Лукашэнка заявіў, што літоўцы скупляюць нашы прадукты і паліва. А як насамрэч?
У Беларусі ў апошнія дні заяўляюць, што літоўцы нібыта скупляюць айчынныя тавары. У першую чаргу — соль, муку і паліва. Спачатку пра гэта пісалі дзяржаўныя СМІ, а цяпер пра ажыятаж на нашы прадукты з боку літоўцаў і палякаў заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Сёння забыліся пра ўцекачоў, пра кавід. Адкрылі мяжу і просяць: хоць бы трохі мукі, грэчкі і солі», — сказаў Лукашэнка. Zerkalo.io пацікавілася ў літоўскіх памежнікаў і мытнікаў, ці сапраўды нашыя суседзі актыўна едуць па беларускія тавары, ці заўважылі яны ажыятаж. Таксама мы параўналі цэны на некаторыя тавары ў нас і ў Літве.
Лукашэнка: Едуць, каб заправіць бак бензіну
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцтвам органаў дзяржбяспекі заявіў, што «на фоне падзей, якія адбываюцца апошнім часам, памянялася сітуацыя на заходніх межах краіны». «Паглядзіце, хто б мог падумаць: мы ўвесь час — вашы жонкі, некаторых — куды ездзілі шмоткі купляць ці яшчэ нешта? У Літву, у Польшчу. Там усё было танна. Прадукты харчавання танней, яшчэ нешта і гэтак далей. Таму што дэмпінгаваў увесь Захад, пастаўляючы прадукцыю ў Літву, ведаючы аб тым, што мы яе купім там. Мы вывозілі валюту», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, цяпер склалася адваротная сітуацыя, «калі ўжо на сумежным баку маюць патрэбу ў прадуктах харчавання з Беларусі».
«Што сёння адбываецца… мяжа ж была закрытая, баяліся кавіда з Беларусі. Але справа ж не ў кавідзе, вы разумееце. Мяжу зачынілі, каб мы туды не рухаліся. Сёння забыліся пра ўцекачоў, пра кавід. Адкрылі мяжу і просяць: хоць бы трохі мукі, грэчкі і солі. Ну балазе «Мазырсоль» працуе, можам тонамі, тысячу тон прадаць гэтай солі. Гэта таксама нашы магчымасці, каб вы ведалі. Едуць, каб заправіць бак бензіну. І будуць ехаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
ДзяржСМІ: Нашыя тавары яшчэ і радуюць якасцю
У мінулыя выходныя па дзяржаўных тэлеканалах выпусцілі сюжэты пра тое, што «літоўцы сталі масава прыязджаць у Беларусь, каб папоўніць запасы аўтамабільнага паліва і закупіцца крупамі».
«Аказваецца, схадзіць у краму за мяжой для іх цяпер больш выгадна, чым дома. Да таго ж нашыя тавары яшчэ і радуюць якасцю. Словы літоўцаў, якія прыехалі на закупы ў Беларусь праз пункт пропуску «Беняконі», — сцвярджалі дзяржСМІ.
Пры гэтым СМІ прыводзілі таксама словы, як яны сцвярджаюць, саміх літоўцаў. Вось адна з цытат: «Па два еўра нават соль сталі прадаваць… бізнэс у перакупшчыкаў. Гэта ж Літва! Вам здаецца, што ў нас там добра. На самай справе зарплата — то што — 500 еўра. 150 за кватэру аддай, на працу ездзіць — бак саляркі патрэбен…»
Пры гэтым не ўдакладняецца прафесія і месца працы. Гэта важны момант, бо нават мінімальная зарплата ў Літве перавышае 533 еўра (сума ўжо пасля выплаты падаткаў).
Літоўская памежная служба: Трафік не павысіўся
Дзяржаўнай памежнай службе Літвы паведамілі, што колькасць літоўцаў, якія ўязджаюць у Беларусь, і тых, хто вяртаецца назад, апошні месяцы ў цэлым фіксуецца на адным узроўні. Пасля пачатку вайны літоўскія памежнікі таксама не назіраюць росту колькасці грамадзян Літвы, якія хочуць адправіцца ў нашу краіну або выехаць назад.
«Трафік не павысіўся», — удакладнілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Літвы.
Па дадзеных літоўскага боку, з Літвы праз наземныя пагранпераходы ў Беларусь за першыя два тыдні выехала каля 22 тысяч літоўцаў, а ўехала назад — каля 23 тысяч. Для параўнання: за апошнія два тыдні лютага з Літвы ў нашу краіну выехала каля 23 тысяч літоўцаў, а вярнулася — каля 22 тысяч.
У Мытным дэпартамэнце пры Міністэрстве фінансаў Літвы не ўдалося атрымаць каментар пра тое, вязуць ці не літоўцы беларускія тавары, а калі так, то наколькі актыўна.
Што ў Літве з соллю, крупамі і палівам ды цэнамі на іх
У Літве цяпер назіраецца павышаны попыт на соль, асабліва — на танную. Калі яна з'яўляецца на прылаўках, то яе актыўна разбіраюць. Ажыятаж узнік на фоне вайны ў Украіне. Гандлёвыя сеткі кажуць, што недахопу солі не будзе, але ўдакладняюць, што могуць быць праблемы з пастаўкамі таннай солі.
На некаторыя крупы — грэчку і рыс — таксама назіраецца павышаны попыт, аднак пра дэфіцыт казаць не даводзіцца.
Што тычыцца цэнаў, то адны тавары ў Літве таннейшыя, чым у Беларусі (да прыкладу, мяса, гародніна, кава, садавіна), а іншыя — даражэйшыя. Калі параўноўваць кошт грэчкі, то ў нашай краіне яна таннейшая. Да прыкладу, у Вільні ў краме Lidl грэчка каштуе каля 7,6 рубля ў пераліку за кілаграм, а ў «Еўраопце» ў Мінску — 4,4 рубля за 1 кг (пазначаныя мінімальныя цэны, якія былі 15 сакавіка).
Што тычыцца паліва, то ў сакавіку ў Літве значна выраслі цэны на яго. Да прыкладу, на АЗС Circle K літр бензіну маркі АІ-95 каштуе 6,3 рубля ў пераліку. Цяпер літоўскі ўрад абмяркоўвае варыянты зніжэння цэнаў.
У Беларусі паліва танней. Так, літр бензіну АІ-95 у нашай краіне каштуе 2,14 рубля. Аднак літоўцы пры ўсім жаданні не змаглі б закупіць бензіну ў Беларусі ў запас. У Літве дзейнічае абмежаванне на ўвоз паліва для асабістага карыстання — не больш за 10 літраў у ручной ёмістасці на адну машыну.
Ехаць у такой сітуацыі за адной каністрай паліва (дапусцім, яшчэ і запоўніць бак) і некалькімі кілаграмамі грэчкі і солі, праходзячы мытны і памежны кантроль, — перспектыва відавочна з сумнеўнай фінансавай выгадай. Вяртацца з Беларусі ў Літву і заадно купіць нешта з тавараў — іншае пытанне, але і казаць у такім выпадку, што літоўцы едуць мэтанакіравана за нашымі таварамі, таксама цяжка.
Каментары