Улада3434

Academi супраць Групы Вагнера: якая сіла прыватных вайсковых кампаній

Прыватныя вайсковыя кампаніі — модная тэма ў расійскай публіцыстыцы. Паспрабуем разабрацца ў тым, што такое сучасныя ПВК, чым яны займаюцца і на што здольныя.

Гісторыя: ад пірамід да Смаленска

Гісторыя вайскоўцаў-наймітаў сягае ў Антычнасць: яшчэ егіпецкі фараон Рамзэс ІІ выкарыстоўваў найманых за грошы ваяроў з тэрыторыі сучаснага паўночнага Судана. Далей чужую кроў і баявую ярасць куплялі і старажытныя грэкі, і рымляне, і сярэднявечныя каралі. 

Набіралі наймітаў і ў войска Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай — асабліва з таго часу, як стала падаць баяздольнасць феадальнага шляхецкага апалчэння. Так, вядомы шатландскі ваяр Патрык Гордан у ХVII стагоддзі служыў у шведскай арміі, трапіў у палон, палічыў сябе вольным ад абавязкаў, бо шведы яго не сталі выкупаць, стаў служыць Рэчы Паспалітай — ваяваў супраць татараў і маскоўцаў, потым стаў служыць і маскоўскаму цару.

Ландскнехты — нямецкая пяхота пачатку ХVI ст. дала імя ўсім наймітам на 500 год наперад.

У ХVI—ХVIІІ стагоддзях большасць еўрапейскіх армій стала цалкам найманай — паўсталі цэнтралізаваныя дзяржавы, якія маглі дазволіць сябе вялікія рэгулярныя арміі, а прагрэс знізіў колькасць людзей, патрэбных для сельскай гаспадаркі. Нават першая рэвалюцыйная армія Захаду — армія ЗША часоў Вашынгтотна — камплектавалася амаль толькі добраахвотнікамі, якія служылі за грошы. Грошай, праўда, часта не хапала, і патрыёты маглі разыходзіцца па хатах у разгар вайны, бо іх кантракты скончыліся.

Радыкальна сітуацыя змянілася ў часы Французскай рэвалюцыі і напалеонаўскіх войнаў, а цалкам у Еўропе яе замацаваў надыход нацыяналізму. Пашырэнне адукацыі і патрэба ў яшчэ больш масавых вайсковых фарміраваннях стварылі з дапамогай нацыянальнага пачуцця мільённыя арміі прызыўнікоў, якія і вырашалі лёс усіх вялікіх вайсковых канфліктаў ХХ стагоддзя.

Найноўшая гісторыя: робяць тое, што не могуць дазволіць сабе дзяржавы

Новы этап гісторыі наймітаў мае карані ў часы дэкаланізацыі — калі маладым арміям новаствораных дзяржаў спатрэбілася падтрымка былых ветэранаў, а росквіт пачаўся ў 1990-я гады, калі пасля халоднай вайны ў краінах НАТО і былога Варшаўскага блоку з'явілася шмат скарочаных са службы вайскоўцаў.

Адначасова са зніжэннем міжнароднай напружанасці палітыкам краін Захаду стала ўсё цяжэй апраўдваць выбарцам страты сярод салдат нацыянальных узброеных сіл. Да здароўя і жыцця «жаўнераў удачы», якія мэтава наймаюцца для выканання дзяржаўных ці камерцыйных задач, грамадства ставіцца значна прасцей.

Інструктар кампаніі Blackwater, якая была створаная ў 1997 годзе.

Нестабільнасць і тэрарызм у рэгіёнах, дзе працавалі многія заходнія кампаніі па здабычы сыравіны, патрабавалі рэакцыі, але рэгулярныя заходнія арміі не маглі дзейнічаць на чужой тэрыторыі для абароны чыста камерцыйных інтарэсаў — гэта непрымальна для грамадскай думкі. Яшчэ адзін фактар попыту на каляваенныя паслугі з’явіўся ў ХХІ стагоддзі — калі пасля 11 верасня 2001 года Амерыка пачала барацьбу з тэрарызмам у сусветным маштабе.

У выніку за апошняе дзесяцігоддзе агульны аб'ем кантрактаў ПВК склаў больш за 100 млрд USD, а колькасць кантрактнікаў толькі заходніх кампаній перавысіла 50.000 чалавек. З'явіліся ПВК, якія абараняюць бяспеку кітайскіх кампаній у небяспечных краінах, з'явіліся і расейскія ПВК.

Як дзейнічаюць лідары сектара

Аднак, хоць найміты і маюць тысячагадовую гісторыю, у адрозненне ад ландскнехтаў ці знакамітай швейцарскай пяхоты Сярэднявечча, сучасныя кантрактнікі (гэты тэрмін захоўваецца менавіта за супрацоўнікамі ПВК, а не за вайскоўцамі-прафесіяналамі дзяржаўных армій) амаль ніколі не выкарыстоўваюцца для ўдзелу ў агульнавайсковым баі.

У той жа Афрыцы ПВК нават калі часткова і выкарыстоўвалі цяжкае ўзбраенне і авіяцыю, дык толькі там, дзе яны былі патрэбныя ў гамеапатычных дозах і супраць яшчэ горш узброенага праціўніка, такога як арганізаваныя злачынныя групоўкі, тэрарысты ці піраты. 

Супрацоўнік заходняй ПВК можа трапіць цяпер на поле поўнамаштабнага бою, магчыма, толькі выпадкова — напрыклад, калі ягоная вайсковая частка, дзе ён быў інструктарам, стала ахвярай нечаканага ўдару праціўніка. Гэта датычыцца і Academi (былой Blackwater), і астатніх лідараў сектару: Triple Canopy, G4S, DynCorp International, Erinys International.

Што робяць найміты?

Для чаго ж кантрактнікі дзяржаўным структурам, якія маюць нашмат больш колькасныя ўзброеныя вайсковыя, паліцэйскія і спецыяльныя падраздзяленні? 

Фактычна ПВК — гэта спосаб хутка пашырыць тыя «вузкія месцы», у якіх вайскоўцы ці спецслужбоўцы не маюць дастатковай колькасці падрыхтаваных спецыялістаў, пачынаючы ад экспертаў па кібербяспецы і прыватных ахоўнікаў для дыпламатаў і заканчваючы ўзброенымі перакладчыкамі для сувязі з войскамі хаўруснікаў. Асабліва калі задача, для якой наймаюць кантрактнікаў, занадта лакальная і кароткатэрміновая, каб спецыяльна рыхтаваць для яе выкарыстання ўласных вайскоўцаў.

Афганскі паліцыянт і брытанскі кантрактнік-інструктар у 2009 годзе.

Возьмем для прыкладу вельмі пашыраны выпадак часоў антытэрарыстычнай вайны ў Іраку пасля 2003 года. Маем нафтавы аб'ект, які трэба ахоўваць ад імавернага нападу баевікоў. Аднак армія ЗША лічыць абсалютна бессэнсоўным звязваць дарагі і магутны механізаваны батальён рэгулярнай арміі аховай і патруляваннем ці дзяліць яго на часткі. 

Замест гэтага наймаецца ПВК, якая ў сваю чаргу хутка наймае на вольным рынку вакансій людзей з досведам вайсковай ці паліцэйскай службы, якім дастаткова мець лёгкую пяхотную зброю і не трэба цяжкай бранятэхнікі ці артылерыі. У выніку армейскі батальён захоўваецца як адзіная мабільная баявая адзінка для актыўных дзеянняў супраць баевікоў, а аб'ект, які патрабуе стацыянарнай абароны, атрымлівае адносна недарагую ахову. Калі на аб'ект нападае сіла, з якой звычайныя ахоўнікі не могуць даць рады, яны выклікаюць падтрымку арміі.

Падобная схема дзеянняў цалкам пацвердзіла сваю эфектыўнасць у Іраку, дзе амерыканцы і іхныя хаўруснікі перамаглі ісламісцкае падполле, камбінуючы ахоўныя меры з выкарыстаннем ПВК з пастаяннымі наступальнымі дзеяннямі арміі і сіл спецыяльнага прызначэння.

Выключэнні, якія пацвярджаюць правіла

Характэрнымі выключэннямі тут сталі дзве кампаніі з Расіі — адна з якіх, магчыма, не мела непасрэдных сувязяў з дзяржавай, а другая, наадварот, фактычна выконвае функцыю ценявой рукі Масквы.

Першая — гэта зарэгістраваная ў Ганконгу фірма Slavonic Corps (Славянскі корпус), якая ў 2013 годзе падманам наймала ў Расіі ветэранаў АМАПу, паветрана-дэсантных войск і войск спецыяльнага прызначэння для ўдзелу ў грамадзянскай вайне ў Сірыі ў якасці звычайнага гарматнага мяса. Наймітам у выніку далі састарэлую зброю, а замест танкаў Т-72 — цывільныя аўтобусы, «браніраваныя» металічнымі лістамі. Вярнуцца змаглі тыя, хто «зарабіў на зваротны квіток». Сумная гісторыя скончылася за некалькі тыдняў.

Другі прыклад — так званая «група Вагнера», якая атрымлівае падрыхтоўку на базах падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння Расіі і выконвае задачы ў інтарэсах Крамля. Менавіта гэтых наймітаў, куды набіралі людзей з досведам службы ў расійскай арміі і спецслужбах, кідалі на самыя важныя кірункі. Менавіта з дзеяннямі «вагнераўцаў» звязваюць знішчэнне тых лідараў баевікоў, якія аказаліся занадта папулярнымі і непадкантрольнымі Маскве — Ішчанкі, Мазгавога, Дромава, Бяднова.

Магіла «вагнераўца», які загінуў у Сірыі ў пачатку гэтага года.

«Куды мне вяртацца…? Паўтарыць лёс Мазгавога, [нібыта] забітага невядомай украінскай дыверсійна-разведвальнай групай, хоць любы ідыёт у Луганскай рэспубліцы ведае, што да гэтага прыклалі руку … выдатнае падраздзяленне ПВК Вагнера?» — распавядаў нядаўна на відэа Ігар Гіркін (Стралкоў), кіраўнік баевікоў у 2014 годзе.

Калі вайна на Данбасе стала пазіцыйнай, а ў 2015 годзе пачалася адпраўка расійскіх войск у Сірыю — там з'явіліся і «вагнераўцы» — фактычна, экстралегальная частка расійскай арміі. 

З «групай Вагнера» звязваюць відэа з жорсткім катаваннем сірыйца людзьмі, якія размаўляюць па-расейску. Ролік з'явіўся ў сеціве летам 2017 года. Параненага чалавека б'юць кувалдай пад песню «Я — российский спецназ».

Згодна з інфармацыяй расійскіх СМІ, колькасць супрацоўнікаў гэтай псеўда-ПВК можа перавышаць 2000 чалавек. Імаверна, на «групу Вагнера» прыходзіцца вялікая частка тых стратаў, якія нясе расійскі кантынгент у Сірыі. 

Мінабароны РФ хавае смерці сваіх афіцэраў і жаўнераў ва Украіне і Сірыі, што ўжо казаць пра смерць нейкіх «прыватных асоб», якія працавалі ў арганізацыі-мутанце, народжанай пад наглядам спецыялістаў па гібрыднай вайне.

Моцна перабольшаныя

Расійская «група Вагнера», такім чынам, патрэбная найперш для таго, каб прыхоўваць факты ўдзелу Расіі ў войнах ва Украіне і Сірыі.

Што да заходніх прыватных вайсковых кампаній, то можна з упэўненасцю сказаць, што кіраўніцтва класічных ПВК і тыя, хто іх наймае, ніколі не разглядалі іх як інструмент вядзення вайны супраць колькі-небудзь значных дзяржаўных ці нават недзяржаўных узброеных сіл. Аніводная такая ПВК проста не мае рэсурсаў і лагістыкі, каб адправіць у бой і забяспечваць усім неабходным на полі бою хаця б адну пяхотную брыгаду, роўную па магчымасцях брыгадзе беларускай, украінскай ці нават афрыканскай арміі.

Размовы пра сілу і значэнне прыватных кампаній, такім чынам, моцна перабольшаныя.

Каментары34

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →