У Расіі святар, які падазраецца ў спробе згвалтавання дзяўчыны, адправіўся на вайну ва Украіну
Екацярынбургскі мітрапаліт выказаў надзею, што іерэй Сідараў «не будзе сядзець у штабе, а на полі бою прынясе пакаянне праз самаахвярнасць і ратны подзвіг».
Святар Екацярынбургскай епархіі Данііл Сідараў, якога падазраюць у спробе згвалтавання 19-гадовай дзяўчыны, адправіўся на вайну ва Украіне. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў мітрапаліт Екацярынбургскі і Верхатурскі Яўген, піша «Новая газета. Еўропа»
«Іерэй Данііл Сідараў, безумоўна, больш ніколі не зможа несці святарскае служэнне, але гэтая трагічна сапсаваная старонка яго жыцця — не апошняя. Ён здолеў пераканаўча і шчыра папрасіць прабачэння ў пакрыўджаных ім людзей і атрымаў іх прабачэнне», — напісаў мітрапаліт.
Паводле яго слоў, Сідараў ужо прыступіў да «служэння Радзіме і яе абароны» ў ролі шарагоўца дэсантна-штурмавога ўзвода. Мітрапаліт выказаў надзею, што іерэй «не будзе сядзець у штабе, а на полі бою прынясе плён пакаяння праз самаахвярнасць і ратны подзвіг».
«У адпаведнасці з парадкам, вызначаным прэзідэнтам, і па загадзе свайго сумлення, ён адправіўся на месца нясення ваеннай службы. І я ў малітвах аддаю яго ў рукі Міласэрнага Госпада», — дадаў Яўген.
У дачыненні да Сідарава была распачата крымінальная справа па факце замаху на гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару (ч. 3 арт. 30, ч. 1 арт. 132 КК).
Па версіі следства, 10 лістапада 26-гадовы святар пераследаваў дзяўчыну, калі тая вярталася дадому. Ля пад’езда мужчына не даваў ёй зайсці ў дом, паваліў на зямлю і мастурбаваў — гэта было зафіксавана на камеру відэадамафона.
Сідарава затрымалі 25 лістапада. У той жа дзень суд абраў яму меру стрымання ў выглядзе забароны пэўных дзеянняў. Екацярынбургская епархія адхіліла святара ад служэння і вывела яго за штат. Даныя пра яго былі выдаленыя з афіцыйнага сайта епархіі.
Святар з 2020 года займаў пасаду сакратара-рэферэнта мітрапаліта Екацярынбургскага і Верхатурскага Яўгена (Кульберга), а таксама быў штатным клірыкам храма ў гонар сашэсця святога духа «Вялікі Златавуст».
У Сідарава ёсць жонка Кацярына і дзіця. Жанчына прысутнічала на пасяджэнні суда па пытанні меры стрымання, дзе выступіла ў падтрымку мужа. Пасля гэтага яна расплакалася ў калідоры і адмовілася размаўляць з прэсай.
Каментары
А калі выжыве, то вернецца і працягне гвалціць