Культура

Літоўскі рэжысёр паставіў з рэпрэсаванымі гарадзенцамі спектаклі пра Курапаты і Марыупаль і зняўся ў серыяле пра Акрэсціна — пагутарылі з ім

Крыжы, шаматкое восеньскае лісце пад нагамі, бруд і пыл, які асядае на вуснах гледачоў, захрасае ў горле, — пастаноўку «За што» пра трагедыю ў Курапатах рабілі так, каб глядач сам адчуў сябе ў яме, дзе ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года абарвалася жыццё мінімум 132 прадстаўнікоў беларускай і габрэйскай інтэлігенцыі.

Гэты спектакль разам з рэпрэсаванымі гарадзенскімі акцёрамі ў Вільнюсе паставіў літоўскі рэжысёр Андрус Дарала. Апошні паказ трупы, што ўзяла сабе назву «Тэатр Жніўня», у Рускім драматычным тэатры наведала і Святлана Ціханоўская. І гэта не адзіная супольная праца Андруса з беларусамі.

Святлана Ціханоўская з творчай камандай, якая зрабіла спектакль «За што» пра трагедыю ў Курапатах. Рэжысёр Андрус Дарала — трэці справа. Фота: фэйсбук Андруса.

«Наша Ніва» паразмаўляла з літоўскім рэжысёрам пра тое, чаму ён захацеў пагрузіцца ў трагічную беларускую гісторыю і стаў дапамагаць калегам з Гродна і што адчуваў пасля ролі турэмшчыка Акрэсціна ў серыяле Курэйчыка.

«Беларусы натхняюць: на рэпетыцыі — пасля прац нянечкамі, будаўнікамі…»

Гарадзенскі драмтэатр у 2020 годзе стаў адным з тых месцаў, дзе супрацоўнікі не змаглі маўчаць, пабачыўшы палітычныя рэпрэсіі. 15 жніўня над іх тэатрам быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг, 11 працаўнікоў тэатра запісалі відэазварот, у якім заклікалі аднавіць законнасць, вызваліць усіх палітычных зняволеных і правесці новыя празрыстыя выбары, а пазней далучыліся да страйку. Пасля ў тэатры прайшлі «чысткі»: траціна трупы разам з рэжысёрам Сяргеем Курыленкам была звольненая і пасля перабралася ў Літву.

«Спачатку акцёры прыехалі сюды па праграме на паўгода — нешта накшталт тэатральнай практыкі. Хадзілі тут на акцыі заадно. Я назіраў за імі і зразумеў, што кідаць іх нельга. Даў ім пачытаць розныя п'есы. Згадаў заадно п'есу «Трэцяя змена» вашага вядомага драматурга Паўла Пражко, якую я ўжо сам для сябе пачаў па-іншаму разумець: там пра дарослых, якія жывуць у піянерлагеры, пра сістэму гэтую ўсю ўпарадкаваную. І год таму якраз планаваўся Тыдзень беларускай культуры тут, так што я прапанаваў акцёрам даверыцца мне і паставіць разам спектакль. Па-панкаўску, дэкарацыі самім зрабіць — DIY такі», — апісвае пачатак супрацы з беларусамі Андрус.

Андрус Дарала. Фота: фэйсбук рэжысёра.

Сам рэжысёр з гэтага, па яго прызнанні, не меў нічога.

«Гэта, напэўна, нешта маё асабістае — тыпу салідарнасці. Ну, і ёсць акцёры, ёсць п'еса, ёсць дазвол аўтара. У вас жа сучасная драматургія — нумар адзін шмат у чым, але ў Беларусі яе амаль не ставяць, на жаль.

Ды і важна адзначыць, што самі беларускія акцёры мяне вельмі натхняюць: мы вечарамі збіраліся, якраз супала, што ў мяне быў вольны час, а на сам выпуск і адпачынак пачаўся. А яны ўсе прыходзілі на рэпетыцыі пасля прац нянечкамі, будаўнікамі. Яны выжываюць некаторыя — але вось займаюцца, каб застацца ў прафесіі», — расказвае рэжысёр.

Спектакль «Трэцяя змена» добра прынялі на міжнародным тэатральным фэсце «Sankryza» у Друскінінкаі. Было вырашана працягваць.

Фота са спектакля «Трэцяя змена» па п'есе Паўла Пражко. Фота: Hrodnalife.

«Літовец, які нарадзіўся ў Сібіры ў сям'і ссыльных, рэпрэсаваных»

Яшчэ ў Гродне акцёры разам з калегамі паказвалі літаратурную кампазіцыю, прысвечаную «Ночы (не) расстралянай паэзіі», і да 29 кастрычніка было вырашана развіць гэтую тэму ў штосьці большае ўжо ў Вільні. Так нарадзілася пастаноўка «За што» з жаданнем яшчэ раз пераасэнсаваць і расказаць тое, што адбывалася ў Курапатах, на мове тэатра.

Чаму гэта тэма зачапіла рэжысёра з Літвы?

