Рэцэпт на выхадныя. Клефтыка — сакавітая бараніна з грэчаскім каларытам
Клефтыка (kleftiko) — гэта класічная грэчаская страва з бараніны і бульбы. У гэтым рэцэпце мяса для яе марынуюць ноч, а потым заварочваюць у паперу для выпякання з бульбай, цыбуляй і травамі і павольна запякаюць.
Каб згатаваць клефтыка, вам спатрэбіцца:
- бараніна: 1 кумпяк або лапатка (недзе 2 кг мяса),
- аліўкавы алей,
- палова сталовай лыжкі сушанага арэгана,
- 2 здробненыя лаўровыя лісты,
- палова галоўкі часнаку,
- 800 грамаў бульбы, нарэзанай на кружкі,
- 2 цыбуліны, нарэзаныя на кружкі,
- 4 дробна нарэзаныя спелыя памідоры,
- 1 палачка карыцы,
- калі жадаеце — некалькі галінак свежага арэгана,
- сок аднаго лімона,
- 250 мілілітраў белага віна,
- марская соль і свежазмолаты чорны перац.
- Пакладзіце бараніну ў вялікую міску і паліце вялікай колькасцю алею. Шчодра натрыце яе соллю і перцам і прыпраўце арэгана і лаўровым лістом. Ачысціце два зубкі часнаку і разрэжце кожны з іх на чатыры часткі. Вострым нажом зрабіце ў бараніне восем праколаў і ўткніце ў іх часнок. Натрыце мяса травамі і алеем, потым накрыйце яго і пастаўце ў халадзільнік на ноч.
- Дастаньце бараніну з халадзільніка за 30 хвілін да гатавання. Разагрэйце духоўку да тэмпературы 160 градусаў. Засцяліце вялікую форму паперай для выпякання. Пераканайцеся, што кавалак паперы дастаткова шырокі, каб пакрываць краі формы.
- Здрабніце неачышчаныя зубкі часнаку, што ў вас засталіся, ручкай вялікага нажа. Пакладзіце ў форму для запякання бульбу, цыбулю, памідоры і часнок, дадайце туды ж палачку карыцы і галінкі арэгана, калі вы іх выкарыстоўваеце.
- Пакладзіце бараніну на гародніну і паліце яе марынадам, што ўтварыўся ў місцы, дзе яна ляжала. Выцісніце на мяса сок аднаго лімона і выліце на дно формы віно. Вазьміце яшчэ адзін вялікі ліст паперы для выпякання і намачыце яго пад праточнай вадой. Прыбярыце лішнюю ваду і пакрыйце паперай бараніну, прыцісніце краі паперы мясам, каб папера цалкам пакрывае бараніну. Памясціце мяса ў духоўку і пакіньце яго там на чатыры гадзіны, пакуль яно не прыгатуецца і не стане зусім мяккім.
- Дастаньце мяса з духоўкі і пакіньце яго на дзесяць хвілін, а потым падавайце з гароднінай і падлівай з формы.
Каментары