Меркаванні

«Баюся, што беларусы ў сабе расчаруюцца». Юлія Чарняўская — пра звальненне і выбар

labadzenka.by

Культуролаг і пісьменніца Юлія Чарняўская ў інтэрв'ю Радыё Свабода тлумачыць, чаму вырашыла на ўласнае жаданне звольніцца з Універсітэта культуры і мастацтваў, дзе выкладала чвэрць стагоддзя, пра тое, які няпросты выбар цяпер стаіць перад многімі беларусамі і што цяпер зрабіў бы яе муж Юры Зісер, калі б быў жывы.

Што сказаў і зрабіў бы Юры Зісер

— Я памятаю ваш допіс у фэйсбуку ў жніўні падчас вельмі масавых, натхняльных шматтысячных акцыяў пратэсту ў цэнтры Менску, калі вы напісалі: «Як шкада, Юра, што ты гэтага не пасьпеў пабачыць». Думаю, вы многія рэчы цяпер разглядаеце праз прызму — а як бы на іх адрэагаваў ваш муж Юры Зісер, якога ня стала ўвесну. Як вы думаеце, што б ён цяпер сказаў, зрабіў? Што б ён адчуваў у жніўні, а што ў сьнежні?

— Думаю, што ў жніўні сказаў бы ўсё тое, што і ў сьнежні. Юра быў чалавекам зусім не наіўным, хаця ў нечым і даверлівым. У яго быў вельмі востры і стратэгічны розум. Для яго не было нічога страшнейшага, чым балота. Калі ўзьнікала любая складаная сытуацыя, ён пачынаў дзейнічаць, успрымаў яе як выклік і пачынаў вырашаць яе вельмі нестандартнымі шляхамі. Сытуацыю антыбалота, сытуацыю пачатку ён успрыняў бы радасна. Не скажу, што ён меркаваў бы, што за тры дні можа зьявіцца новая Беларусь. Ён быў бы гатовы да даволі доўгіх шляхоў. Што б ён зрабіў? Быў бы з Tut.by, быў бы са мной, быў бы тут.

Пра звальненьне зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў

— Напачатку сьнежня вы на ўласнае жаданьне звольніліся з унівэрсытэту культуры і мастацтваў, дзе выкладалі чвэрць стагодзьдзя. «Я трымалася доўга, але ступень неабходных кампрамісаў паміж прафэсіяй і службай з кожным днём расьце», напісалі ў Фэйсбуку. Што стала апошняй кропляй для прыняцьця гэтага рашэньня і які кампраміс для вас немагчымы?

— Такіх кропляў было вельмі шмат. Назапашваліся яшчэ зь вясны, з пандэміі. Стала ясна, што значна страшней ня выканаць загад міністэрства, чым тое, што людзі будуць хварэць. Другі момант — якім чынам пачалі выбываць людзі. 31 жніўня прыходзіць твой рэктар на працу і разьвітваецца, рэктара няма. Сядзеў студэнт у цябе на парах, вельмі разумны, чакаеш яго ў пятніцу на пары, а ў сераду ён табе піша з Кіева. І галоўнае — маўчаньне. У нас заўсёды дэкляравалася любоў да студэнтаў, былі амаль сямейныя адносіны ва ўнівэрсытэце. А тут студэнтаў выганяюць, а ўсяго 20 выкладчыкаў зьбіраюцца падпісаць ліст у падтрымку. Калегу звальняюць, і толькі 24 чалавекі ставяць подпісы ў яго падтрымку, астатнія маўчаць. «Вы ж разумееце»…

Мне здаецца, што студэнт не павінен бачыць выкладчыка як «пабітага» і спалоханага чалавека, які просіць у яго міласэрнасьці. І ўрэшце мяне засмуціла, што салідарнасьць паміж студэнтамі была кароткатэрміновая і ня вельмі актыўная. Калі іхныя аднакурсьнікі трапляюць у жорны, большая частка зусім спакойна гэта ўспрымае. Мне не хацелася чакаць, зноў расчароўвацца, зноў пакутаваць.

«Самае галоўнае для мяне — ня здрадзіць сабе і рабіць усё, што павінен, на сваім месцы»

— На вашу думку, якія самыя галоўныя маральныя выбары цяпер стаяць перад беларусамі? Пераадолець страх? Не зрабіць подласьць?

— Рэч у суадносінах асобы і сілаў. Самае галоўнае для мяне — ня здрадзіць сабе і рабіць усё, што павінен, на сваім месцы…

— Якія рэальныя гісторыі зь цяперашняга жыцьця вы як пісьменьніца палічылі б вартымі літаратурнага твору? Калі ў рэдактара дзяржаўнага, прапагандысцкага мэдыя дзеці трапляюць за краты за ўдзел у мірных пратэстах? Ці калі пажылая жанчына спрабуе абараніць маладых людзей ад жорсткага затрыманьня «людзьмі ў чорным» і крычыць ім — не чапайце, бярыце мяне, і яе бяруць. Калі людзі кідаюць любімую працу і сыходзяць у нікуды, ведаючы пра магчымы арышт?

— Першыя дзьве гісторыі шмат разоў апісаныя. Першая — у «Каралю Ліру», а другая — у «Маці» Горкага. Калі не ўспрымаць апошняе як рэвалюцыйную літаратуру, то гэта ня пра тое, як Нілаўна ідзе ў рэвалюцыю і сын яе перавыхоўвае, гэта гісторыя пра тое, што яна ідзе за сваім сынам, успрымае правільнасьць свайго сына. Пра гэта і п’еса Чапэка «Маці». Гэта архетыповыя гісторыі. Ёсьць і іншыя.

Нядаўна мяне моцна кранула гісторыя пра жанчыну і мужчыну, якія хадзілі на акцыі. Потым яго ўзялі. Жанчына працуе на дзяржаўнай службе. Муж і жонка, двое дзяцей. Яна перастала хадзіць на акцыі, стала баяцца за дзяцей (прыпішуць СНП і гэтак далей). А ён працягнуў. І ўсё, што ў сямʼі зароблена, нясе дзеля перамогі. Яго выгналі з працы, застаўся толькі яе заробак. Яна думае пра самагубства, бо ня бачыць выхаду — сказаць: дарагі, кідай усё і ідзі працаваць, ці працягнуць жыць ва ўмовах, калі ўсё сьціскаецца… Для мяне акцэнт — жанчына, якая знаходзіцца ў сытуацыі найцяжэйшага ўнутранага выбару і бачыць адзіны шлях — суіцыд. Мяне цікавіць сямʼя ў гэтай сытуацыі, блізкія людзі, якія апынаюцца ў складаных дылемах.

«Сілавая праца прыцягвае людзей пэўнага складу»

— Як вы мяркуеце, які маральны выбар стаіць перад сілавікамі? Ці стаіць? Ці паўстане?

— Там некалькі тыпаў рэакцыі. Сілавая праца прыцягвае людзей пэўнага складу. Першыя — тыя, хто вырашыў працаваць у органах правапарадку, бо лічаць, што яны абараняюць людзей. Другія — я думаю, што іх меней, але мы іх лепей бачым — гэта людзі, якія ідуць туды спатоліць свае прыродныя схільнасьці, тое, што абʼядноўвае ўсіх жывёлаў, — агрэсію. Частка людзей сышла. Мала хто гэта афішуе. Частка думае, што можа нешта зьмяніць знутры, стараецца ня моцна лютаваць, ці не лютаваць увогуле, ці скарэктаваць дзеяньні з улікам сваёй маральнай пазыцыі. Ім найцяжэй, бо яны ў той жа дылеме, што і жанчына, пра якую я казала, — у невырашальнай дылеме.

Дадаецца і тое, што мы нядаўна даведаліся аб працы сілавікоў, аб прыгонных умовах, калі мусіш адпрацоўваць, аддаваць грошы. Я нікога не апраўдваю і не абвінавачваю, а спрабую зразумець іхныя матывы.

Трэцяя катэгорыя сілавікоў, для якіх няма выбару. Яны гуляюць у казакоў-разбойнікаў, такая дзіцячая паўзьвярыная гульня ў іх. З гэтым нічога ня зробіш. Трэба толькі ведаць, як жыць, ведаючы, што яны сярод нас.

«Гэтым летам беларусаў сталі хваліць»

— Чаго вы баіцеся? Якая ваша галоўная трывога, асьцярога цяпер?

— Маю некалькі страхаў. Адзін — што беларусы ў сябе расчаруюцца. Яны зачараваліся, пабачылі цудоўныя твары. Гэтым летам беларусаў сталі хваліць. Беларусам пачалі казаць, што яны — цудоўныя, таленавітыя, цікавыя, што гэта не маленькая краіна, не кавалак зямлі, а вялікая эўрапейская краіна, што беларусы — адукаваныя, годныя людзі, якія паважаюць сябе. Я заўважыла, як гэта хутка пратачылася на форумы, у сацыяльныя сеткі.

Раней пісалі: ой, мы, беларусы, заўсёды такія. А цяпер — мы, БЕЛАРУСЫ, заўсёды шукалі справядлівасьці, былі адважныя. На кожную нацыю вельмі дзейнічае думка значнага іншага, іншых народаў. І ўсе запар пачалі захапляцца беларусамі. Многія глядзяць расейскія СМІ («Эхо Москвы», «Дождь» і гэтак далей), там бясконца было гэтае захапленьне і гэта грэла. Але цяпер формы пратэсту зьмяніліся, людзі ня бачаць сябе ў такой колькасьці. У масе падаецца, што з табой увесь сьвет. А потым масы сталі больш спарадычнымі, менш актыўнымі і абшырнымі, Кац пра цябе гаворыць радзей. «Эхо Москвы» даўно «адкацілася». Але Кац працягвае, ён добры як папулярызатар і як аптыміст, але, на жаль, ня вельмі добры як аналітык. Аналітыка неяк зьнікла, я яе ня чую і заўсёды шукаю.

На Захадзе таксама ня моцна намі ўжо цікавяцца, маю на ўвазе СМІ. Нешта там вырашаюць, напэўна, палітыкі. І тут мы адчулі сябе аднымі, у нас мала падагрэву звонку. І як бы нам памятаць, што мы — цудоўныя, неймаверныя, што ў нас неймавернае пачуцьце гумару, велізарная зьяднанасьць і дабрыня, што мы вельмі разумныя і крэатыўныя, што ў нас вельмі моцная талака, якая цяпер пашырылася да памераў краіны. Я вельмі баюся, каб нам ня страціць гэта.

— Што дае вам сілы і веру ў гэтыя складаныя часы?

— Тое, што я пабачыла ў беларусах. Беларус — мой улюбёны тыпаж фальклёру, я ім шмат гадоў займалася — традыцыйным беларусам. Мне цяпер страшна цікава жыць, я спрабую тое, што ведала і пісала калісьці, параўнаць з тым, што бачу цяпер. І мне вельмі важна, што і пад уплывам чаго ў тым беларусу трансфармавалася ў гэтага беларуса, які, здавалася б, зусім на яго не падобны.

Каментары

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

Усе навіны →
Усе навіны

Сын Трампа назваў ідыётамі тых, хто даў дазвол на дальнабойныя ўдары па Расіі18

У Абхазіі паспрабавалі захапіць Дзяржтэлерадыёкампанію1

«Абсалютна новы аўтамабіль, толькі з Еўропы!» Як падсанкцыйны прэміум трапляе ў Беларусь і ці выгадна расіянам ехаць да нас па такія аўто1

У Германіі і Аўстрыі за крадзяжы з крамаў затрымалі беларусаў

У выніку ўдару па Сумах дзесяць загінулых, паўсотні параненых1

Будучым канцлерам Германіі можа стаць мультымільянер. Што гэта будзе значыць для Еўропы?1

Зяленскі пракаментаваў дазвол ЗША атакаваць тэрыторыю РФ7

Коўшык: Гэта і рукамі Рамашэўскай здарылася так, што «Белсат» цалкам залежны ад Польскага тэлебачання12

Францыя і Брытанія таксама дазволілі Украіне атакаваць тэрыторыю РФ дальнабойнымі ракетамі SCALP / Storm Shadow12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

Галоўнае
Усе навіны →