Грамадства

«Не хачу перагортваць старонку, проста каб пракарміцца». Максімальна шчырае інтэрв’ю рэаніматолага Мартава

Віцебскі рэаніматолаг Уладзімір Юр’евіч Мартаў адным з першых беларускіх медыкаў адкрыта гаварыў пра кавід і звязаныя з ім праблемы. А ў сакавіку 2021 ён расказаў пра аварыю на кіслароднай станцыі віцебскай бальніцы, у выніку чаго памерлі некалькі пацыентаў. Далей усё было чакана: камісіі, Следчы камітэт, заявы Мінздароўя і нават Лукашэнкі — і нуль вінаватых. А з самім Мартавым не працягнулі кантракт. Што з ім сёння, дзе ён знаходзіцца, чым займаецца і пра што думае, Уладзімір Мартаў распавёў «Нашай Ніве».

Уладзімір Мартаў. Фота Аляксандра Веледзімовіча для партала «Імена»

«Наша Ніва»: Чым вы займаецеся сёння? Бо хадзілі чуткі, што Мартаў з’ехаў, а калі не з’ехаў — то гэта дзіўна.

Уладзімір Мартаў: я нікуды не з’язджаў. Я прынцыповы праціўнік ад’езду. Разумею, што ў тых, хто з’ехаў, заўсёды свае прычыны, якія могуць быць як палітычныя, так і матэрыяльныя. Кожны сам вырашае. 

Але я прынцыпова не хачу з’язджаць, пакуль гэта магчыма, пакуль няма пагрозы бяспецы.

У мяне былі вельмі смешныя спрэчкі з маімі больш маладымі і больш прасунутымі калегамі — адна і тая ж тэма, якую мы пастаянна абсмоктвалі з розных бакоў.

Гаварылі пра тое, што чым з’язджаць у Канаду і рабіць там Беларусь, трэба рабіць у Беларусі Канаду. Маецца на ўвазе арганізацыя медыцынскай дапамогі і ўсякае такое. Спрэчкі банальныя, але ж, сапраўды, вельмі хочацца рабіць нешта тут.

Я не займаюся цяпер нічым. Пяць месяцаў не працую, клапаціўся трохі пра сваё здароўе. Цяпер жыву за горадам, жонка прыязджае на выходныя. Завітваюць калегі, сябры. А так сяджу адзін у вёсцы, палю ў грубцы. Адчуваю сябе спакойна — як у адпачынку, які цягнецца 5 месяцаў.

Таксама зараз думаю пра тое, што перажыў, спрабую апісаць падзеі апошніх паўтара гадоў, вопыт барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй, свае перажыванні, тое, што ведаю, тое, што бачыў. Мне гэта цікава прааналізаваць і пераўтварыць у нешта сур’ёзнае, нейкі нон-фікшн. 

Але складана, калі шчыра. Па-першае, трэба рабіць нейкія зарубкі, абапіраюся на нейкія свае дзённікі і нататкі, але ж эмоцый шмат, а трэба выкласці ўсё дакладна, у храналагічным парадку. 

«НН»: Гэта будзе кніга? Публіцыстычны праект недзе ў сеціве? 

УМ: Тут першасны тэкст. Спачатку трэба папрацаваць над ім, а пасля думаць, куды і як яго прыстроіць. Таму пакуль не ведаю, займаюся непасрэдна тэкстам, бо тыя падзеі вельмі цікавыя. Шмат што выявілі, шмат што паказалі, калі гэта забудзецца — будзе вельмі шкада. Гэта будзе няправільна.

«Нам проста забаранілі прафесійна рыхтавацца да кавіду»

«НН»: А што перыяд барацьбы з кавідам паказаў і выявіў? Якая галоўная выснова?

УМ: Я пакуль прааналізаваў першую хвалю каранавіруса. І заўважыў наступны момант. У 2009 годзе мы перажылі эпідэмію свінога грыпу, гэта было дастаткова цяжка і страшна. І падыходзячы да каранавіруса, мы бачылі і разумелі, што будзе таксама цяжка, можа нават цяжэй, але мы прыкладна ўяўляем, што рабіць. І мы ведалі, што пры належнай арганізацыі і правільным падыходзе мусім справіцца. І па вопыту Германіі, іншых развітых краін мы разумелі, што там шмат хворых, памерлых, ім было цяжка — але яны справіліся.

І ў мяне была ілюзія, што мы таксама мусім справіцца з кавідам, у чым праблема? І калі мы проста ўсё правалілі… Узнікла пытанне, якое мы таксама абмяркоўвалі з маладымі калегамі ў ардынатарскіх: чаму мы не Германія? 

А я не разумею, чаму. Бо нам нічога не перашкаджае быць у медыцынскім сэнсе Германіяй. Але мы не Германія, нават блізка. Мы зрабілі ўсё наадварот. І гэта незразумела. 

«НН»: Кажаце, нічога не перашкаджае быць Германіяй у медыцынскім сэнсе. А як жа недахоп кадраў, старое абсталяванне?

УМ: Магу казаць толькі за сваю віцебскую бальніцу. Там было не новае абсталяванне, так, але яно было, яно было добрага ўзроўню і на ім магчыма было працаваць. Тут не ў гэтым праблема. Мы ж правалілі ўсё арганізацыйна.

Нам проста забаранілі прафесійна рыхтавацца да кавіду, бо было прынята рашэнне: «Нічога страшнага, і так перажывем, нічога не трэба рабіць». І для прафесіянала — гэта дзіка. Але вертыкаль так званая забараніла панікаваць, а панікаваць значыла ў тым ліку рыхтавацца да пандэміі.

Хоць паніку і нельга забараніць, бо калі яе забараняеш — яна толькі павялічваецца. Не тушаць вогнішча бензінам. Забараніць рыхтавацца да эпідэміі — раздуваць паніку. Таму тое, што адбывалася, — гэта дзікае Сярэднявечча.

Прычым медыкам жа нічога не перашкаджала, мы ведалі і разумелі, што рабіць. Але нам проста забаранілі гэта рабіць. І гэта незразумела.

І мы прайшлі першую хвалю, ну неяк выграблі, хтосьці выжыў, хтосьці памёр… З’явіўся ўжо нейкі вопыт. І другая хваля пачалася так, нібыта першай не было. І ўсё спачатку. Гэта шаленства проста, гэта дзікунства. І гэта патрабуе абмеркавання, бо я не разумею, хто ад таго выйграў. Навошта так было зроблена? Тут рацыянальнасці няшмат. 

«НН»: Ну зараз таксама кажуць пра нашу ўнікальную мадэль барацьбы з «каронай», якой усе зайздросцяць.

УМ: Гэта выдатна проста. Гэта трэба выбіць на скрыжалях і вывесіць на плакатах у цэнтры горада. Хай бы хуткія везлі хворых у бальніцы і бачылі на плошчах такія банеры: «Мы справіліся!». Каб людзі гэта чыталі і разумелі, дзе жывуць. Гэта было б моцна, усе такія лозунгі абавязкова трэба вывешваць. 

«У гэтай сістэме шмат людзей, якія б у нармальнай былі б проста нікім»

«НН»: А як вы самі адказваеце на пытанне, чаму Беларусь не Канада ці не Германія?

УМ: Усё даволі банальна. Уявіце: наш малады доктар, звычайны нармальны спецыяліст, нічога асаблівага, прафесарам не стане, але не дурны, са здольнасцямі. Пераязджае ў Еўропу — і выдатна там працуе, нічога страшнага з ім не адбываецца. Нармальна працуе на нармальным сучасным абсталяванні, яго ўзровень цалкам адпавядае сучаснай медыцыне.

Але тут гэтае адпавяданне нікому не трэба, і гэта мяне здзіўляе. Калі той жа доктар прыязджае ў беларускі раён, мае ідэі, ідзе з імі да галоўнага доктара. А той глядзіць на маладога і думае: «Ну ты што, хлопчык? Мы тут жывем інакш, мы так прывыклі». 

