Санаторый «Беларусь» у горадзе Друскенікі, якім кіруе Беларусь, звальняе шостую частку працаўнікоў. Аб планаваным звальненні 51 супрацоўніка санаторый паведаміў Службе занятасці.
Па дадзеных Фонду сацыяльнага страхавання, у гэты час на прадпрыемстве працуе 298 чалавек. Прадстаўніца Службы занятасці Мілда Янкаўскайтэ паведаміла BNS аб тым, што звальненне ўзгодненае з прафзвязам працаўнікоў санаторыя.
«Папярэджанне атрымаў 51 працаўнік. Іх апавясцілі аб скасаванні працоўнай дамовы з ініцыятывы працадаўцы без віны работніка», — распавяла BNS Янкаўскайтэ.
Яна адзначыла, што большасць працаўнікоў, што будуць звольненыя, працуюць у школе, у лекарскіх і фінансавых падраздзяленнях. Сярод тых, што атрымалі папярэджанне, больш за ўсё прыбіральшчыц, санітарак, настаўнікаў, выхавальнікаў, кінэзітэрапеўтаў.
У снежні 2020 года, праз уведзеныя Еўразвязам санкцыі ў дачыненні да Беларусі, банк Swedbank замарозіў рахункі санаторыя, яны былі разблакаваныя ў ліпені мінулага года.
Каментары