«Калі я нешта і зразумеў за пяць гадоў у шлюбе… Карацей, мы пастаянна працуем нада мной». Пяць годных стэндапераў, якіх вы, магчыма, не ведаеце
Жарты найбольш папулярных стэндап-комікаў разыходзяцца шырока. А «Наша Ніва» адшукала шэраг гумарыстаў, не так добра знаёмых аўдыторыі. Надалей — суб'ектыўны чарт Рэдакцыі з тых творцаў, чыя выступы варты 15 хвілін вашага часу.
Уітні Камінгс
Перш за ўсё звяртае на сябе ўвагу падача матэрыялу. Звычайна жанчыны-комікі кпяць з мужчын, іх недарэчнасці ды недасканаласці. Тады як Уітні іранічна ставіцца перш за ўсё да сябе — у адносінах, ацэнках бытавых сітуацыі ды пры прыняцці важных рашэнняў, калі трэба кіравацца розумам, а не эмоцыямі. Пры гэтым яна выбітна адыгрывае жарты: акцёрскі падыход узмацняе тэкст роўна там, дзе неабходна.
Магчыма, падобныя захады выглядалі б ненатуральна, аднак Камінгс «пракачала» здольнасці падчас выпуску ўласнага камедзі-серыяла «Уітні». Хай сабе той пратрымаўся ў сетках кабельных каналаў толькі 2,5 сезона, аднак звярнуў на сябе ўвагу не толькі жартамі, але і смелым эксперыментам. Кожны эпізод здымаўся ў прысутнасці «жывой» аўдыторыі — і ўдзельнікі шоу адчувалі, дзе траплялі ў «яблычак», а дзе матэрыял меў хібы. Адпаведна, сцэны і характары герояў карэктаваліся проста падчас творчага працэсу, што рабіла «Уітні» асаблівым праектам на фоне шматлікіх падобных.
Уітні Камінгс: «Для мяне «каханне» — гэта жаданне памерці за кагосьці, каго ты сам прагнеш забіць. Гэта моцна блытае. Напрыклад, калі нехта ўварвецца да мяне ў жытло і наставіць зброю на чалавека, якога я кахаю, то я закрыю яго сабою. А пасля закрычу: «Не! Стоп! Я сама! Чувак, я цябе прашу, дай я сама!»
Майкл Бірбіглія
Гэта не столькі камедыя, колькі сапраўдная душэўная тэрапія. Уявіце сабе монаспектакль Яўгена Грышкаўца, які акрамя традыцыйных рэфлексій на глабальныя тэмы змяшчае трапныя параўнанні пры прыватных успамінах, іранічныя флэшбэкі ў памылкі юнацтва ды персанальную споведзь адносна крокаў, што мелі фатальныя наступствы без шанцаў нешта выправіць.
У чымсьці перфомансы Бірбігліі нагадваюць асабістыя споведзі, што знітаваныя ў непарыўнае палатно аповеду. Карацей, вы сядаеце на лаву побач з сучасным Форэстам Гампам, слухаеце яго наратыў, а пасля пасміхаецеся (альбо цішком змахваеце слязінку) разам з ім.
Майкл Бірбіглія: «Часамі, калі я лічу, што маю ў чымсьці рацыю, гэта стварае пэўнае напружанне між мною і чалавекам, з якім я спрачаюся. А ўсё таму, што я маю рацыю, а ён памыляецца».
Расел Ховард
Гэты комік стаў у Брытаніі настолькі папулярным, што яго камедзі-серыялы трансляваліся як на ВВС, так і на Sky — па сутнасці, каналах-канкурэнтах. Аднак лёгкасцю ды дасціпнасцю жартаў ён трапляе ў цалкам палярную аўдыторыю, пасля чаго ўлюбляе ў сябе непасрэднасцю паводзінаў.
Яго манера — гэта storytelling: аповеды гісторый з уласнай практыкі пры тым, што насамрэч праз прызму камедыі ідуць развагі пра сур'ёзныя праблемы, часамі нават глабальнага характару. Для таго ж, каб народ не стаміўся альбо не падаўся ў песімізм ад асэнсавання нейкіх сумных рэалій, Ховард разбаўляе выступ рэгулярнымі ін'екцыямі ўласнай энергетыкі. І таму яго выступы глядзяцца на адным дыханні.
Расел Ховард: «Слухайце, а як адбываліся халівары да з'яўлення інтэрнэту? Няўжо людзі пісалі на аркушах паперы «Ды пайшоў ты на***» і чаплялі скрутак на нагу паштоваму галубу?».
Азіз Ансары
Годны комік індыйскага паходжання падабаецца тым, што расце адначасова са сваімі персанажамі. Калі напачатку стэндапер жартаваў з большага пра сваё паходжанне, няёмкія сітуацыі, з гэтым звязаныя, ды пра няўдачы з дзяўчынамі, то зараз гумар у Ансары куды больш пранікнёны ды глыбокі. Тут вам і асэнсаванне харасменту ў розных яго праявах, і складанасці ў стасунках з бацькамі падчас сталення, і этыка, што змяняецца пад уплывам грамадскай думкі.
Цікава, што больш разнастайным Ансары становіцца зараз і ў акцёрскай кар'еры. Калі напачатку аматары серыялаў маглі асэнсаваць яго хіба што з Эдам Дхандалані, сціплым героем некалькіх эпізодаў «Клінікі», то зараз ён — галоўная зорка шоу «Майстар на ўсе рукі» Дарэчы, за ўдзел у ім Азіз быў намінаваны на «Залаты глобус».
Азіз Ансары: «Так, у мяне ёсць жонка. Але яна разумее, што для поспеху ў палітыцы ды пабудовы кар'еры ў той галіне, трэба падабацца жанчынам. Той факт, што я нават не наблізіўся да таго, каб здрадзіць ёй, расчароўвае нас абаіх».
Дэніэл Слос
Шатландскі комік-цынік ужо гадоў пяць як сусветная знакамітасць. Але далёка не ўсе гатовыя яго гумар прымаць ды прапускаць праз сябе. Справа ў надзвычайнай прамалінейнасці захадаў ды эмоцыях, якія правакуюцца ў гледачоў дзёрзкімі выпадамі. Час ад часу шакуе і выбарка тэм, што напаўняе праграму. Слухач толькі адышоў ад атэістычных кпінаў з рэлігіі, як яму прылятае нізка панчаў пра малодшую сястру Слоса, што хварэла на цэрэбральны параліч і пайшла з жыцця, калі гумарысту было дзевяць год. «Жартаваць можна на любую тэму, але заставацца добрым чалавекам, які паважае тых, хто вакол. Бо ты сцябеш не асобу канкрэтна, а яе камічныя асаблівасці», — сцвярджае Дэніэл.
Радыкалізм коміка шмат каго ад яго адштурхоўвае: ён нават сам хваліцца, што пасля прагляду яго перфомансаў больш за сто пар разарвалі адносіны. Але калі вы не ханжа і гатовыя да выпрабавання шчырасцю свайго жыцця, адносін з каханым ды маральных устояў, Слос вам прыйдзеца даспадобы.
Дэніэл Слос: «Калі мне трэба маральна ўзбадзёрыцца, то я пераглядаю відэа на ютубе з адмовамі ў прапановах рукі ды сэрца. Вы скажаце, Дэн, гэта жорстка. Камон! Няўжо вы настолькі тупы чалавек, што запросіце ў шлюб чалавека, які можа сказаць «не»? Калі я рабіў прапанову нявесце, то ні секунды не сумняваўся ў станоўчым адказе. Бо інакш я б нават не задаваў ёй пытанне «Выйдзеш за мяне?» Толькі дэбіл у гэтым выпадку не упэўніцца ў абранніку загадзя.
Бонус
Біл Бёр
Так, гэта крыху чытарства, пагодзімся — размова пойдзе пра коміка старой школы, які загартаваўся не толькі праз камунікацыю з залай, але і праз ціск крытыкаў ды негатыўныя выпады калег па цэху. Аднак нягледзячы на тое, што Біл выпрацаваў пазнавальны стыль і тон, якія ідэальна пасуюць да яго харызмы, пазнавальнасць гумарыста ніжэйшая, чым, напрыклад, у ЛуСіКея альбо Дылана Морана.
Гэта крыўдна, бо Бёр — сапраўдная з'ява ў стэндапе. Выбітны правакатар, ён выклікае амаль любым сваім сцверджаннем хвалю абурэння. Пасля ж аргументуе думкі дасціпнымі разважаннямі, куды шчодрай рукою яшчэ і кідае дробкі гумару. Біл можа абсмяяць сітуацыю з любога ракурсу, які толькі мажлівы: расісты і анты-расісты, фемінізм ды яго адваротны бок, Сціў Джобс ды мужык з суседняй кватэры — Бёр усюды знаходзіць нешта неідэальнае, вартае ўдасканалення праз востры жарт. За гэта яго і любяць.
Біл Бёр: «Калі я нешта і зразумеў за пяць год у шлюбе — карацей, мы пастаянна працуем нада мной. Падаецца, мая жонка — гэта закончаны шэдэўр пад музейным шклом, якім варта захапляцца ды вывучаць. «Ох, як яна гэта здолела зрабіць?!» Ну а я… Ведаеце, такія будынкі, што хаваюцца ў рыштаваннях ужо шосты год. І вы пытаецеся: «Яны ўвогуле скончаць яго будаваць? Гэта з-за страхоўкі? Божа, якое гаўно! Яго трэба зруйнаваць і адбудаваць наноў!»
Каментары
а калі ты жанчына, то для поспеху ў палітыцы ды пабудовы кар'еры ў той галіне, трэба што?