Памятаеце ката з крамы «Прырода»? На яго цяпер ходзіць глядзець увесь Мінск
Пасля публікацыі ў СМІ гараджане сталі часцей заходзіць у зоамагазін «Прырода», каб паглядзець на ката Васіля, паведамляюць «Мінск-Навіны». Пра гэта кажуць самі работнікі.
— Пасля таго, як выйшаў матэрыял, у краму сталі часцей прыходзіць глядзець на Васілія, — распавяла прадавец-кансультант Наталля. — На днях нават прыязджала тэлебачанне. Ад такой увагі кот трохі стаміўся. Хто раней у нас не бываў, усе заходзяць і тут жа пытаюцца: «Дзе ваш кот?» Патрабуюць паказаць Васю. А ён жа гуляе сам па сабе — дзе хоча і калі хоча.
— А забраць Васіля ніхто не хацеў?
— Мы ўжо казалі: кот не прадаецца. Гэта наша каштоўнасць. Хоць аднойчы ледзь не аддалі яго ў добрыя рукі.
Але Вася гэтага не пажадаў — спачатку нас абняў лапамі, потым стаў упірацца, вырывацца. Так і застаўся ў краме. Самі выхавалі.
За гэтыя гады стаў культурным і вельмі разумным катком. Ведае сваё месца, ходзіць у латочак. Пасля хваробы на працягу двух гадоў ён да людзей практычна не выходзіў. Асабліва не хоча гуляць на вуліцы. Часам выходзіць на ганак, пасядзіць, падыхае паветрам і назад у краму. Любіць пахадзіць па прылаўку, адпачыць у ляжанцы-ракушцы. Ён яе аблюбаваў, і мы вырашылі пакінуць яе кату. Так што ракушка таксама не прадаецца.
— Як ён вас сустракае па раніцах?
— Спачатку ўсіх абміне-абнюхае, папросіць, каб пагладзілі, свежую порцыю корму дадалі. А потым прымаецца за ежу. З жывёл больш за ўсё Васілю падабаецца кантактаваць з шыншылай і трусам. Так што увагай наш кот не абдзелены.
Каментары