Прэмія MTV: трыумф Тэйлар Свіфт і эмацыйная прамова Рыты Оры аб удзельніку One Direction
Амерыканская спявачка Тэйлар Свіфт атрымала чатыры ўзнагароды на цырымоніі ўручэння музычных узнагарод MTV Europe Music Awards, якая прайшла ў нядзелю ў Манчэстэры, і стала першай выканаўцай, якой удалося тройчы стаць найлепшай артысткай за 30-гадовую гісторыю прэміі, піша Бі-бі-сі.
Свіфт атрымала ўзнагароды як найлепшая выканаўца і найлепшая амерыканская артыстка, а таксама за найлепшы кліп (Fortnight, разам з Post Malone) і канцэртны выступ. Яна не змагла прысутнічаць на ўзнагароджанні і перадала відэавітанне з ЗША, дзе рыхтуецца да аднаўлення апошняга этапу свайго турнэ Eras.
«Я прыйшла да вас з тура Eras, і мне так сумна, што я не магу быць з вамі сёння. Але дзякуй вялікі за гэтыя цудоўныя ўзнагароды. Тое, што вы адзначылі тур і ўсё, што адбылося з альбомам у гэтым годзе, відэа, гэта проста фантастыка», — сказала спявачка з экрана.
Вядоўца цырымоніі, брытанская спявачка Рыта Ора, прысвяціла некалькі хвілін успамінам пра ўдзельніка One Direction Ліама Пэйна, які загінуў у кастрычніку ў Аргенціне.
Ора супрацоўнічала з Пэйнам у працы над іх сумесным хітом 2018 года For You, і яе голас задрыжэў, калі яна назвала Пэйна «адным з самых добрых людзей, якіх яна ведала». Гэты эмацыйны момант моцна кантраставаў з жыццярадасным тонам астатняй частцы цырымоніі.
«Я проста хачу скарыстацца момантам і ўспомніць чалавека, які быў нам вельмі, вельмі дарагі, — сказала яна, ледзь стрымліваючы слёзы. — Мы страцілі яго нядаўна, і ён быў вялікай часткай свету MTV, майго свету і, я думаю, свету многіх з вас».
Сярод іншых пераможцаў прэміі — спявачкі Raye, Сабрына Карпэнтэр, Tyla, музыка Кельвін Харыс, рэпер Эмінем і іншыя.
Узнагароду як «Найлепшы рок-музыка» атрымаў Ліам Галахер, глабальнай іконай прызналі рэпера Баста Раймса, а электронны дуэт Pet Shop Boys назвалі поп-піянерамі. Яны і закрывалі цырымонію.
Каментары