Культура

«І пра Асвенцім трэба было здымаць, калі там гарэлі печы». Інтэрв'ю з Андрэем Курэйчыкам пра нашумелы серыял 

Анонс мастацкага серыяла пра Акрэсціна ўзбударажыў людзей. Рэжысёр Андрэй Курэйчык пасля патлумачыў, што гэта было. У інтэрв'ю «Нашай Ніве» ён адказвае на гнеўныя каментарыі, раскрывае бюджэт серыяла і дэталі закулісся. І расказвае, чаму здымае серыял менавіта цяпер.

Фота: Фэйсбук Андрэя Курэйчыка

Рэжысёр анансаваў, што сапраўдны тызер з’явіцца да сярэдзіны вясны. Тое, што выклалі ў сеціва, — рэпартаж з бэкстэйджу. У той дзень здымалі кашмарны сон аднаго з герояў.

«Мне не хацелася гэта здаваць, — кажа Андрэй Курэйчык. — Дзякуй богу, што мы больш журналістаў не пускалі. Гэта рэальны сон чалавека, які пакутаваў на Акрэсціна. Ён расказаў мне, што сніў, як яго забіваюць падчас дэманстрацыі. Мы гэты кашмар узнавілі».

«Наша Ніва»: Чаму вырашылі здымаць серыял менавіта цяпер?

Андрэй Курэйчык: А калі? Калі мы кажам пра Другую сусветную вайну, мне заўсёды больш цікавыя фільмы, якія ішлі ад відавочцаў — ад Рома, Быкава. Ад пісьменнікаў-франтавікоў. Мне не цікава тое, што здымае цяпер «Беларусьфільм» праз 80 год, гэтыя дробныя вырабы.

Мне цікава тое, што бачылі людзі рэальна. Я цудоўна разумею, што праз пяць год падзеі 2020-га будуць легендай, і кожны будзе інтэрпрэтаваць іх у тым ключы, у якім памятае. А я лічу, што пакуль гэта свежае, гэтую рану трэба трывожыць. 

Апроч таго, мы не павінны даць забыць, што ў нас краіна з самай вялікай колькасцю палітвязняў у Еўропе. Я цудоўна разумею, што там Пуцін збіраецца напасці на Украіну, што Афганістан і ўсё астатняе, але мы не павінны даць нават шанца адвесці на другі план парадак пра палітвязняў.

Фота: Фэйсбук Андрэя Курэйчыка

Асноўны матыў гэтага праекта — хістаць гэты парадак дня. Што ў Беларусі ёсць свой архіпелаг ГУЛАГ, які мы называем Акрэсціна, што там катуюць людзей проста ў гэтую секунду і што гэта абсалютна непрымальна ў ХХІ стагоддзі ў Еўропе.

Мы будзем паўсюль, дзе магчыма, гэта паказваць, пра гэта крычаць. Мы хочам даць гэты фільм палітыкам. Мы не можам пакінуць сітуацыю так, як яна ёсць цяпер.

А з улікам таго, што, на вялікі жаль, з аддаленнем ад 2020 года сам інфармацыйны парадак згасае ў Еўропе і свеце, гэта адказнасць саміх беларусаў зрабіць так, каб гэты голас быў гучным.

«НН»: Як паказалі водгукі, беларусы яшчэ не гатовыя трывожыць раны…

АК: Ды не, яны гатовыя. Проста людзі не зразумелі, што не кіно яны цяпер пабачылі, а рэпартаж. Сцэнарый ніхто не ведае, гэта самая засакрэчаная частка нашага праекта. Я да гэтага стаўлюся спакойна. Але я перакананы, што ўсе цудоўна разумеюць: калі парадак заціхне, усе застануцца сядзець тыя самыя 14—18 гадоў, якія ім далі.

«НН»: Былі каментарыі, што здымаць серыял пра Акрэсціна цяпер — гэта як здымаць пра Асвенцім, калі гараць печы. Як вы ставіцеся да такога параўнання?

АК: Якраз і трэба было здымаць пра Асвенцім, калі гарэлі там печы. Гэта спыніла б. А што здымаць пасля, калі ты ўжо нічога не можаш зрабіць? Мастацтва павінна быць актуальным. Яно павінна змагацца ў той момант, калі гэтая барацьба неабходная, а не махаць кулакамі пасля бойкі. 

Я рэжысёр, сцэнарыст, літаратар. Што я яшчэ магу зрабіць? Я не ўмею пісаць рэпартажы ці кідаць каністры з дронаў, выбачайце. Але што я магу — гэта зрабіць кіно ці тэатр. Я рабіў: у мяне былі два вялікія тэатральныя праекты — «Пакрыўджаная Беларусь» і «Галасы новай Беларусі», якія прайшлі больш чым у 40 краінах і дзе мы расказваем пра нашу сітуацыю.

Фота: Фэйсбук Андрэя Курэйчыка

Кіно мусіць застацца наступным пакаленням, яны павінны ведаць, што адбывалася ў 2020 годзе. Ніхто не раскажа, навіны сыдуць, відавочцы раз’едуцца, павінна хоць штосьці застацца для іх.

«НН»: Калі вы рыхтаваліся да здымак серыяла, якія гісторыі, людзі вас уразілі?

АК: Многія. І вядомыя, як Лосік з галадоўкай, Латыпаў, Памідораў з Лэслі Найфам. Калеснікава, не хаваю, пакінула моцнае ўражанне з яе выкраданнем. І многія гісторыі, якія апісаныя ў праекце «Жнівень 2020», вартыя таго, каб застацца для нас у памяці ў такім фармаце.

«НН»: Ці будуць у серыяле персанажы кшталту Карпянкова, Бабарыкі, Калеснікавай?

АК: Чаму не? Будуць. Гэта не біяграфічнае кіно, таму няма сэнсу здымаць пра іх лёсы. Мы робім зборны вобраз беларускіх ізалятараў, бо штосьці адбывалася на Акрэсціна, штосьці на «валадарцы», штосьці ў «амерыканцы», штосьці ў Жодзіна. Хацелася б не абмяжоўваць сябе толькі адміністратыўкай, бо людзі па крымінальных артыкулах сядзяць гадамі. 

Напрыклад, наш кансультант асноўны, кубінец Рабэрта, паўтара года прасядзеў на Акрэсціна. Лябедзька сядзеў у «амерыканцы» каля ста дзён. У нас паўгрупы артыстаў сядзела. Паша Гарадніцкі, Андрэй Ткачоў… Не будзем усіх называць, бо ў іх сем’і ў Беларусі, пытанні перасячэння мяжы складаныя.

Таму мы і не запрашалі нікога на пляцоўку — у нас вялізныя задачы па захаванні бяспекі людзей.

«НН»: Ці можаце яшчэ кагосьці назваць, хто здымаецца?

АК: Уладзімір Ушакоў здымаецца, Ігар Забара. Вельмі многія славутыя акцёры, людзі пазнаюць.

Фота: Фэйсбук Андрэя Курэйчыка

«НН»: Як плануеце серыял паказваць?

АК: Будзем старацца паказаць па тэлесетках тых краін, якія могуць аказаць падтрымку беларусам. Беларусы ўбачаць таксама ў інтэрнэце.

Вельмі хочацца, каб пабачылі і замежнікі. Мы будзем даваць серыял дыяспарам як аргумент, каб яны ціснулі на свае эліты, палітыкаў, каб прасоўваць тэму палітвязняў, бо яна сыходзіць на другі план.

Адчуваецца, як паступова апускаюцца рукі ў еўрапейскіх палітыкаў праз іншыя выклікі і яны перастаюць патрабаваць вызвалення тых, хто цяпер сядзіць.

«НН»: Удакладню: серыял змогуць знайсці ў інтэрнэце. А гэта не нашкодзіць тым, хто здымаецца? Вы самі казалі пра сакрэтнасць.

АК: Не, дастаткова вялікую частку групы мы рэлакуем. У нас яшчэ такая місія — мы фінансава дапамагаем рэпрэсаваным артыстам, у рамках гэтага серыяла мы даём ім месца працы, якое дазваляе перабрацца ў бяспеку.

«НН»: Адкрыты збор на частку бюджэту першай серыі — 50 тысяч еўра заяўлялася. Колькі агулам каштуюць здымкі адной серыі ў Літве?

АК: Каля сотні. Мы ўзялі вельмі добры прадакшн, бо хочам, каб гэта было якасна. У нас прадакшн, які здымаў «Чарнобыль» для НВО. Гэта рэальна крутыя хлопцы літоўскія. 

Другая гісторыя — мы трапілі ў «амікрон». У нас кожны дзень быў як рулетка. Абавязаны быць на пляцоўцы доктар, ад раніцы мы ўсе здаём тэсты. Вельмі часта бываюць сюрпрызы, калі ў артыста, які праз гадзіну павінен увайсці ў кадр, дзве палоскі. І ў нас было пекла. Некаторыя здымкі мы адкладвалі шмат разоў.