«Я ж літовец, які нарадзіўся ў Сібіры ў сям'і ссыльных, рэпрэсаваных у сталінскі перыяд, калі Літва была акупаваная. У сувязі з гэтым я — зласлівы антысаветчык гадоў з шасці, напэўна. СССР — гэта самая вялікая геапалітычная катастрофа 20 стагоддзя, на мой погляд, абсалютнае зло — калгасы гэтыя, ГУЛАГ і КДБ. І ўся такая радня ў мяне была, таму што гэта была Сібір, а Сібір — гэта не Расія. Яна ўвогуле падзяляецца на дзве часткі: на тых, хто сядзеў, ссыльных, і тых, хто ахоўваў.

Трагедыя сучаснай Расійскай Федэрацыі ў тым, што людзі, якія ахоўвалі, вырашылі давесці, што яны лепшыя. Хоць, па маіх назіраннях, уся культурная эліта, бізнэсоўцы, крэатыўны клас — гэта ўсё, па паходжанні сваім, людзі розных нацыянальнасцяў, рускія ў тым ліку, але яны так ці інакш былі сасланыя і трапілі пад рэпрэсіі. А нашчадкі ахоўнікаў — у іх свая каста. Па гэтай вось прычыне Расія расколатая і ніколі не зможа перамагчы (у адрозненне ад Беларусі).

Але вось Расія зноў змагаецца з народнасцямі, як гэта было ў СССР: беларус, украінец — усіх трэба прывесці да агульнага — савецкага чалавека. Цяпер, калі ты па-беларуску размаўляеш, я ведаю, цябе могуць спыніць, затрымаць у Беларусі, і ў Курапатах расстрэльвалі найперш інтэлігенцыю, пісьменнікаў, так што ўсё гэта актуальна і сёння, на жаль».

Сцэна са спектакля «За што»

Спектакль «За што» зроблены на вершах расстраляных у Курапатах паэтаў. Гэтая аснова змешваецца з дакументальнымі кадрамі пратэстаў супраць рэстарана «Поедем поедим», гвалтам сілавікоў у дачыненні да беларусаў у 2020 годзе і сканчаецца яшчэ адной трагічнай нотай у гісторыі, якая дадалася да пастаноўкі ўжо сёлета, — смерцю беларусаў у складзе палка Каліноўскага ва Украіне.

«Беларусь акупаваная ўжо даўно. Пры гэтым да акупантаў я адношу і рэжым Лукашэнкі»

Андрус кажа, што літоўцы ведаюць, як гэта — жыць на акупаванай тэрыторыі, таму выдатна разумеюць беларусаў сёння.

«Беларусь акупаваная ўжо даўно. Пры гэтым я да акупантаў адношу і рэжым Лукашэнкі. І Расія для мяне — таксама акупаваная тэрыторыя, якая захоплівае новыя, выкарыстоўваючы людзей як гарматнае мяса.

Хоць у мірны пратэст, вяртаючыся да падзей 2020 года, я ніколі не верыў. Калі ты выходзіш на вуліцу, ты ўжо не павінен адтуль сыходзіць, як гэта было ў Вільнюсе ў 1991-м. Але нельга казаць, што абраны беларусамі тады шлях быў няслушным.

Іншая рэч, што людзі, бачачы, што цяпер адбываецца, якія катаванні ў краіне, павінны разумець, калі яшчэ адзін такі шанец выпадзе, што з ім рабіць».

«Гарадзенскія акцёры павінны захавацца ў прафесіі, вярнуцца дадому і прывезці туды свой досвед і новыя спектаклі»

Цяпер Андрус працягвае рабіць з гарадзенцамі новы спектакль — прысвечаны Марыупалю.

«Мяне тады, вядома, вельмі патрэслі навіны. І калі Данецкі драматычны тэатр падарвалі 16 сакавіка, я адразу пачаў шукаць іх сацыяльныя сеткі, сайт глядзець. Убачыў, што 27 лютага ў іх павінна была адбыцца прэм'ера «Маруся Чурай» і яна не адбылася. І вось гэта для мяне будзе гісторыя пра спектаклі, якія не былі сыграныя, пра падзеі, якія да гэтага прывялі. І ўсё скончыцца прыездам Яўгена Міронава туды са сваім дзіцячым спектаклем «Асцярожна, эльфы!».

Ну, то-бок, вы разбамбілі горад, знішчылі тэатр, забралі жыцці, пазбавілі шмат якіх людзей будучыні і адразу прыязджаеце туды з выступамі, канцэртамі — ці гэта не цынізм, не подласць? Сволачы вы, калі ў такі момант лічыце сябе дзеячамі культуры.

Вяртаючыся да акцёраў з Гродна: яны абавязкова павінны выжыць, захавацца ў прафесіі, вярнуцца дадому і прывезці туды свой новы досвед і спектаклі гэтыя. Я адмыслова паглядзеў репертуар тэатра, дзе яны працавалі. Гэта чыста забаўкі, такое савецкае ўсё. Хоць яшчэ ў 2019-м у вас былі выспачкі свабоды: я сам прыязджаў да вас на лабараторыю пры РТБД, дзе мы рабілі спектакль, прысвечаны 450-годдзю Люблінскай уніі», — згадвае Андрус.

