Звольненага са скандалам чыноўніка вярнулі на ранейшую пасаду ў Гомелі
Старшынёй Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама прызначаны Дзмітрый Петражыцкі. Для яго гэта другое прызначэнне на гэтую пасаду. Першае ён атрымаў у ліпені 2017 года, аднак не пратрымаўся і паўгода, піша гомельскае выданне «Флагшток».
Увосень 2017 года райвыканкамы Гомельскай вобласці, шэраг прадпрыемстваў і навучальных устаноў атрымалі лісты з просьбай аказаць садзейнічанне ва ўборцы лёну ў некалькіх раёнах вобласці.
Пасля гэтага на ўборку лёну з усёй Гомельскай вобласці былі накіраваныя калоны аўтобусаў з тысячамі памочнікаў.
Гэта было расцэнена, як правал камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама. Лукашэнка зладзіў з гэтай нагоды разнос, заявіўшы, што прыбраць лён трэба было раней і не звяртаючыся да дапамогі насельніцтва. У выніку запатрабаваў пакараць вінаватых і перадаць матэрыялы ў пракуратуру.
Калі тагачасны першы намеснік старшыні аблвыканкама Аляксандр Мікалуцкі працягнуў працаваць, то Дзмітрый Петражыцкі сваю пасаду страціў і быў адпраўлены на паніжэнне ў ААТ «Гомельаблаграсэрвіс». Тут ён прапрацаваў чатыры гады, спачатку на пасадзе намесніка, а потым першага намесніка генеральнага дырэктара.
Праз чатыры гады Дзмітрый Петражыцкі зноў вярнуўся ў крэсла старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама.
У кар'еры Дзмітрыя Петражыцкага ёсць і іншыя характэрныя моманты. Так, у 2012 годзе Петражыцкі стаў адным з самых маладых кіраўнікоў раённых адміністрацый, узначаліўшы Лоеўскі райвыканкам у 35 гадоў.
Пры гэтым, калі большасць кіраўнікоў раённых адміністрацый у Гомельскай вобласці мае сельскагаспадарчую адукацыю, то цяперашні кіраўнік сельскай гаспадаркі вобласці — «тэхнар». У 1999 годзе Дзмітрый Петражыцкі скончыў Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога па спецыяльнасці «сельскагаспадарчыя машыны».
-
«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця
-
«Падробка архіўнай даведкі — 4500 еўра». Як беларусы шукаюць у сябе польскія карані і як купляюць польскае паходжанне
-
Канапацкая адказала, ці ёсць у яе нямецкі ДНЖ
Каментары