што адбываецца з дзецьмі ў Беларусі

Аўтары дакладу сцвярджаюць, што пад выглядам лячэння і рэабілітацыі ўкраінскім дзецям у Беларусі расказваюць пра ідэі «рускага свету», іх перавыхоўваюць і мілітарызуюць.

Дзецям ладзяць сустрэчы з вайскоўцамі, сілавікамі і прапагандыстамі. Заняткі з імі праводзяць на рускай мове, транслюючы прапагандысцкія наратывы, расказваюць пра «калабарантаў-украінцаў» падчас Другой сусветнай вайны, пытаюцца, ці лічаць яны сябе расійскімі грамадзянамі.

У 2022 годзе дзяцей з Данецка і Марыупаля, якія жывуць у санаторыі «Волма», вазілі ў вайсковую частку спецназа УС РБ №3214. Там для дзяцей правялі канцэрт на пляцы. На фота з мерапрыемства яны трымаюць у руках зброю, а некаторыя стаяць у футболках з літарай Z, якая стала знакам падтрымкі вайны Расіі супраць Украіны.

Дзецям ладзяць сустрэчы з праўладнымі артыстамі і актывістамі, вайскоўцамі і міліцыянерамі — напрыклад, супрацоўнікамі ГУБАЗіК або інспектарамі па справах непаўналетніх. У студзені 2023 года на такой сустрэчы былі дзеці з акупаваных Горлаўкі і Лісічанска.

«Праграма такіх мерапрыемстваў звычайна вельмі падобная: службовыя асобы праводзяць для дзяцей экскурсію, паказваюць ім зброю і вучаць іх карыстацца ёй», — пішуць аўтары дакладу.

У кастрычніку 2022 года ў «Дуброве» перад дзецьмі выступалі сёстры Груздзевы.

«І дай Госпад сілы і магчымасці хутчэй вырашыць гэтую сітуацыю. Каб мы жылі ў міры. Каб Байдэн здох, Госпадзе, прабач мяне, каб Зяленскі таксама. А Пуцін квітнеў, і ўзяў кантроль над усёй Украінай», — сказала адна з сясцёр.

У красавіку 2023-га да дзяцей прыязджаў праўладны палітычны аналітык Аляксандр Шпакоўскі, а разам з ім — першы сакратар БРСМ Аляксандр Лук'янаў і ўдзельнікі салігорскага ваенна-патрыятычнага клуба «Крыніца».

З дзецьмі сустракалася вядомая даносчыца Вольга Бондарава і прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі. Мяркуючы па інфармацыі з паста Бондаравай, з падлеткамі, якія прыехалі на «рэабілітацыю» гаварылі пра «ЦІПСА», «рэферэндумы ў ЛДНР» і тое, «чым жывуць новыя рэгіёны Расіі».

У 2024 годзе перад дзецьмі з Украіны, якія павінны былі праходзіць лячэнне ў рэабілітацыйным цэнтры ў Астрашыцкім Гарадку, выступаў асабовы склад цэнтра падрыхтоўкі кадраў МУС.

Сярод тых, хто праводзіць час з дзецьмі, ёсць і іх аднагодкі з акупаваных тэрыторый, якіх «расійскія ўлады ўжо падвергнулі мілітарызацыі».

Праваабаронцы мяркуюць, што яны могуць аказваць на дзяцей дадатковы ўплыў. Напрыклад, восенню 2022 года ў санаторыі «Дуброва» адпачывала 15-гадовая дзяўчынка з Данецкай вобласці, удзельніца расійскай юнацкай вайскова-патрыятычнай арганізацыі «Юнармія», а ў Наваполацку — 17-гадовая ўдзельніца прапуцінскага «Руху першых».

Прапагандысты распытваюць дзяцей пра траўматычныя падзеі

Дзяцей з акупаваных абласцей Украіны рэгулярна паказваюць у дзяржаўных медыя. Як сказана ў дакладзе, прапагандысты задаюць дзецям на камеру пытанні пра абстрэлы, траўмы, часам даводзячы іх да слёз.

«Журналісты ў першую чаргу задаюць наводзячыя пытанні, звязаныя з траўматычнымі тэмамі: абстрэлы, пачуцці дзяцей ва ўмовах баявых дзеянняў, ці з'яўляюцца «разбітыя вокны» нормай і гэтак далей. Настойлівыя роспыты журналістаў патрабуюць дэталёвых успамінаў і аднаўлення траўматычных падзей», — сказана ў дакладзе.

Пры гэтым дзеці ў эфіры дзяржаўных медыя выкарыстоўваюць тэрміналогію афіцыйных уладаў Беларусі і Расіі, называючы вайну «СВА», гавораць пра тое, што «ўкраінскія баевікі» іх абстрэльваюць і што «Марыупаль пачынае адраджацца».

Беларуская прапагандыстка Ксенія Лебедзева пыталася ў дзяцей, расійскімі ці ўкраінскімі дзецьмі яны сябе лічаць. Дзеці адказвалі, што расійскімі, пры гэтым іх словы гучалі завучана, гаворыцца ў дакладзе.

«У адным з сюжэтаў інтэрв'юер адкрыта пытаецца ўкраінскага хлопчыка на камеру, ці пайшоў бы ён на вайну, калі б быў старэйшы. Хлопчык адказвае, што пайшоў бы, таму што «Украіна прыйшла на маю зямлю і забівае такіх, як я», — пішуць аўтары дакладу.

Ці даюць згоду бацькі

Як пішуць праваабаронцы, бацькі падпісваюць згоду на вываз дзяцей выключна ў «рэабілітацыйныя лагеры або лагеры адпачынку».

«Бацькі часта спрабавалі часова абараніць сваіх дзяцей ад наступстваў ваенных дзеянняў, такіх як абстрэлы, пазбаўленне харчавання і артылерыйскі агонь, усё горшымі і абмежаванымі магчымасцямі эвакуацыі ў прыфрантавых раёнах. Бацькі, як правіла, нават прапагандысцкім СМІ агаворвалі, што згода даецца толькі на часовае знаходжанне і адпачынак, а не на палітычную апрацоўку і мілітарызацыю. Ва ўмовах абмежаванага доступу да акупаваных тэрыторый складана вызначыць, ці была кожная згода сапраўды добраахвотнай і ўсвядомленай», — пішуць даследчыкі.

У некаторых выпадках адпраўка дзяцей у лагеры ў Расіі, як сказана ў дакладзе, «адбывалася пад пагрозамі і прымусам». Аўтары дакладу прыходзяць да высновы, што «рэчаіснасць бацькоўскай згоды сумнеўная».

Хто з Беларусі датычны да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей

У дакладзе пазначаныя афіцыйныя асобы з расійскага, беларускага і ўкраінскага бакоў, якія, на думку праваабаронцаў, датычныя да вывазу дзяцей. У першую чаргу гэта Аляксандр Лукашэнка, а таксама Аляксей Талай — беларускі паралімпійскі спартсмен, які «адыграў цэнтральную ролю ў праекце па перасяленні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь».

З беларускага боку названыя такія чыноўнікі, палітыкі і актывісты, як кіраўнік Магілёўскай вобласці Анатоль Ісачанка, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа і дэпутат Дзмітрый Шаўцоў, кіраўнік Беларускай чыгункі Дзмітрый Марозаў і іншыя людзі.

Аўтары дакладу падкрэсліваюць, што вываз украінскіх дзяцей аплачваецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. У 2022 і 2023 гадах на гэта было выдаткавана ў суме амаль 600 тысяч долараў. Чыноўнікі называюць выдзеленыя сродкі «гуманітарнай дапамогай».

Чаго хочуць аўтары дакладу

Праваабаронцы маюць намер дамагчыся прыцягнення да адказнасці тых, хто мае дачыненне да незаконнага перамяшчэння дзяцей.

У сярэдзіне верасня аўтары дакладу перадалі дакументы ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе. Зараз яны заклікаюць урады краін-членаў Рымскага статута таксама звярнуцца ў суд і перадаць доказы ўдзелу ўладаў Расіі і Беларусі ў перамяшчэнні дзяцей з Украіны.

«МКС павінен выдаць ордары на арышт Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрыя Мезенцава, Міхаіла Мішусціна і Аляксея Талая за іх ролю ў перавыхаванні і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей у дадатак да перагляду ордараў на арышт, ужо выдадзеных Уладзіміру Пуціну і Марыі Львовай-Бяловай. Урады таксама павінны падтрымліваць расследаванні МКС з дапамогай разведвальнай інфармацыі і абмену данымі», — пішуць аўтары дакладу.

Каментары4

  • Гаага
    05.10.2024
    За такія злачынствы лукашысты атрымаюць ордар на арышт ад Міжнароднага суда
  • Не ново и продолжается
    06.10.2024
    Так делали все империи, особенно сухопутные. На захваченных территориях, неблагонаджное население заменялось, насильно, благонадежным из глубины империи. Из детей, насильно, воспитывались манкурты и янычары.
    Россия всюду применяла такую практику по насильному замещению и насильной русификации, даже теперь, в Беларуси, делает это руками лукашенко.
  • Рэчаіснасьць
    06.10.2024
    Не ново и продолжается, а цябе яны прымусілі напісаць камент на языке, ці ты сам дабраахвотна яе карыстаеш?

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?11

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?

Усе навіны →
Усе навіны

Навуковец з Гомеля выкрыў маштабную фальсіфікацыю вынікаў перапісу ў Беларусі. Але ёсць нюанс24

Беларус паўгода «інвеставаў» грошы махлярам і страціў 120 тысяч рублёў1

Медыкі канчаткова вызначылі, ці шкодна есці бульбу7

«Кроў вайны». Чым важныя атакі Украіны на расійскія НПЗ і ці ёсць ад гэтага эфект1

Нямецкі Бундэстаг адхіліў законапраект аб пастрожанні міграцыйнага заканадаўства8

З 1 лютага ЗША ўводзяць высокія мыты супраць тавараў з Кітая, Канады і Мексікі25

Расія ўдарыла ракетамі па Адэсе

Адкрыты новы гармон, які прыглушае апетыт і бароніць ад атлусцення3

«Бульба — тэма для беларусаў, прывозьце». Беларус у Варшаве раздае прадукты эмігрантам, якія маюць у іх патрэбу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?11

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць