«Зрабіў падсечку і стаў душыць канваіра»: на 16-гадовага палітвязня з Гомеля могуць завесці яшчэ адну справу
Мікіта Залатароў ад 11 жніўня знаходзіцца ў няволі. Ён быў арыштаваны па крымінальнай справе аб «кактэйлях Молатава».
Паводле следства, пасля выбараў 28-гадовы Леанід Кавалёў схаваў у дварах кактэйлі Молатава, а пазней знайшоў выканаўцаў — 25-гадовага Дзмітрыя Карнеева і 16-гадовага Мікіту Залатарова. Тыя нібыта кідалі выбухоўку ў бок салдат унутраных войскаў, але не нанеслі нікому шкоды. У хуткім часе ўсе былі затрыманыя.
Залатароў і Кавалёў сваёй віны не прызналі, Карнееў — прызнаў. У выніку Карнееў быў прысуджаны да 8 гадоў зняволення, Кавалёў — да шасці, Залатароў — да пяці.
Напрыканцы лютага Мікіта быў прызнаны праваабарончымі арганізацыямі палітычным вязнем. Бацькам хлопца Міхаіл Лапуноў у час судовага працэсу расказваў журналістам, што ягонага сына збіваюць у зняволенні.
«Дзесьці прыкладна паўтара тыдні таму быў на допыце Мікіты. Паколькі ён непаўналетні, то допыты павінны адбывацца ў прысутнасці аднаго з бацькоў, сацыяльнага работніка, псіхолага, — расказвае Міхаіл Лапуноў. —
Мяне прывялі, Мікіта пытаецца: «Татка, што я тут раблю?» Я пачытаў справу, там літаральна паўаркушыка — нібыта Мікіта, калі яго выводзілі з кабінета псіхолага, зрабіў падсечку, а потым душыў канваіра. Як вы гэта сабе ўяўляеце? У майго сына 50 кілаграмаў вагі, а там такія дылды працуюць».
На гэты момант Залатароў праходзіць у якасці падазраванага. «Я пытаўся: «Сынку, ты гэта рабіў?» Ён мне адказвае, што нічога не рабіў і ўвогуле не разумее, чаму да яго пастаянна чапляюцца. Ім не падабаецца, што сына прызналі палітвязнем, адзін з супрацоўнікаў простым тэкстам казаў: «Ты палітычны, ты тут здохнеш».
Разумееце, Мікіта ж нават не разумее, што гэта такое. Ён у мяне пытаўся: «Тата, а што такое палітычны?» Мне здаецца, яны хочуць накінуць на яго яшчэ адну крымінальную справу. Каб мець фармальную прычыну пакінуць яго за кратамі, калі пачнуць выпускаць палітвязняў», — разважае Міхаіл Лапуноў.
Мікіта Залатароў хварэе на абсанс — гэта адна з формаў эпілепсіі, якая характарызуецца вялікай колькасцю прыступаў. Для хлопца жыццёва неабходна прымаць лекі. «Калі ён быў у ІЧУ, то на працягу 10 дзён яму не давалі ўвогуле лекаў. У СІЗА мы перадалі на два тыдні, але нам сказалі, каб болей гэтага не рабілі, маўляў, яны будуць самі даваць лекі.
У час апошняга спаткання я папытаўся ў сына, як яму даюць лекі, папрасіў ацаніць па дзесяцібальнай сістэме. «Дзесьці на чатыры», — адказаў Мікіта. То-бок яны могуць даць, а могуць не даць, а яму патрэбна пастаянна прымаць».
Мікіта Залатароў разам з адвакатам падавалі касацыйную скаргу на прысуд, пакуль невядома, калі яна будзе разгледжаная. Бацька спадзяецца, што гэта можа адбыцца цягам найбліжэйшых тыдняў.
Чытайце таксама:
«Татачка, б’юць кожны дзень». У Гомелі ў жніўні затрымалі падлетка, абвінавачваюць у хуліганстве
Пракурор запатрабаваў тэрміны абвінавачаным па справе аб кактэйлях Молатава ў Гомелі: для 16-гадовага падлетка — 6 гадоў
17-гадовага Мікіту Залатарова з Гомеля пакаралі 5 гадамі выхаваўчай калоніі за «масавыя беспарадкі»
-
«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць
-
Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром
-
У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам
Каментары