Дарэчы, гэта яго не адзіны досвед супрацы з беларускімі тэатраламі. Не так даўно ён сыграў супрацоўніка Акрэсціна ў пілотным выпуску серыяла пра сумна вядомы ізалятар, які Андрэй Курэйчык пачаў здымаць у Лукішскай турме. «Пасля такіх роляў, калі ты з дубінкай і збіваеш людзей, трэба карму чысціць», — каментуе суразмоўца.

Тэкстава новы спектакль заснаваны на рукапісах Надзеі Сухарукавай, журналісткі з Марыупаля, змушанай хавацца ў склепе Марыупальскага тэатра. І першы раз «чарнавік» акцёры гралі ў падвалах Рускага драматычнага тэатра, каб гледачы больш выразна зразумелі — як гэта, жыць у падзямеллі. У трэцім спектаклі да беларусаў, дарэчы, далучылася і ўкраінская актрыса Лілія Козуб, якая пакінула радзіму на пачатку вайны.

Сцэна са спектакля пра Марыупаль. Фота: Lina Klusaitė

«Рускі драматычны тэатр — гэтая назва сёння не адлюстроўвае сэнс, трэба каб ён стаў тэатрам народаў»

«Зараз жа ідуць дыскусіі пра тое, каб перайменаваць Рускі драматычны тэатр, дзе мы ў тым ліку граем. Я адзін з тых, хто выступае «за». Чаму? Гэта назва на сёння папросту не адлюстроўвае сэнс тэатра. Там гучыць і руская мова, і беларуская вось, і так і павінна быць. Каб гэта быў тэатр народаў. Вільня — мультыкультурны горад, і павінен такім застацца.

Я б на тэатры паставіў сцягі розных краін: і ўкраінскі, і бчб, і крымскіх татараў… І пакінуў бы пустое месца для яшчэ адной краіны да таго часу, пакуль не наступіць мір».

У Рускім драматычным татры пасля спектакля «За што». Фота: фэйсбук Андруса Даралы.

Андрус адзначае, што ён ні ў якім разе не выступае такім чынам супраць рускай культуры — сам ён, напрыклад, збіраецца неўзабаве паставіць адзін з аповедаў Дастаеўскага.

«Але справа ў тым, што сучасная Расійская Федэрацыя актыўна скарыстоўвае культуру як аргумент сваёй велічы. Але гэта ж проста частка сусветнай культуры. І яна ў тым ліку прадугледжвае, што вы не бамбіце чужых гарадоў, не гвалтуеце і не рабуеце. І калі вы спрабуеце апраўдаць свае злачынствы п'есамі Чэхава і раманамі Дастаеўскага, сваёй веліччу, тады я разумею людзей, якія скажуць «нахер такую культуру зусім», — удакладняе рэжысёр.

— У чым, на мой пагляд, глабальная памылка Пуціна і Лукашэнкі, на чым яны прагараць — у іх няма нічога ад эстэтычнага, яны ўсіх клічуць фашыстамі, і для іх фашысты — усе, хто прыгажэйшы, таленавіцейшы, разумнейшы і свабаднейшы, чым яны. Для іх фашысты — тыя, хто хоча і можа жыць годна. Гэта, мабыць, нешта пра дзіцячыя траўмы. Але гэта такая апошняя адрыжка імперыі, я лічу».

«Спектаклі беларусаў неўзабаве могуць стаць рэпертуарнымі»

Андрус Дарала. Фота: фэйсбук рэжысёра.

Андрус Дарала кажа, што, калі ўсё складзецца ўдала, неўзабаве беларускія акцёры афіцыйна змогуць стаць часткай сённяшняга Рускага драматычнага тэатра ў Вільні і іх спектаклі будуць рэпертуарнымі, ідучы паралельна з паказамі на галоўнай сцэне:

«Гэта будзе, мабыць, фармат студыі пры тэатры, каб афіцыйна працаваць. На сцэне М8, якую будавалі замест асноўнай на час рэканструкцыі. Там потым змогуць граць і выпускнікі ЕГУ, акцёры, падрыхтаваныя экс-кіраўніком Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандрам Марчанкам».

Чытайце таксама:

Што адбываецца ў беларускім кінематографе? Сабралі цікавыя стужкі, якія можна паглядзець у кінатэатрах ці дома

«Калі я нешта і зразумеў за пяць гадоў у шлюбе… Карацей, мы пастаянна працуем нада мной». Пяць годных стэндапераў, якіх вы, магчыма, не ведаеце

«Дом Масквы» ў Вільні мастакі ператвораць у сімвал моцы Украіны

Каментары

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску28

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

Чалы: Для Лукашэнкі аднолькава дрэнныя і перамога Расіі, і перамога Украіны. Ён хацеў бы нічыёй4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску28

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →