Археолагі з Сінгапура і Камбоджы, якія працуюць у раёне старажытнай сталіцы Кхмерскае імперыі Ангкор у цяперашняй камбаджыйскай правінцыі Сіемрыеп, у суботу 29 ліпеня вынялі з-пад 40-сантыметровага пласта зямлі двухмятровую статую волата-ахоўніка. 800 гадоў таму яна стаяла каля брамы ангкорскае бальніцы, піша РІАН са спасылкай на газету Cambodia Daily.
Статуя, якая, паводле папярэдніх ацэнак, адносіцца да XII стагоддзя, стала першым буйным прадметам, знойдзеным у Ангкоры за апошнія 6 гадоў. У 2011 годзе непадалёк ад месца суботняй знаходкі былі выяўленыя дзве вялікія статуі Буды, якія адносяцца да пазнейшага часу.
Статую знайшлі ў раскопе, закладзеным у паўночнай браме горада Ангкор-Тхом, пабудаванага ў праўленне ангкорскага імператара Джаявармана VII, які зрабіў гэты горад сваёй сталіцай і пабудаваў у краіне 102 бальніцы.
Знойдзеная статуя дэмана-ахоўніка адрозніваецца майстэрскай разьбой па камені і мае велізарную гістарычную каштоўнасць, нават нягледзячы на тое, што ў яе адсутнічаюць часткі ног і рук.
Камбаджыйскія і замежныя археолагі, якія працуюць у Ангкоры, упэўненыя, што ў найбліжэйшай будучыні іх чакаюць дзівосныя і шматлікія адкрыцці, бо большая частка «парку Ангкор» яшчэ толькі чысціцца ад джунгляў, і менавіта ў гэтай зноў вычышчанай частцы будуць закладзеныя новыя раскопы ў наступныя гады. Аэрафотаздымкай было пацверджана, што джунглі на нерасчышчаных участках хаваюць яшчэ адзін, пакуль зусім невядомы, горад эпохі Ангкор.
Каментары