Паводле самых аптымістычных ацэнак, у выніку развязанай Расіяй вайны загінулі тысячы мірных жыхароў гэтага горада. Рэальная ж колькасць ахвяр, паводле мясцовых чыноўнікаў, можа дасягаць дзясяткі тысяч. А што за горад Марыупаль і якія яны, марыупальцы? «Бандэраўцы і нацыяналісты»? Давайце пабачым.
Паводле апошняга праведзенага перапісу насельніцтва, 48,68% гараджан — этнічныя ўкраінцы, ажно 44,41% — рускія.
У горадзе абсалютна дамінуе руская мова. Гэта самы рускамоўны горад Данецкай вобласці. 89,53% роднай мовай назвалі рускую, толькі 9,87% — украінскую. Рэальна па-ўкраінску гаворыць яшчэ меншая колькасць людзей.
Але самае цікавае апытанне адносна самых розных актуальных палітычных, сацыяльных, грамадскіх і міжнародных пытанняў было ў Марыупалі ў верасні 2021 года. Яно паказала некалькі ашаламляльных рэчаў.
60% жыхароў Марыупаля адназначна супраць уступлення Украіны ў НАТА. Гэта самы высокі паказчык па ўсёй тэрыторыі Украіны, якая была пад кантролем урада станам на 24 лютага 2022 года.
52% ставіліся да Расіі цёпла альбо вельмі цёпла, негатыўна — толькі 16%.
48% выступаюць за ўступленне Украіны ў саюз з Расіяй і Беларуссю. У Еўрасаюз хацелі б толькі 22%.
41% ставіцца холадна і вельмі холадна да Амерыкі. Пазітыўна толькі 15%. Самы амерыканафобскі горад Украіны.
38% жыхароў гэтага горада хацелі б укалоцца расійскім «Спутнікам».
Варта адзначыць, што Марыупаль — адносна паспяховы горад да вайны 2022 года, які за апошнія гады стаў «вітрынай» Украіны на Усходзе, і дабіўся выдатных вынікаў у рэфармаванні розных сфер эканамічнага і сацыяльнага жыцця, істотна палепшыў сваю інфраструктуру.
Але нягледзячы на гэта, ён заставаўся самым прарасійскім вялікім горадам Украіны. Нашмат больш прарасійскім, чым Адэса ці Харкаў. Але гэта яго і ягоных жыхароў ніяк не ўратавала. Расійскія «звышдакладныя» ракеты не выбіраюць, каго яны забіваюць. Яны забіваюць аднолькава, як міфічных «бандэраўцаў», так і рускіх Марыупаля. І ў абсалютных паказчыках, рускіх і рускамоўных яны забіваюць нашмат больш.
Каментары