Беларускія мастакі стварылі «юбілейны» стыкерпак пра нашу краіну. Пампуйце і сабе!
На 20 выявах, аб’яднаных хэштэгам #BelarusIs, прысутнічаюць незадаволены Кандрат Крапіва, малады Скарына, мілыя Топа і Яначка, абаяльныя нячысцікі і чароўныя прадметы з беларускай міфалогіі. Галоўныя героі стыкерпака — сёлетнія юбіляры Марк Шагал, Янка Купала і Якуб Колас.
«Гэтыя людзі стварылі культуру нашай краіны, але праз тое, што свет сёлета зрабіў нечуванае сальта з ног на галаву, іх юбілеі праходзяць амаль незаўважна на фоне іншых навін, — каментуе адна з мастачак-энтузіястак. — Апошнім часам мы бачылі шмат натхняльных допісаў у Instagram і TikTok з хэштэгам #BelarusIs. Іх ствараюць звычайныя беларусы, якія хочуць нагадаць сабе і свету, хто мы такія і якая крутая наша краіна. Гэты стыкерпак мае такую ж мэту».
Сярод стыкераў ёсць і адзін са згадкай «Нашай Нівы» — Янка Купала трымае ў руках газету і просіць чытаць уважліва.
Мастакі спадзяваюцца, што беларусы будуць перасылаць стыкеры адзін аднаму ў перапісках і ствараць крутыя допісы пра нашу краіну ў межах флэшмоба #BelarusIs
Спампаваць стыкерпак для Telegram можна па спасылцы.
Каментары