І гэты феномен, які можна ахарактарызаваць прымаўкай «Маладое віно, старыя мяхі». І гэта катастрофа. І гэтая сістэма працягвае сама сябе ўзнаўляць, людзі займаюць у ёй важныя пасты, убудоўваюцца ў сістэму і пачынаюць ёй такім жа чынам кіраваць. А медыцына трохі пра іншае.

І ў гэтай сістэме шмат людзей, якія б у нармальнай былі б проста нікім. Бо яны не дактары, незразумела чым займаюцца. Калісьці я сам назваў іх камісарамі пры вайсковых спецыялістах.

І гэта наша вялікая праблема — чым мы займаемся. Чым займаецца Мінздароўя і ўся сістэма аховы здароўя? Яна зусім не пра медыцыну, пра гэта там і гаворкі няма. І каранавірус гэта паказаў. 

«НН»: Пра што тады гэтая сістэма, калі не пра медыцыну?

УМ: Пра сябе любімых найперш. Пра карупцыю. Яна сама сябе корміць, а што там недзе ёсць пацыенты — нікому асабліва не трэба. 

Разумееце, што бачна нават у апошнія месяцы: медыкаў звальняюць, яны з’язджаюць, іх арыштоўваюць. А гэта нікога не цікавіць і ніяк не ўплывае на ход сістэмы. З пункту гледжання медыцыны гэта катастрофа, а з пункту гледжання сістэмы — «па барабану», і без іх абыдземся.

Трэба, каб на першым месцы ў медыка стаяў вопыт, прафесійныя навыкі — а гэта нікому не трэба, сёння не ў гэтым справа. Галоўнае — маўчаць.

Вы моўчкі працуйце, пасля робіце тое, што кажуць, пасля можа не хопіць сродкаў абароны, а можа вы нават і памраце — але гэта няважна, галоўнае, каб усё было ціха. Гэта дзіўная сістэма, дзіўная.

Але гэта ж самаедства. І што далей будзе? Мне не зразумела такое.

Гэта ўжо можа палітыка, але ж пры сапраўднай дэмакратыі, якая пранізвае грамадства «ад каранёў травы», то-бок знізу ўверх, калі чалавек займаецца і сваім домам, і дваром, то ўсе недахопы месца, у якім ты жывеш, табе бачныя і вядомыя, табе немагчыма задурыць галаву.

А пры дыктатуры позірк заўсёды зверху ўніз, а што там унізе — ужо і не асабліва бачна. І выправіць знізу ты нічога не можаш, бо не маеш доступу наверх. А зверху твае нізавыя праблемы незаўважныя і непатрэбныя.

Драпіроўка рэчаіснасці на справе не працуе. Таму пры дэмакратыі заўсёды парадак, а пры дыктатуры — заўсёды бардак. Гэта мая выснова пасля назірання за палітычнымі сістэмамі іншых краін.

«НН»: А чаму вы вырашылі займацца сабою, пісаць кнігу? Няўжо не было прапановаў ад беларускіх медыцынскіх установаў, ад замежнікаў?

УМ: Прапановы былі. Але за мяжу я не хачу, я ўжо казаў. А ў Беларусі прапановы проста падпрацаваць, каб перасядзець,мне не падыходзяць.

Я не хачу перагортваць старонку дзеля таго, каб проста пракарміцца. Вось такі лозунг у мяне.

Але я і сам пакуль не ведаю, што гэта дакладна значыць, я яшчэ не вырашыў.

«Медыцына мне вельмі цікавая, а гэтая мішура, вакол якой корміцца ўся гэтая кампанія, гэта ж жудасна»

«НН»: У вас няма чорнай меткі пасля звальнення? Негалоснай забароны, што Мартава не браць на працу?

УМ: Дакладна я не ведаю. Але мяркую, што ёсць. 

Але гэта смешная тэма. Бо калі проста вярнуцца на працу, то ўзнікаюць пытанні. Нават не палітычныя — і ў маім звальненні палітыкі амаль не было, гэта было не пра палітыку. 

Узнікаюць пытанні іншага кшталту. Бо трэба будзе ўступіць у прафсаюз, здаць грошы на Чырвоны крыж, падпісацца на газеты… Гэта я буду вымушаны зноў пагрузіцца ў сістэму, якая сапраўды не пра медыцыну.

Медыцына мне вельмі цікавая, а гэтая мішура, вакол якой корміцца ўся гэтая кампанія, гэта ж жудасна. І, калі шчыра казаць, проста непрыстойна.

І з гэтым вельмі не хочацца зноў сутыкацца, бо атрымліваецца, што я проста перагарну старонку. Гэта як прашэнне аб памілаванні — разумею, што нельга параўноўваць, але нешта агульнае ў гэтым ёсць.

«НН»: Кажаце, вашае звальненне — не палітыка. А што тады? Бо выглядала, што Мартаў не маўчыць — Мартава за гэта выкідваюць.

УМ: Канечне, не палітыка. Бо абмяркоўваць агрэхі медыцынскага менеджменту — гэта не пра палітыку, гэта пра прафнепрыдатнасць. Людзей назначаюць, сыходзячы з іх лаяльнасці на сур’ёзныя пасады з вялікімі паўнамоцтвамі. І калі б такія паўнамоцтвы былі ў звычайнай сістэме, яны кампенсуюцца іншымі.

А калі прыйшоў кавід, людзі пачалі прымаць дзікія рашэнні, рабіць дзікія проста ўчынкі, і гэта каштавала жыццяў. Прычым, калі гэтыя рашэнні прымаюцца зусім блізка, ты проста сам бачыш, як паміраюць людзі праз нейкае глупства… Вось гэта цяжка пераносіць. Нас вучылі іншаму, мы, на хвіліначку, пра медыцыну якраз.

І да таго ж каранавірусная эпідэмія — гэта час вар’яцкіх ідэй, час шалёных грошай, алхімікаў, якія прапануюць здабываць золата са ртуці. І гэтыя подласці здзяйсняліся на нашых вачах. І пра гэта маўчаць было складана.

«НН»: У нейкім інтэрв’ю вы казалі, што, цытата, «зверху спрабавалі навязаць вельмі дзіўныя рэчы. Напрыклад, нам прыйшлося адбівацца ад ідэі выкарыстоўваць таблеткі віягры ў выглядзе рэктальных свечак для барацьбы з каранавірусам. На шчасце, адбіліся, але колькі сіл выдаткавалі».

Гэта хтосьці прыдумаў, што трэба чалавеку засунуць у пятую кропку таблетку віягры, каб перамагчы кавід?

УМ: Так. І гэтыя людзі мелі магчымасць арганізаваць такое ў прамысловых маштабах. У нас у Беларусі даволі добрая фармацэўтычная вытворчасць, і на іх ёсць выхады. Гэта было магчыма. Гэта дзікунства, гэта было проста дзіка пачуць. І я разумею, што той эпізод — адзін з тых, за якія мяне «папрасілі» з працы.

Ды і хрэн з ёю, з той віяграй. Гэта такі камічны эпізод, хоць і абсалютная праўда. У маім звальненні ёсць адзін момант — мяне ж не проста знялі з пасады загадчыка, мне не працягнулі кантракт. А гэта па нашых мерках выпадак выключны, такога амаль не бывае.

Звычайна нязручнага спецыяліста здымаюць з пасады, але не звальняюць. Пакідаюць доктарам, ходзіш там, калупаешся. Таму такое звальненне трэба было заслужыць.

«НН»: У сакавіку вы расказалі пра аварыю ў сістэме падачы кіслароду ў віцебскай бальніцы хуткай дапамогі, расказалі, што праз гэта памерлі пацыенты. Чым скончылася расследаванне той гісторыі? 

УМ: Нічым.

Да мяне прыязджалі следчыя на працы, пасля двойчы апытвалі яшчэ. Агулам яны апыталі чалавек 50, увесь персанал. І з часам стала зразумела, што нічога не будзе, сістэма не хоча агалошваць гэта далей, будуць справу «засушваць».

І ў адзін момант я спытаў у следчых, ці разумеюць яны, што займаюцца лухтой? Адказ быў: хочам шчыра адпрацаваць, скласці дакументы, і проста будзе справа. Проста, як гэта было.

Таму скончылася нічым. Справай займаўся СК. Па лініі Мінздароўя рашэнне было такое: ніхто праз гэта не загінуў, усё добра.

«Усе кажуць: «Малайчына, што не маўчаў!»

«НН»: Так, Піневіч казаў, што, па іх звестках, смерць пацыентаў не была звязаная з падачай кіслароду на апараты ШВЛ.

УМ: (смяецца) Ён проста кажа лухту. Бо трэба асэнсоўваць і разумець, што гэта было. Кісларод сканчваўся і раней, але да кавіду гэта не прыводзіла да катастрофы. А тут была катастрофа, і гэта патрабуе тлумачэнняў. Але ніхто не зацікаўлены ў разборы праблемы.

Цяпер ідзе новая хваля кавіду, пад пацыентаў з каранавірусам ужо рыхтуюць медустановы, але тая мая бальніца не разгортваецца пад кавід. Што там з кіслародам? Чаму так? Я не ведаю. Але гэта вельмі цікава.

«НН»: Каб кагосьці пакаралі за тую сітуацыю, інфармацыі няма?

УМ: Не, дык вядома і зразумела, што ніхто ні за што не адказаў. Няма ж ніякіх праблем.

«НН»: Калі вы распавялі публічна пра гэта, навіна была паўсюль. Не было страшна?

УМ: Баяўся, канечне, было непрыемна. Рыхтаваўся да найгоршага. Але ж я быў не проста доктар, я быў загадчык аддзялення. І мае людзі глядзелі на мяне, яны не разумелі, што ім рабіць. Бо пацыенты паміраюць, тэхнічныя моманты не вырашаюцца, а ніхто з начальнікаў, такое ўражанне, што не разумее, у чым праблема. А яна была — і яна мела рашэнне.

І калі казаць пра палітыку, то я пракаментаваў журналістам другую хвалю, сказаў, што да яе не рыхтаваліся, аўтазакі былі важнейшыя. Тады мяне выклікалі ў Аблздароўя і сказалі: Мартаў, не пішы пра медыцыну, пішы пра палітыку! Зараз я аналізую гэты пасыл так: Мартаў, займайся палітыкай, мы цябе пасадзім за гэта, а ў медыцыне будзем самі вырашаць свае праблемы.

Там адбылася яшчэ вельмі цікавая падзея. Перабоі з кіслародам пачыналіся раней, у кастрычніку яшчэ, пасля лістапада, снежань… Праблемы былі адзінкавыя, але ўжо было бачна, што нешта не так. І мы звярнуліся да галоўнага доктара, але не знайшлі падтрымкі. 

Але нас гэта вельмі напружвала, бо праблемы сталі рэгулярнымі і пацыенты гэта цяжка пераносілі. Калі адбылася тая катастрофа, то я не атрымаў адказаў ад галоўнага доктара. І тады я звярнуўся да міністра.

«НН»: Якім чынам? Напісалі ліст?

УМ: Не. Яшчэ раней, у верасні, сам міністр збіраў усіх актыўных медыкаў. Я быў, Андрэй Вітушка быў, іншыя.

І быў створаны тэлеграм-канал для прамой сувязі з міністрам, у абыход усіх нашых начальнікаў, каб яны не перашкаджалі даносіць сур’ёзныя праблемы. Пасля, праўда, гэты тэлеграм-канал пачаў развальвацца, бо частка медыкаў была арыштаваная, частку звольнілі, частка сама выйшла.

А я застаўся. І калі здарылася тая бяда, то 8 студзеня я напісаў міністру.

З таго моманту ў бальніцы мяне выключылі з ліку тых, з кім «можна мець справы», амаль не размаўлялі. І гэта ў выніку і прывяло да майго звальнення.

А міністр у адказ на мой зварот прыслаў камісію. Камісія дала мне вымову. І яна не абмяркоўвала тэму кіслароду. 

Гэты эпізод вельмі паказальны, смешны і цікавы.

Фота Аляксандра Веледзімовіча для партала «Імена»

«НН»: Ёсць калегі, якія перасталі падтрымліваць зносіны з вамі па палітычных прычынах пасля вашага звальнення?

УМ: Не, такога няма. Я шмат нагаварыў, можа, і глупства было таксама, але ні разу ніхто не сказаў з калег, што я дарма вылез. А нядаўна было 30 гадоў, як я скончыў інстытут, мы сустракаліся вялікім калектывам, і ўсе сказалі: «Валодзя, мы цябе падтрымліваем!» Усе кажуць: «Малайчына, што не маўчаў!»

«Палітыка на першым месцы, лаяльнасць на першым месцы, «галоўнае не вылазіць!» — на першым месцы»

«НН»: Што расказваюць калегі, што адбываецца ў медыцыне зараз?

УМ: У мяне шмат калег з’ехала, вельмі шмат. Быў Дзень медыка ўлетку, я пісаў калегам — і шмат хто ўжо за мяжою. Германія, Польшча… Для мяне проста шок. Мы ж самі сабе рыхтуем медыкаў, вучым, як той казаў, рыхтуем тых, хто нас будзе саміх лячыць. Дык вось, не будуць яны нас лячыць, яны з’язджаюць. І нічога не зробіш. А калі людзі ў такім узросце з’язджаюць, то ўжо не вернуцца. І гэта катастрофа.

А што тычыцца эпідэміялагічнай абстаноўкі, то я сам чытаю навіны, слухаю людзей, бачу, што набліжаецца чарговая хваля кавіду.

«НН»: Ужо ж гэта і афіцыйна прызналі.

УМ: Гэта, канечне, добра, але ж з гэтым мусяць ісці яшчэ і важныя арганізацыйныя рашэнні. А для гэтага патрэбны менеджмент. А калі нашыя кіраўнікі не менеджары, а незразумела хто, камісары з нізкай медпадрыхтоўкай, то чакаць, што зараз справімся… 

Справа ж не ў тым, каб прывезці сродкі абароны. Гэта было важна ў самым пачатку. Цяпер сродкі ўсе ёсць — а мазгоў усё роўна няма. І палітыка на першым месцы, лаяльнасць на першым месцы, «галоўнае не вылазіць!» — на першым месцы. 

Але гэта не паўсюль, канечне, кіраўнікі ёсць розныя. Хапае і кепскіх, але хапае і добрых.

«НН»: Каранік нядаўна сказаў: «У рэгіёнах сітуацыя кантраляваная. За гэты час назапашаны вопыт, які дазваляе адэкватна рэагаваць, ацэньваць і прагназаваць сітуацыю».

УМ: (доўга і сумна смяецца). Што магу сказаць — мы па-рознаму прайшлі першую хвалю. І многія адміністратары прайшлі не бліскуча, а некаторыя шчыра праваліліся. І ўсе засталіся на сваіх месцах, нехта нават атрымаў узнагароды. І пасля абсалютна так жа правалілі другую хвалю. Бо тыя ж людзі з тымі ж навыкамі не могуць зрабіць нешта новае.

І калі Каранік кажа, што мы там недзе справіліся, то зразумела, што гэта палітычная заява, яна не мае дачынення да медыцыны. І хто назапасіў вопыт? Тыя людзі, якія хаваліся ў першую хвалю? Бо некаторыя тады проста збягалі са сваіх бальніц, хаваліся, бралі бальнічныя, толькі каб не ўдзельнічаць. 

Што могуць назапашваць тыя ж менеджары? Што можа назапасіць чалавек з пазіцыяй «Чаго жадаеце»? 

Праблема ж узнікае заўсёды ў пацыента. Перадаецца доктару і ад яго ўверх: загадчыку аддзялення, галоўнаму доктару, і так вышэй.

А калі зверху не разумеюць праблемы, не хочуць нічога вырашаць, праз недахопы прафесійнай падрыхтоўкі не разумеюць сутнасці, то тады праблема застаецца на ўзроўні пацыента і яго доктара. І гэта ступар, затык, як хочаце назавіце, але вы нічога не можаце зрабіць у такіх умовах.

 «НН»: Калі пачалася «карона», медыкаў усе пачалі ўспрымаць як герояў. Праз 1,5 года змянілася стаўленне людзей?

УМ: Стаўленне да добрых дактароў — вельмі добрае. Раней, да «кароны», я такога не бачыў. Яшчэ, можа, за 1,5 года стала бачнай розніца паміж медыкамі і начальнікамі, стала заўважна, што медыкі стараюцца. Ім часам не даюць, няма магчымасці, але яны гатовыя дапамагаць.

Але цяпер з’яўляюцца праблемы з даплатамі. Раней даплачвалі вялікія грошы, цяпер мяняюцца правілы. Трэба даказваць, што працаваў з кавідам… Пачынаецца зноў сярэднявечнае дзікунства, нібыта мы не разумеем, што такое кавід і што з ім рабіць. А калі аплата выходзіць на першае месца, то далей пачынаецца шаленства.

Усё ж бухгалтэрыя ў медыцыне мусіць быць другаснай, а зараз яна на першым плане, бо грошай няма. З чаго пачыналася другая хваля «кароны»? З таго, што нам сказалі: вы за першую хвалю патрацілі гадавы бюджэт бальніцы, давайце будзем эканоміць!

І з гэтым лозунгам мы ўвайшлі ў другую хвалю. Гэта быў верасень 2020-га. Але гэта пандэмія, гэта катастрофа, якая патрабуе экстраардынарных мераў і экстраардынарнага бюджэту, а не таго, што вы заклалі на год звычайнага жыцця. І галоўнае — гэта проста непрафесійна. Вось што кепска. Бо калі прафесіянал эканоміць грошы і калі эканоміць чалавек з кепскай прафесійнай падрыхтоўкай, то яны эканомяць на розных рэчах. 

«Бацька мой быў прафесар хірургіі. Ён мне казаў, што такога жудаснага кадравага адбору ў савецкія часы не было»

«НН»: А верыце ў афіцыйныя звесткі па кавіду, якія публікуюцца штодня?

УМ: Не, гэта нават несур’ёзна абмяркоўваць. Гэта не мае дачынення да рэальнасці. Я не магу казаць пра сённяшні дзень, але падчас маёй працы былі эпізоды, калі ў нашай бальніцы памерла 7 чалавек за адно дзяжурства. І ў калег у суседняй бальніцы таксама памерла сямёра. І гэта толькі Віцебск! А афіцыйная статыстыка мне кажа: памерла 7 чалавек па ўсёй краіне. Выглядае проста смешна.

Другі момант яшчэ больш цікавы. Калі падчас першай хвалі захварэлі мае родныя і да іх прыходзілі з паліклінікі, то было забаронена браць мазкі амбулаторна. Пасля, калі прызнавалі, што ёсць асяродак, прыходзілі ўжо экіпіраваныя, рабілі мазкі толькі тады.

А калі не бярэш мазок — няма выпадку кавіду. Можна не ўлічваць і можна не плаціць. 

І статыстыка зверху не мае нічога агульнага з тым, што падаюць дактары. Мо год таму мы падавалі рэальныя лічбы, і зразумела, што афіцыйныя лічбы малюем не мы і нават не Аблздароўя, а вышэй.

«НН»: Скажыце як медык, закрыццё межаў на выезд — гэта сапраўды такая ўдалая санэпідэміялагічная мера?

УМ: Гэта якраз наадварот. На ўезд я яшчэ б зразумеў, а на выезд? Мы каго ратуем: сябе ці тых, хто навокал? Гэта не мае дачынення да медыцыны.

«НН»: Пытанне не пра медыцыну. Вы 1968 года нараджэння, частка маладосці прайшла пры СССР. Цяпер нярэдка параўноўваюць сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі з вяртаннем у савецкія часы. І зараз шмат каму страшна, зусім маладыя людзі нярэдка кажуць: баюся, што прыйдуць «яны». «Яны забяруць», «яны затрымаюць», «яны пасадзяць». Ці было вам страшна падчас жыцця ў Савецкім Саюзе? Страшна выказвацца, страшна нешта рабіць?

УМ: Не, я быў малады, і мне нічога не было страшна. Я быў поўны сіл і энергіі, ведаў, што ўсё будзе добра і была вера ў светлую будучыню. Неабавязкова камуністычную — бо калі я ў 1985 годзе трапіў у калгас, гэта быў проста ціхі жах. Але было адчуванне, што будуць змены і ў медыцыне, і ў палітыцы. 

І сённяшні час не падобны на той усё ж. Бацька мой быў прафесар хірургіі. Ён мне казаў, што такога жудаснага кадравага адбору ў савецкія часы не было. Там дурняў наверсе не трымалі. Людзі хаця б умелі вырашаць пытанні і кіраваць. Такога, каб проста за лаяльнасць трымалі, каб ад чалавека нешта залежала, а ён быў зусім дурань — такога не было. А цяпер гэтага хапае. І не сёння пачалося і не толькі ў медыцыне.

І такога падзелу на «яны» і «мы» не было. А сёння адчуванне акупацыйнага рэжыму вельмі яўнае. Я прыязджаў год таму ў Мінск, у верасні 2020-га, і было проста непрыемна хадзіць — бо ходзіш па акупаваным горадзе. І сёння я перастаў ездзіць у Мінск праз гэтае адчуванне. 

У Віцебску неяк гэта не так адчуваецца. Можа, горад больш родны, можа, сілавікоў менш.

«НН»: А ў чым галоўнае адрозненне паміж сённяшняй Беларуссю і Беларуссю савецкай?

УМ: Дакладна не скажу, я не задумваўся пра гэта. Але, магчыма, сёння неяк больш цынізму. Тады была змена пакаленняў, з кожным пакаленнем камуністычныя ідэалы губляліся, але нейкі шлейф усё ж цягнуўся. А сёння я не разумею, пра якую ідэалогію нам кажуць. Бо няма ніякай ідэалогіі, проста няма. Акрамя аднаго чалавека і яго праблем — няма. Застаецца хіба заплюшчыць на ўсё вочы і казаць, што кароль заўсёды мае рацыю, каб атрымаць месца яго лоўчага, краўчага ці яшчэ каго побач. 

Агульнае хіба, што шчырасць не любілі ані тады, ані зараз.

«НН»: Што такое чалавек для сённяшняй беларускай сістэмы? Ён увогуле мае нейкае значэнне?

УМ: Напэўна, чалавек для іх — рэсурс. Калі ён супраць, то рэсурс адмоўны, а калі «за» ці хаця б маўчыць — станоўчы рэсурс, якім можна і трэба карыстацца. І ўсё. Ніякага клопату пра яго няма, няма нічога сацыяльнага, нават блізка. 

Каментары

Ганна Канапацкая патлумачыла, чаму не выдаляе здымкі з БЧБ-сімволікай з сацсетак. Вы будзеце смяяцца4

Ганна Канапацкая патлумачыла, чаму не выдаляе здымкі з БЧБ-сімволікай з сацсетак. Вы будзеце смяяцца

Усе навіны →
Усе навіны

Францыя і Брытанія таксама дазволілі Украіне атакаваць тэрыторыю РФ дальнабойнымі ракетамі SCALP / Storm Shadow12

Байдэн дазволіў Украіне наносіць удары па Расіі амерыканскімі ракетамі далёкага радыусу дзеяння24

Затрымалі кіраўніцтва «Дана Астра»8

«Сабаку не гладзіць!» Рэзідэнцыю Трампа пачалі ахоўваць сабакі-робаты

У Расонскім раёне перакулілася лодка, загінулі рыбакі

«Якіх нерваў гэта каштавала!» Ці лёгка дачакацца машыну з Кітая?1

Вячорка: Сярод заходніх палітыкаў існуе жаданне хутчэй скончыць вайну любой цаной. І гэтай цаной можа стаць Беларусь49

«Паняцця «прабачыць» не будзе». Ігар Кізім — пра Беларусь на пасляваенных перамовах42

«Нядобрыя навіны». Шольц распавёў пра сваю тэлефонную размову з Пуціным5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ганна Канапацкая патлумачыла, чаму не выдаляе здымкі з БЧБ-сімволікай з сацсетак. Вы будзеце смяяцца4

Ганна Канапацкая патлумачыла, чаму не выдаляе здымкі з БЧБ-сімволікай з сацсетак. Вы будзеце смяяцца

Галоўнае
Усе навіны →