Грамадства

«Татарын, дагестанец і грэк — трое беларускіх нацыяналістаў»: гісторыя палітвязня Вітольда Ашурка

50-гадовы жыхар Бярозаўкі Лідскага раёна Вітольд Ашурак асуджаны да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Ашурка судзілі за зачыненымі дзвярыма па двух артыкулах: 364 «Гвалт ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па першым артыкуле суд пастанавіў пакараць актывіста чатырма гадамі калоніі, а па другім — двума гадамі і чатырма месяцамі. Шляхам частковага паглынання атрымалася пяць гадоў — гэта адзін з самых строгіх прысудаў для ўдзельнікаў паслявыбарчых акцый пратэсту.

Хто ж такі Вітольд Ашурак? Нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Агароднікі ля Бярозаўкі. Як і многія іншыя мясцовыя хлопцы, пасля школы ўладкаваўся на шклозавод «Нёман», дзе працаваў выдзьмувальнікам. Працаваў аж да той пары, пакуль завод трохі трымаўся і там плацілі нейкія заробкі, калі ж у эканамічным плане прадпрыемству стала зусім кепска, то Вітольд адтуль звольніўся.

Пасля гэтага пачаў зарабляць на жыццё будаўнічымі працамі, у яго была брыгада, разам з якой і ездзіў на розныя аб’екты, даязджалі так нават да Століну. Афіцыйна быў непрацаўладкаваны.

Сябра Вітольда Сяргей Пантус з Бярозаўкі расказвае, што іх знаёмству ўжо больш за дваццаць гадоў. «Гэта вельмі прынцыповы чалавек, у яго абвостранае пачуццё справядлівасці. І выдатны сябар — ён сапраўды апошнюю кашулю гатовы аддаць», — расказвае Сяргей.

Знакавым годам для светапогляду Ашурка стаў 2010, калі праходзілі прэзідэнцкія выбары. «Да гэтага часу Вітольд падкрэслена апалітычным быў, казаў, што нічым не цікавіцца. На Плошчу 19 снежня ехаць не збіраўся, але ў апошні момант патэлефанаваў і сказаў, што паедзе. Там мы недзе згубіліся, у выніку Ашурка затрымалі і асудзілі да 12 сутак арышту — першае ягонае зняволенне ў жыцці», — успамінае Пантус.

Фота Вольгі Быкоўскай.

«На сутках расказваў, што сядзеў з выдатнымі людзьмі, кандыдат навук з імі ў камеры быў, гулялі разам у шахматы. Пасля вызвалення Вітольд прыйшоў да мяне і сказаў: «Усё, Сяргей, падаю заяву на ўступленне ў БНФ». Ён нават раней за мяне стаў сябрам Сойма партыі», — смяецца паплечнік.

Амаль адразу Ашурак перайшоў і на беларускую мову. «Прапаганда спрабуе ачарніць гэтае слова, але я скажу пра Вітольда, што гэта сапраўдны змагар. Яго ведаюць шмат дзе, не толькі ў Лідзе. Ён пастаянна бываў на ўгодках ушанавання паўстанцаў у Свіслачы, прыязджаў на ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. У Лідскім раёне шмат зрабіў, каб жыла памяць пра паўстанцаў 1863 года», — кажа пра аднапартыйца кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Сапраўды, на працягу 2017-2018 гадоў Вітольд Ашурак разам са сваімі паплечнікамі аднавіў між вёскамі Малое Олажава і Мохавічы мемарыял памяці паўстанцам Каліноўскага.

Сяргей Пантус (злева) і Вітольд Ашурак (у цэнтры) падчас працы над помнікам паўстанцам.

Ён існаваў тут за польскім часам, але пры саветах быў знішчаны. Лідскія патрыёты знайшлі публікацыі пра гэты помнік у тагачаснай прэсе і прыкладна на тым жа месцы ўсталявалі вялікі крыж, а таксама валун з надпісам «Невядомым паўстанцам». Дзесьці паблізу пахавана найменей 30 касінераў. Лідскія ўлады згоды на помнік не давалі, але вырашылі заплюшчыць вочы, шкоды не чынілі.

А што значыць прозвішча «Ашурак»? «Я з яго смяюся, кажу: «Упарты татарын». Калі Вітольд не паголіцца, то выліты татарын, як з тых, што з Вітаўтам супраць крыжакоў змагаліся. І бацька ў яго такі самы. Мабыць, гэта ад слова «Шура» — існавала такая форма грамадскай рады пры хане. У мяне ў самога прозвішча грэцкае, яшчэ адзін наш сябра Мурат Мусаеў. Часта жартуем, што вось тры беларускія нацыяналісты — татарын, дагестанец і грэк», — працягвае Пантус.

Вітольд жанаты ўжо больш за дзесяць гадоў, дзяцей у сям’і пакуль няма. Жонка Вольга чамусьці адмаўляецца гаварыць пра справу мужа. Кажа, што ў яе ўсё добра, трымаецца нармальна.

Ашурка ўпершыню затрымалі 9 жніўня, у дзень выбараў. Суд пакараў актывіста 20 суткамі: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і пяць у плечы за непавагу да суда, адмовіўся ўстаць, калі з’явіўся суддзя. Аднак праз пяць дзён яго адпусцілі, як і амаль усіх тагачасных палітвязняў, што адбывалі адміністрацыйнае пакаранне. Тым не менш, крымінальная справа была заведзеная ўжо тады.

«Вітольд казаў, што не збіраецца нікуды бегчы, бо нікога не забіў, не біў, не гвалтаваў, нічога кепскага ён не рабіў», — працягвае сябра. 16 верасня Ашурка забралі паўторна, мала таго, што яму заставалася адбыць 15 сутак з мінулага, дык дадалі яшчэ 15 — за ўдзел у мерапрыемствах у Лідзе ў жніўні-верасні. Калі Вітольду заставалася адбыць 2-3 сутак, яго перавялі ў гродзенскае СІЗА па крымінальным артыкуле.

«Суд быў закрытым, толькі нешта маглі пачуць пад дзвярыма. Вітольд казаў, што на відэа не відаць, каб ён прымяняў сілу ў дачыненні да міліцыянера, а ў спрэчных сітуацыях суд павінен займаць бок абвінавачанага. Таксама ён дадаваў, што «пацярпелы» не звяртаўся ні па медыцынскую, ні псіхалагічную дапамогу. Наадварот, Вітольд падкрэсліваў, што ў той вечар у яго ў руках быў мегафон, праз які ён заклікаў людзей заставацца спакойнымі, вёў перамовы з прадстаўнікамі лідскай міліцыі», — кажа Пантус.

Нічога гэтага ўлічана не было. Цяпер чакаецца скарга, але ў паплечнікаў не шмат надзей, што яна нешта зменіць.

Каментары

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

Беларуская прапаганда пабаялася паказаць, што Верамейчыка вывозілі самалётамі «Белавія» і «Аэрафлота»2

На плоце магілёўскага прадпрыемства з'явіўся гістарычны мурал ФОТАФАКТ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →