Нечаканыя факты пра Вольгу Няфёдаву і Руслана Аляхно, якія сталі заслужанымі артыстамі Беларусі
Літаральна днямі стала вядома, што ў краіне папоўніўся спіс заслужаных артыстаў Беларусі. Такія званні атрымалі мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Вольга Няфёдава і спявак Руслан Аляхно. Сабралі некаторыя нечаканыя факты пра іх.
Заваліла іспыты ў інстытуце з-за зорнай хваробы.
Вольга Няфёдава не паступіла ў Маскву ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага майстэрства (ГІТІС), заваліўшы апошні экзамен — сачыненне, якое з-за зорнай хваробы «пісала адной левай. За ўсё юнацтва страшнейшага ўдару не было».
Працавала на фарфоравым заводзе
Пасля правалу іспытаў яна вярнулася ў Мінск і пайшла працаваць на фарфоравы завод.
«І гэта была сапраўдная школа жыцця», — згадвала актрыса. «Самае страшнае для мяне — ранні пад'ём. Мама палівала мяне вадой, каб я прачнулася а шостай раніцы, бо а восьмай трэба быць на заводзе. Спачатку працавала рабочай: лічыла талеркі і сачыла, каб яны былі не бітыя, ставіла іх у скрыні і падымала на канвеер.
А праз некалькі месяцаў я стала кантралёркай АТК, а гэта яшчэ горш, чым проста рабочы. Я павінна была хадзіць з лінейкай і выяўляць брак. Добра, што фарфоравы завод быў у маім жыцці, бо на наступны год я адразу паступіла».
10 гадоў спускала грошы ў казіно
«Гэта быў перыяд жыцця з 1995-га па 2005-ы. «Некалькі машын, думаю, я прайграла. Ганарары за здымкі тады былі добрыя. Гэта сапраўды хвароба, пры дапамозе мамы я змагла спыніцца», — згадвала Вольга.
Больш за 20 гадоў не мела галоўных роляў у Купалаўскім
У адным са сваіх інтэрв'ю Няфёдава крыўдзілася, што мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін не даваў ёй галоўныя ролі.
«Я 26 гадоў працую ў Купалаўскім тэатры, але самыя галоўныя і крутыя свае ролі сыграла ў першыя тры гады. … Магчыма, таму што ў мяне складаны характар, я магу спрачацца з рэжысёрам, калі мне нешта не падабаецца. Цяпер жа ідуць па шляху найменшага супраціву, спектаклі часам робяць за месяц. Усё круціцца вакол спажывецкага свету, тэатр. Нейкія ролі мне сёння адшпільвае — менавіта «адшпільвае», — казала яна ў інтэрв’ю 2018-га года.
Расплакалася перад Лукашэнкам
У лютым 2021 года, калі Лукашэнка наведаў тэатр, Вольга нават расплакалася перад ім. Яна заявіла, што вельмі хваравіта ўспрыняла сыход з тэатра значнай часткі трупы і ёй сорамна за калегаў.
«Стаяла ўжо такое пытанне — радзімы. Не проста сцягі, яшчэ нешта. А менавіта радзімы, якую сапраўды хапнуць і не заўважаць. Тут глабальны момант. Як яны не зразумелі? Чаму яны так купіліся? Здалі за бесцань, не падумаўшы? Я не ведаю…» — эмацыйна выказалася тады артыстка.
Іграла «Паўлінку» на адкрыцці алкагольнай крамы
У чэрвені 2021 года Няфёдава, ужо ў статусе мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра, выступіла на адкрыцці крамы алкаголю «Белмытнясэрвіс» у Маладзечне. Разам з вядомай актрысай Купалаўскага тэатра Тамарай Міронавай яна іграла ўрывак з п'есы «Паўлінка».
Цікавосткі пра Руслана Аляхно
Праславіўся ў 2004-м, калі перамог на праекце «Народны артыст — 2». Яго песня «Необыкновенная» гучала на ўсіх ФМ-станцыях, а Руслана сталі ахвотна запрашаць на розныя імпрэзы і канцэрты.
Атрымаў у падарунак памяшканне ў Баранавічах
У 2007 годзе прайшлі чуткі, што Руслан адкрые свой рэстаран у Баранавічах, яму падарылі памяшканне. Аднак ён проста прадаў яго. «Зарабіў нядрэнна, хоць цяпер гэта каштавала б даражэй», — казаў ён.
Таксама ў то час вядомая беларуская кампанія бялізны выпускала рэчы з яго імем і ініцыяламі.
Прадстаўляў Беларусь на «Еўрабачанні»
У 2008-м годзе Аляхно выступаў на конкурсе з песняй Hasta la Vista, аднак не здолеў прабіцца ў фінал, заняўшы ў сваім паўфінале 17-е месца.
Дарэчы, выйграў тое «Еўрабачанне» Дзіма Білан, а ў наступны год, у 2009-м, у Маскве перамогу атрымаў ураджэнец Мінска Аляксандр Рыбак, які прадстаўляў Нарвегію.
Мае ордэн «За ўклад і развіццё культуры Расіі»
У 2014-м годзе расійская «Міжнародная акадэмія грамадскага прызнання» ўзнагародзіла Руслана Аляхно ордэнам «За ўклад і развіццё культуры Расіі».
Быў у шлюбе з папулярнай актрысай Ірынай Мядзведзевай
Ірына Мядзведзева, якая стала вядомай праз папулярную перадачу «6 кадраў», як і Руслан, адправіліся штурмаваць Маскву ў 2004 годзе.
Пара пяць гадоў жыла грамадзянскім шлюбам, а аформілі свае адносіны толькі ў ліпені 2009 года. Аднак шлюб распаўся ўжо ў 2011 годзе. Тым не менш, Руслан Аляхно і Ірына Мядзведзева пасля засталіся досыць блізкімі людзьмі.
Праваліўся ў расійскім «Голасе»
У 2019-м Руслан вырашыў паўдзельнічаць у расійскім шоу «Голас». Па яго словах, каб паспрабаваць свае сілы і лішні раз нагадаць пра сябе, аднак з трэскам праваліўся.
Пасля выканання песні эстонскага спевака Яака Ёалы «Падбяру музыку» ніхто з членаў журы не павярнуўся да яго (г. зв. сляпое галасаванне»), і беларускі выканаўца не прайшоў у наступны этап.
Валерыю Сюткіну не спадабалася залішняя акадэмічнасць, а Канстанцін Меладзэ наогул заявіў, спевы Руслана падобныя на рэстаранныя і іх трэба слухаць «выпіўшы».
Мае медаль Францыска Скарыны
У тым жа 2019-м Руслан быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, што, па яго словах, «стала вельмі хвалюючай падзеяй у яго жыцці».
Зняўся ў нашумелым кліпе «Любимую не отдают»
«Мая пазіцыя — за мір і дружбу з Расіяй, за мір у маёй краіне, — тлумачыў ён увосень 2020-га. — Песня «Любимую не отдают» — пацвярджэнне таму».
Руслан атрымаў вялікую порцыю крытыкі. Аднак тады ён выказаў меркаванне, што наўрад ці яму ў каментарах пішуць беларусы. «Думаю, дзесьці сядзяць людзі, скажам так, у найбліжэйшым замежжы — у Літве, Польшчы — адтуль прыходзяць такія лісты», — сказаў ён.
Каментары