Фота: Фэйсбук Андрэя Курэйчыка

«НН»: Чаму вырашылі збіраць грошы, а не ўкласці свае?

АК: Былі б свае, я б з задавальненнем. Хацелася б мець столькі, каб лёгка было выкласці з кішэні свае, але іх няма.

«НН»: Вы шмат разоў згадвалі, што мэта — узняць тэму палітвязняў. Як думаеце, што можа стаць штуршком, каб людзей пачалі адпускаць, і калі гэта можа здарыцца?

АК: Ведаеце, цяпер ідзе такая гісторыя, што і Лукашэнка, і Пуцін спрабуюць выглядаць цывілізаванымі дыктатарамі.

«НН»: Лукашэнка, здаецца, не спрабуе выглядаць такім.

АК: Я да таго, што яны кажуць: вось, ёсць закон. Але калі свет убачыць рэальны жах таго, што там адбываецца, на ўзроўні эмоцый… Рэльнае існаванне ў гэтых ізалятарах, дзе з людзей, яшчэ невінаватых, бо чалавек лічыцца невінатым да рашэння суда, здзекуюцца нашмат горш, чым з тых, хто ў калоніях атрымаў свае тэрміны. Тут, мне падаецца, у іх можа здрыгануцца нерв, і пытанне стане рубам.

«НН»: Вы раней у інтэрв’ю казалі, што пратэсты не з’яўляюцца інструментам змены ўлады. Што тады?

АК: Шырокае аб’яднанне ў агульнанацыянальны масавы рух. З адзіным разуменнем праекта будучыні. Мне падаецца, што калі гэтае аб’яднанне стане настолькі маштабным, што ігнараваць яго запыт стане немагчыма, гэты запыт пачне рэалізоўвацца.

«НН»: А цяпер гэтае аб’яднанне хіба не маштабнае?

АК: Цяпер няма ніякага аб’яднання наогул. Калі кожны з нас паасобку на кухні супраць Лукашэнкі, гэта не аб’яднанне людзей у арганізацыю.

Павінна быць «Салідарнасць», дзе было 25% насельніцтва Польшчы. Калі ў нас узнікне рух нацыяльна-вызваленчы, за незалежнасць і суверэнітэт, які аб’яднае хаця б 20% насельніцтва, не лічыцца з ім будзе немагчыма нікому — ні Лукашэнку, ні Пуціну.

Чытайце таксама:

Курэйчык: Уяўляю, што будзе, калі выйдзе фільм

Курэйчык апублікаваў анонс серыяла пра Акрэсціна. Людзі ў шоку

«Я ўзяў камеру і апынуўся пад сценамі Акрэсціна». Рэжысёр Андрэй Куціла зняў новы фільм пра беларусаў, дзе кожны знойдзе сябе

Першы фільм пра жнівеньскія падзеі на буйным кінафестывалі: пра што расказвае «Кураж», які немагчыма паказаць у Беларусі

Каментары

Ператворацца ў «цэглу»? Адзін з кітайскіх вытворцаў паабяцаў з 30 лістапада заблакаваць «шэрыя» аўто ў Беларусі1

Ператворацца ў «цэглу»? Адзін з кітайскіх вытворцаў паабяцаў з 30 лістапада заблакаваць «шэрыя» аўто ў Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

Генпракуратура расказала пра вялікую справу па дваровых чатах2

Белы дом афіцыйна прызнаў, што дазволіў Украіне наносіць удары ў глыбіню Расіі

Расійскі тыктокер, які раздражняў беларусаў, паляцеў з Мінска. Шчаслівы, бо змог паскандаліць у аэрапорце з «Белавія»37

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру7

У 1942 годзе ў Магілёве здарылася буйная тэхнагенная аварыя. Гісторык падрыхтаваў пра яе кнігу1

Дэпіляцыя інтымнай зоны больш не ў модзе, папулярная валасатасць. Гэта прыводзіць да нечаканых наступстваў16

Беларус выдаліў акаўнт у VK, але да яго ўсё адно прыйшлі праз каментары. Як знайшлі?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ператворацца ў «цэглу»? Адзін з кітайскіх вытворцаў паабяцаў з 30 лістапада заблакаваць «шэрыя» аўто ў Беларусі1

Ператворацца ў «цэглу»? Адзін з кітайскіх вытворцаў паабяцаў з 30 лістапада заблакаваць «шэрыя» аўто ў Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →