Не ўсе ведаюць, што «Камасутра» існуе ў беларускім перакладзе — прычым выдатным. У 2000 годзе яна выйшла ў часопіс «Arche» ў перакладзе Сяргея Сматрычэнкі. Прапануем вам фрагменты «Камасутры» па-беларуску.
Камасутра
Палкі мужчына
Уводзіны
Камасутру, павучанне аб каханні, дзве тысячы год таму на туманных берагах Гангу ў Бенарэсе склаў мудрэц Ватсяяна, споўніўшы так частку сваіх рэлігійных абавязкаў. Напісаны ў санскрыце арыгінал налічвае дзве тысячы дзвесце пяцьдзясят вершаў (васьміскладовых чатырохрадкоўяў). Па сутнасці, Сутра — гэта збор афарызмаў, які найкарацейшым чынам выяўляе прынцыпы рэчаў.
У вуснай традыцыі, што пераважала ў ранейшыя часы, Сутра забяспечвала найпрасцейшы спосаб захавання ведаў. Усё ж з цягам часу ўзнікла неабходнасць гэты згустак ідэяў развіць у каментарах (як у выпадку Джаямангалы, Яшадаравага каментару Х ст. н. э.), на якія абапіраліся пазнейшыя аўтары, каб дадаць сваім даследзінам формы і глыбіні.
Камасутра да сёння застаецца адной з найвялікшых сусветных кніг, класічным падручнікам кахання і падсумаваннем багатай традыцыі індыйскай эротыкі. Да сучаснага свету Сутра звяртаецца з весткаю, што «кожны чалавек мае права на шчасце і сэксуальную раўнавартасць». Будучы адной з найранейшых спробаў дэфініяваць здаровую натуральнасць дачыненняў паміж мужчынам і жанчынай, Камасутра з абяззбройвальнай шчырасцю ды адкрытасцю і без следу сораму даследуе аптымальны спосаб паводзінаў пры пошуку партнёркі і мноства шляхоў дасягнення сэксуальнага задавальнення такім чынам, каб вашая жонка і каханка былі ашчасліўленыя.
У Камасутры не трэба бачыць кнігу выключна пра славутыя «шэсцьдзесят чатыры позы», — гэткая этыкетка была перадузята налепленая на гэты твор праз колькасць апісаных у ім любоўных пазіцыяў. Ватсяяна ўсведамляў складанасць свайго задання і таму напісаў: «Гэтая кніга не павінна ўжывацца адно як сродак дзеля спатолі нашых прагненняў. Чалавек, знаёмы з асноўнымі прынцыпамі навукі аб каханні, дбае пра сваю бездакорнасць (дхарма), здароўе (артха) і цялеснае задавальненне (кама), а таксама шануе звычаі іншых людзей, і таму ён, безумоўна, здольны апанаваць свае пачуцці. Карацей кажучы, мудры й дасведчаны чалавек, які рупіцца пра свае дхарму, артху і каму ў такой ступені, каб не стацца рабом сваіх жарсцяў, дасягне поспеху ўва ўсім, за што б ён ні ўзяўся».
Кама, індуісцкі бог кахання, увасабляе сабой не толькі сэксуальную асалоду, а ўсе ўцехі з пяці пачуццяў: са слыху, зроку, нюху, дотыку й смаку. Усякая рэч, датычная да пачуццяў, можа прынесці чалавеку неабмежаванае шчасце. Таму шэсць раздзелаў з усіх сямёх звязана з паводзінамі чалавека ў супольнасці.
Таемная тэхніка палавога акту або цялесны экстаз ніколі не павінныя адасабляцца ад душэўных перажыванняў.Таму мэта гэтае кнігі — звярнуць вашую пільную ўвагу на ўцехі, якія вас акаляюць, бо вашае жыццё працякае на незвычайна багатай магчымасцямі планеце.
Віды кахання
Паводле Камасутры можна адрозніць сем відаў кахання:
• Калі вы даўно ўжо кахаеце сваю абранніцу, замірыліся з ёй пасля сваркі або хтосьці з вас пасля доўгай адсутнасці вярнуўся дадому, гэта называецца «каханне з любасці». Тады вы можаце ўзаемна цешыцца гэтулькі і гэтак, як вам ласка.
• Калі адзін з вас закахаецца спярша, а другі пазней, тады міласць, што з гэтага паўстане, называецца «каханнем даданым».
• Калі вы сустракаецеся толькі дзеля спатолі свае сэксуальнае прагі або дзеля магчымасці скарыстаць усе шэсцьдзесят чатыры спосабы палавога кантакту, тады вашы любошчы называюцца «штучным каханнем». У такім разе не забудзьцеся скарыстаць усе спосабы й сродкі, што прыводзяцца ў Камасутры.
• Калі ад пачатку і да самага канца дачыненняў з адной жанчынай вы няспынна думаеце аб іншай, якую сапраўды кахаеце, ваша любоў мае назоў «кахання перанесенага».
• Камасутра пазірае звысоку на дачыненні мужчыны з жанчынай, якая мае значна ніжэйшае за яго грамадскае становішча і інтэлектуальнае развіццё (напрыклад, з ваданоскай або служанкай) і паймяноўвае іхную сувязь «каханнем эўнуа». Калі ўсё ж вы апыняцеся ў такой сітуацыі, памятайце, што вам не варта цалаваць гэтую жанчыну і залішне да яе датыкацца.
• Любоўная сувязь куртызанкі з вяскоўцам і гарадскога чалавека з сялянкай або дзікункай называецца «каханнем ілжывым».
• Любоўнае ж дачыненне каханкаў, якіх адно да аднаго неадольна цягнула, і якія злучыліся, каб спатоліць сваю жарсць, называецца «каханнем спантанным».
Спосабы абдымання
На самым агульным узроўні мы адрозніваем чатыры тыпы абдоймаў, а менавіта датычныя, налягаючыя, цяручыя і прыціскаючыя.
На ступень іхнай палкасці паказвае ўжо іх назва.
• Калі вы пад нейкаю маркай наблізіцеся да жанчыны і злёгку датыкняцеся да ейнага цела або яна з вамі сыдзецца ў бязлюдным месцы і колькі разоў вас зачэпіць рукой, гэта «абдоймы датычныя».
• Калі жанчына, якая з вамі ў зацішку бавіць час, нахіліцца, нібы падымаючы нешта, што толькі што ўпусціла, і пры гэтым наляжа на вас грудзьмі, гэта «абдоймы налягаючыя». Калі вам хопіць спрыту, можаце яе ў гэты момант крадком палашчыць.
Перш чым пераходзіць да беспасярэднага кантакту, да якога належаць трэці й чацвёрты тыпы абдоймаў, трэба стаць каханкамі.
• Калі вы ідзяце поруч упоцемках ці праз густа залюднены рынак або, урэшце, наадварот, паўз месцы зусім бязлюдныя і трацеся сваімі целамі адно аб аднога, вядзецца пра «абдоймы цяручыя».
• Калі адзін каханак прыціскае другога да сцяны або да слупа, ды з такой жарсцю, нібы хоча пераняць дыханне, або пэўна ахоплівае другога вакол рукамі, гэта «абдоймы прыціскаючыя».
Відавочна, што апошнія два тыпы абдоймаў могуць выкарыстоўваць толькі партнёры, якія ўжо добра знаюцца. Дасведчаныя каханкі таксама могуць паспрабаваць чатыры спосабы абдоймаў пры палавым кантакце, а менавіта спосаб перавітай ліяны, лазання на дрэва, спосаб канапель і рысу ды малака й вады. З гэтых чатырох першыя два тыпы абдоймаў робяцца стоячы.
• Калі жанчына на вас вісіць так, як абвіваецца ліяна вакол камля, нецярпліва прыцягваючы вашую галаву ў надзеі, што вы ёй падорыце палкі пацалунак, і паглядаючы на вас з любоўю ў вачох, гэта «абдоймы перавітай ліяны».
• Калі жанчына адной нагой стаіць у вас на ступні, а другой абапіраецца на вашае сцягно і абхоплівае вас, як камель, ціха агукаючы, нібы выпрошваючы пацалунак, гэта абдоймы, называныя «лазанне на дрэва».
Наступныя два віды абдоймаў маюць адбывацца толькі ў зручным ложку, бо часта без папярэджання пераходзяць у палавы акт.
• Калі каханкі разам ляжаць у ложку з пераплеценымі рукамі й труцца адно аб другога ўсім целам, тым часам як іхныя рукі знаходзяць на целе другога ўсё новыя і новыя чуллівыя месцы, а іхныя вусны імкнуцца злучыцца ў пацалунку, гэта «абдоймы канапель і рысу».
• Калі жанчына сядзіць у вас на каленях тварам у твар да вас і, абхопліваючы вас сцёгнамі, націскае сваім падчарэўем на вашае ды нагамі цісне вас да сябе, не зважаючы нават на боль, гэта называецца непарыўныя «абдоймы малака й вады».
Суварнанабха дадае яшчэ чатыры тыпы абдоймаў, якія падзяляе паводле частак цела, што пры гэтым задзейнічаныя, на абдоймы сцёгнамі, падчарэўем, грудзьмі і лбамі:
• Калі адзін каханак моцна сціскае нагамі сцягно другога і не хавае задавальнення, якое яму гэта прыносіць, гэта «абдоймы сцёгнамі».
• Калі жанчына падымае сцёгны і прыціскае сваё падчарэўе да мужчынскага, драпаючы партнёра пазногцямі, цалуючы яго і юрліва трасучы распушчанымі валасамі, гэта «абдоймы падчарэўем».
• Калі жанчына абхоплівае мужчыну і прыціскаецца да яго грудзьмі, гэта «абдоймы грудзьмі».
• Калі каханкі ўпіваюцца адно ў аднаго вачыма, труцца насамі, прасочваюць вуснамі лініі твараў партнёра і прыціскаюцца адно да аднаго ілбамі, гэта называецца «абдоймы лбамі»; яны дазваляюць абаім каханкам дасягчы аднолькавага задавальнення.
Старавечныя аўтары кажуць, што абдоймы прыводзяць у рух старадаўні механізм жарсці, таму ў многіх людзей распаліць пажаду можа нават адна згадка пра іх. А як толькі жарсць шугне, усякі забываецца на ўсе правілы, пра якія вучыць Камасутра.
Зваблівасць вуснаў
Дзе можна цалаваць? Амаль ва ўсе месцы!
Калі хочаце зрабіць асаблівае ўражанне, пакрыйце пацалункамі бровы, вочы, шчокі, шыю, грудзі, смочкі і вусны сваёй каханкі і не пакіньце без увагі нават нутро ейнага рота.
Калі ваша абранніца яшчэ маладая, раім вам выпрабаваць тры тыпы лёгкіх пацалункаў, а менавіта пацалунак паветраны, трапяткі і датычны:
• Калі дзяўчына сваімі вуснамі мільгом дакранецца да вашых, гэта «пацалунак паветраны».
• Калі дзяўчына на ймгненне забудзецца на сваю сарамлівасць, заплюшчыць вочы, схопіць вашыя рукі і дазволіць вам лёгкім прыкусам ухапіць яе ніжнюю губу, гэта называецца «пацалунак трапяткі».
• Калі ейны язык праз кароткія інтэрвалы пранікае ў ваш прагны рот, гэта называецца «пацалунак датычны».
Апрача таго існуе яшчэ чатыры віды пацалункаў, якія падзяляюцца паводле вугла нахілу і ціску вуснаў:
• Калі вашыя вусны сустракаюцца ўпрост, гэта «пацалунак роўны».
• Калі вашыя галовы злёгку нахілены, гэта «пацалунак косы».
• Падняўшы і адкінуўшы назад галаву вашай каханкі, вы цалуеце яе «пацалункам падымаючым».
• Калі ж вы яе цалуеце палка і з нястрымнаю жарсцю, ідзецца пра «пацалунак уціснуты».
Часам называецца й пяты від пацалунку, пры якім вы мусіце ўзяць пальцамі ейныя вусны, пяшчотна іх пацалаваць, а потым пэўна сціснуць сваімі вуснамі. Гэта называецца «пацалунак пэўна ўціснуты».
Гульні з пацалункамі
Дзеля распальвання жарсці каханкаў старавечныя тэксты раяць розныя гульні з пацалункамі, якія здольныя расцягнуць любоўную ўцеху на гадзіны.
Напрыклад, паспрачайцеся са сваёй каханкай, хто з вас раней схопіць ніжнюю губу другога, не выкарыстоўваючы пры гэтым нічога, апрача сваіх вуснаў. Прайграўшы, жанчына мае ўдаваць, што яна зараз заплача, паскардзіцца, што яе падманулі, і ўрэшце яна папросіць згуляць яшчэ раз. Калі вы адмовіце, яна можа абсмоктваць ваш нос або шчыпаць вас за яго так доўга, пакуль вы не пагодзіцеся. Калі ж яна прайграе і ў другі раз, яна, прыкінуўшыся яшчэ больш засмучанай, чым раней, паспрабуе знянацку злавіць вашу губу і злёгку сціснуць яе зубамі. Потым яна будзе скакаць ад радасці й цешыцца са сваёй перамогі, тым часам як бровы і вочы будуць кідаць вам выклік на новы турнір. Пры надзвычай высокай ступені ўзрушанасці пры гэтай гульні вы можаце скарыстоўваць таксама пазногці, зубы і пальцы.
• Калі вы цалуеце верхнюю губу сваёй каханай, тым часам як яна ўсмоктвае вашую ніжнюю губу, гэта называецца «пацалунак верхняй губы».
• Калі ж вы сваімі вуснамі ўцягваеце абедзве яе губы, гэта «пацалунак ахопны».
Пры абодвух згаданых пацалунках каханкі могуць даследаваць свае раты языкамі, што затым лёгка перарастае ў гульню, якую старавечныя аўтары называлі «двубой языкоў». Падобныя бітвы могуць учыняцца таксама вуснамі і зубамі.
Таксама пацалункі можна раздзяліць на чатыры тыпы, у якіх вусны, зубы і язык утвараюць адзінства. Паводле частак цела, для якіх яны прызначаны, мы адрозніваем пацалункі лёгкія, мерныя, ціскаючыя і ўцягваючыя.
• Лёгкі пацалунак прызначаны смочкам і месцам, дзе канцавіны партнёркі сыходзяцца з целам. Адначасова з ім гэтыя месцы вы можаце далікатна пакусваць і гладзіць языком.
• Мерны пацалунак адведзены шчокам, грудзям, жывату і клубам — пульхным, мяккім і пругкім месцам, — таму тут вы можаце скарыстаць зубы без боязі, што прычыніце сваёй каханцы нейкі адчувальны боль.
• Пры ціскаючым пацалунку ваш язык даследуе каханчына цела, абводзіць ейныя грудзі і з задавальненнем затрымоўваецца на ейным пупку.
• Пры ўцягваючым пацалунку вусны ахалоджваюць і загойваюць драпіны, што пакінулі на ейным целе вашы пазногці.
Калі жанчына цалуе вас спячага, каб абудзіць вашае жаданне, гэта называецца «распальваючы пацалунак».
Пацалунак, якім жанчына вас узнагародзіць, калі вашую ўвагу займае нешта іншае або калі вы з ёй пасварыліся, мудра называецца «пацалункам адцягваючым».
Калі вы прыйдзеце дадому позна ўночы і пяшчотна пацалуеце сваю спячую жонку, гэта «пацалунак абуджаючы». Пры гэтым кажуць, што жанчына, пачуўшы, што вяртаецца ейны муж, можа ўдаваць спячую, каб пераканацца ў сапраўднасці ягонага пачуцця.
Калі вы хочаце выказаць каханне жанчыне, з якой з нейкай прычыны не можаце гаварыць, і пацалуеце ейнае адлюстраванне ў вадзе ці ў люстэрку або ейны цень на сцяне, тады гэта «пацалунак на показ».
Калі ж тая самая прычына або збянтэжанасць, якая ў прысутнасці вашай абранніцы звязвае вам рукі, замінае вам яе пацалаваць і вы заместа яе цалуеце дзіця, карціну або статую так, каб вашая каханка зразумела, што ў сапраўднасці вы цалуеце яе, вядзецца пра «пацалунак перанесены».
Нарэшце, калі да жанчыны, якую вы кахаеце, вы падыдзеце на людным відовішчы або начным свяце і спакойна пацалуеце ёй пальцы на руцэ, гэта «пацалунак дэманстратыўны».
Памятайце, што мужчына, які сваё пачуццё не выяўляе, — яшчэ горшы, чым мужчына бессардэчны. Калі ж першы крок зробіць жанчына, адплачвайце ёй пяшчоту пяшчотай, пацалунак пацалункам, а ўкус укусам. Толькі тады любоўны агонь разгарыцца і запалае ясным полымем!
Любоўныя драпіны і ўкусы
Калі каханкамі завалодае неўтаймоўнае жаданне, яны могуць умела выкарыстоўваць свае пазногці.
Вынікі здзіўляюць. Пад пазногцямі спрытнай жанчыны і самы халодны партнёр адчуе, як у ім абуджаецца нечуваная ніколі дагэтуль жарсць. Гульні з пазногцямі каханкі могуць сабе дазволіць, калі яны ў ложку разам упершыню, калі на наступны дзень адзін з іх павінен выправіцца ў далёкі шлях або з яго толькі вярнуўся, калі яны перад тым пасварыліся або калі жанчына крыху нападпітку.
Важна памятаць, што рабіць пазногцямі драпіны — наканаванне палкіх натураў. Пазногці маюць быць гладкія, чыстыя і каротка падстрыжаныя, але асобы больш авантурныя могуць адгадаваць сабе доўгія пазногці і распілаваць іх на два ці тры кончыкі або загнуць накшталт папугайчынай дзюбы. У гульні з пазногцямі мы адрозніваем восем спосабаў:
• Калі мужчына лёгка праводзіць пазногцямі па грудзях, шчоках або целе партнёркі так, што пасля не застаецца слядоў і пры гэтым узнікае гук, што нагадвае разрыванне ядвабу, гэта «драпанне гучнае». Найлепей яно прыдасца тады, калі вас жанчына папросіць пашкрабаць ёй спіну.
• Скрыўлены след ад пазногця на грудзях або на шыі называецца «паўмесяц».
• Калі ж скрыўленых драпінаў дзве, і яны павернуты адна да адной, вядзецца пра «поўню»; аднак для гэтага спосабу драпання выбірайце толькі клубы, жывот і падпахі.
• Калі вы ведзяце вострым кончыкам пазногця праз нейкую частку цела, узнікае «рыса».
• Калі драпіна паўтарае лініі грудзей або шыі, гэта «тыгравы пазур».
• Калі вы ведзяце ўсімі пяццю пазногцямі праз грудзі так, каб смочка была пасярэдзіне, гэта «паўлінавая нага», дасканалае выкананне якой жанчыны вельмі цэняць.
• А паўтарыўшы такую самую фігуру (вядома, калі партнёрка настойвае) і на другой смочцы, вы зробіце «заечы скок».
• Калі ж вы выведзеце на грудзях або клубах форму ліста, гэта называецца «блакітны лотасавы ліст».
Перад расстаннем таксама добры каханак ніколі не забудзе пакінуць на жаночым целе тры або нават болей драпінаў у якасці «знакаў на памяць».
Палымяныя каханкі могуць самі прыдумляць сабе «знакі» для выяўлення свайго кахання, бо творчая фантазія закаханых не мае ніякіх межаў. Перад гэтым, аднак, адна засцярога: не будзьце аж занадта творчыя на целе чужой жанчыны! Калі вы яе ўжо здабылі, мусіце быць асцярожныя і далікатныя, таму адзнакі сваіх пазногцяў пакідайце толькі на тых месцах, дзе гэты напамін пра разам праведзены час можаце ўбачыць толькі вы і яна.
Укусы
Наконт укусаў цвёрда запомніце адно залатое правіла: усякую частку цела партнёркі, якую можна пацалаваць, вы можаце і кусаць (за выключэннем верхняй губы, языка і вачэй),
аднак гэта патрабуе крыху больш практыкі.
Укус таксама можна ажыццявіць васьмю асноўнымі спосабамі:
• «Прыхаваны ўкус» робіцца слабым ціскам зубоў, і ён выклікае толькі слабое пачырваненне скуры. Найлепей ён прыдаецца да ніжняй губы.
• Калі зубамі вы сціснеце скуру з абодвух бакоў так, што з’явіцца невялічкая прыпухласць, гэта «ўкус нарыўны».
• Дробны шчыпок двума зубамі, які пакідае толькі маленькую адмеціну на скуры, называецца «кропка».
• «Рад кропак» узнікае, калі ўсе зубы прыкусваюць вельмі блізка адзін ад аднога. Для гэтага выдатна прыдаюцца лоб і сцёгны.
• Пра «карал і самацвет» вядзецца тады, калі ўвадначас вы кусаеце і ўкушанае месца абсмоктваеце вуснамі. Такі ўкус найлепей ужыць да шчок.
• Калі для ўкусу вы скарыстаецеся ўсімі зубамі, гэта «ланцуг самацветаў». Найлепш для яго прыдаюцца горла і пахі.
• «Разарваны воблак» — вынік нераўнамерна раскіданых слядоў ад зубоў, пакінутых часцей за ўсё на грудзях.
• Толькі для вельмі палкіх каханкаў прызначаны «грызок дзіка», які складаецца з густа пакладзеных доўгіх палосаў укусаў на грудзях або на плячох.
Таксама слядамі пазногцяў і зубоў вы можаце пазначыць розныя дэкаратыўныя прадметы або аздобы, якія носіць ваша каханая. Аднак трымайцеся меры, бо гэтым вы не даводзіце сваю моц, але даяце сведчанне свайго кахання.
Любоўныя ўдары і выкрыкі
Сваркі каханкаў абнаўляюць каханне, а сэксуальны кантакт мае характар сяброўскае сутычкі паміж мужчынскім і жаночым палавымі органамі. Любоўныя ўдары ўяўляюць сабой добрае паліва для полымя жарсці. Камасутра налічвае чатыры асноўныя спосабы ўдараў: адкрытай даланёй, рубам далоні, сагнутымі пальцамі і сцятым кулаком.
Найбольш прыдатныя месцы для біцця — плечы, галава, спіна, клубы, тулава і ямка паміж грудзей. Ясна, што некаторыя ўдары — або нават усе — прычыняюць рознай ступені боль і выклікаюць розныя болевыя і экстатычныя выкрыкі. Таму можна адрозніць восем відаў выгукаў, якімі вам жанчына паказвае, як далёка вы прасунуліся ў распальванні ейнае жарсці.
• Воклічам «гім» называюцца ўздыхі.
• «Голасам грому» абазначаецца хрыпенне.
• «Буркаванне» імітуе голуба.
• «Хліпанне» вырываецца з ейнага горла пад час аргазму.
• Вокліч «сут» абазначае сапенне.
• Вокліч «пат» падобны да трэску бамбуку, які расшчапляецца.
• Вокліч «плят» нагадвае ўсплёск рыбкі ў вадзе.
• Выгукі кшталту «Мама мая!», «Яшчэ!», «Годзе!», «Пакінь мяне!», або нават «Цудоўна!» ці «Хутчэй!»
Калі вы здатны каханак, трымайце такі рытм удараў, каб выкрыкі вашай каханкі ўвесь час нарасталі і пачашчаліся. Сваім крыкам жанчына таксама можа імітаваць голуба, зязюлю, туркаўку, папугая, пчалу, вераб’я, гусь, качку або перапёлку; калі ж потым яна дасягне вяршыні задавальнення, ейная глотка выбухне стогнамі й хліпамі.
Ніякага дакладна вызначанага парадку, у якім вы б мелі чаргаваць любоўныя ўдары, не існуе. Тым не менш, калі каханка сядзіць у вас на каленях, вы можаце мерна біць яе кулаком у спіну, тым часам як яна тое самае робіць з вашаю спінай. Калі вы зробіце ёй балюча, яна абрынецца на вас, паказваючы, што сапраўды ўгневалася. Пры сэксуальным кантакце можаце біць сваю каханку рубам рукі між грудзей. Аднак пачніце паволі і не прычыняйце ёй болю, пакуль яна сама таго не папросіць. Памятайце, што кожны ўдар мусіць суправаджацца выкрыкам нарастаючай задаволенасці. Калі жанчына стамілася, лёгка біце яе сагнутымі пальцамі ў лоб. Усе ўдары прызначаюцца адно для большае асалоды і стымулююць любоўныя выкрыкі пад час палавога акту.
Калі вы адчуваеце, што набліжаецца кульмінацыя, паскарайце рытм удараў у грудзі, сцёгны й клубы партнёркі. Тады плясканне далоні па целе вашай каханкі змяшаецца са стогнам, які пры набліжэнні аргазму вырвецца з глыбі яе горла.
Але не забывайцеся на вядомую акалічнасць, што мужчына й жанчына ў сваёй натуры дзве вельмі адрозныя істоты. Мужчыны больш суровыя і вынаходлівыя, тым часам як жанчыны больш далікатныя і сарамлівыя, хоць часам іх прыроджаная сарамлівасць і страчваецца. Жанчына, якая распалена нейкай любоўнай пазіцыяй або адчувае ўсё большую ўзбуджанасць, або, нарэшце, калі яна хоча прытрымлівацца звычаяў таго краю, адкуль паходзіць, можа нанесці мужчыну ўдар. Аднак не чакайце, што яна будзе рабіць гэта кожнага разу!
Спосабы сэксуальнага кантакту
Камасутра размяжоўвае мужчын паводле велічыні іхнага чэлеса (лінгаму) на зайцоў, быкоў і жарабцоў, а жанчын — паводле аб’ёму іхнае похвы (ёні) — на газэляў, кабыл і сланіх. Раўнавартаснае злучэнне адбываецца пры кантакце зайца з газэляй, быка з кабылай і жарабца са сланіхай. Сярэднявечныя аўтары эратычных твораў падаюць і меркі палавога органу: для зайца й газэлі шэсць пальцаў, для быка і кабылы дзевяць, а для жарабца і сланіхі дванаццаць.
Лінгам і ёні неаднолькавых памераў даюць далейшыя шэсць варыянтаў для любоўнае бітвы: газэля з быком ці жарабцом, кабыла з зайцам ці жарабцом і сланіха з зайцом ці быком. Лішне, мабыць, казаць, што лягчэй злучаюцца тыпы палавых органаў, якія суседнічаюць на вышэйпрыведзенай шкале (напрыклад, жарабец і кабыла або бык і газэля), тым часам як найаддаленае злучэнне (напрыклад, сланіхі з зайцам або газэлі з жарабцом) непажаданае і лепей яго пазбягаць.
Удалы кантакт вымагае таксама гармоніі тэмпераментаў, якія мы падзяляем на палкія, памяркоўныя і халодныя. Халодныя натуры адчуваюць адно слабое жаданне; памяркоўныя натуры палчэйшыя за халодныя і іхная прага сярэдняй ступені; палкія ж натуры жарсцю ажно палаюць і з вялікай цяжкасцю могуць утрымаць яе пад кантролем.
Паводле працягласці палавога акту мы адрозніваем тры тыпы каханкаў, а менавіта павольны, сярэдні і хуткі. Адсюль выводзіцца дзевяць спосабаў кантакту.
Камасутра падрабязна выкладае пра асноўныя адрозненні мужчыны й жанчыны. У адрозненне ад мужчынаў, жанчыны не могуць эякуляваць і знаходзіць у любоўным кантакце фізічнае разняволенне. Іншыя аўтары цвердзяць, што жанчына атрымлівае асалоду ад кантакту, які цягнецца доўга, і ніколі ад сувязі хуткаплыннай. Але калі б гэта было так — пярэчаць некаторыя вучоныя, — як растлумачыць, што ейная ёні выдзяляе вільгаць ад самага пачатку і да канца.
Уважлівае вывучэнне палавога акту паказвае, што ў той момант, калі мужчына ўваходзіць у сваю каханку, яна адчувае ўзрушэнне сярэдняе інтэнсіўнасці. Ейная шчаснасць нарастае не імкліва, але доўга й павольна, разліваючыся па ўсім целе. Гэтаксама павольна потым раскоша адступае назад, калі жанчына хоча мілаванне спыніць.
Ватсяяна кажа, што мужчыны — гэта аратыя, а жанчыны — ураблянае поле, хоць кульмінацыі насалоды дасягаюць абое.
Старавечныя аўтары нямала шукалі, як дасягнуць гармоніі мэтаў мужчыны й жанчыны, бо адчувалі, што калі два чалавекі робяць адну справу ў адзін час, дык маюць дасягнуць шчаснасці адначасова. І як пад час гону б’юцца галовамі два маркачы і аднолькава адчуваюць удар, так і мужчыны з жанчынамі маюць ад палавога кантакту аднолькавую спатолю.
Хоць зыходзячы з памераў палавых органаў, палкасці і працягласці палавога акту вылучаецца толькі дзевяць відаў кантакту, узаемазлучэннем асобных складнікаў можна дасягнуць незлічонае колькасці камбінацыяў. Якая з іх найлепшая? Гэта залежыць ад вашай пажады і месца, дзе яна вамі апанавала.
Калі мужчына з жанчынай упершыню злучаюцца ў палавым акце, звычайна мужчына вельмі хутка дасягае аргазму, але неўзабаве робіцца здольны паўтарыць акт. У жанчыны гэта якраз наадварот: пры першай сувязі яе ўзрушэнне малое і шмат часу мінае, пакуль яна адчуе спатолю, але паступова ўзрушанасць нарастае і аргазм прыходзіць хутчэй.
Паводле сілы цягі старавечныя аўтары адрознівалі наступныя чатыры віды ўцехі:
• Уцеха са сталага выканання дзеянняў, заснаваных на звычцы. Сюды належаць прыхільнасць да палявання, выпіўкі, рызыкі або асалоды.
• Уцеха з уяваў, заснаваных на гульні фантазіі; пры гэтым мужчына ўяўляе сабе пацалункі, абдоймы або аральны сэкс.
• Уцеха з даверу, які ўзнікае з пачуцця ўзаемнай сімпатыі дзвюх асобаў.
• Уцеха з наваколля, якая нараджаецца з успрымання ўсімі пачуццямі. Гэты від уцехі паўсюль добра вядомы і ўяўляе сабой найвышэйшую форму любові, бо ўсе астатнія віды толькі спрыяюць нарастанню асалоды, якая з гэтае ўцехі струменіць.
Аральны сэкс
Са старажытных часоў мудрацы аральны сэкс папросту забаранялі, бо ўважалі яго за варварскі, дзікунскі, негігіенічны і не адпаведны традыцыі. Ватсяяна адрозніваў восем відаў аральнага сэксу, якія практыкавалі еўнухі і якія мы тут прывядзем з папраўкай на стасункі мужчыны й жанчыны.
• Калі жанчына, узяўшы лінгам у рукі, засоўвае яго паміж выпнутых вуснаў і абводзіць языком, гэта называецца «лёгкае кальцаванне».
• Калі жанчына, пэўна ўхапіўшы лінгам рукамі, як кветку, цалуе і пяшчотна пакусвае яго з бакоў, гэта «кусанне бакоў».
• Калі яна, узяўшы галоўку лінгаму ў вусны, сціскае яго, цалуе і злёгку пацягвае за крайнюю плоць, тады яна робіць «вонкавую цягу».
• Засунуўшы галоўку лінгаму глыбей у рот і сціснуўшы ейнае цельца вуснамі, яна правядзе «ўнутраную цягу».
• Калі яна трымае лінгам у руцэ і праводзіць па ўсёй яго даўжыні вуснамі, як калі б смактала сабе ніжнюю губу, тады гэта «цалаванне».
• Калі да папярэдняга спосабу дадаць яшчэ пешчанне лінгаму ад кораня і да самага кончыка рубцом языка, гэта называецца «паціранне».
• Калі ўзрушэнне ў жанчыны пачынае выходзіць з-пад кантролю, яна ўцягвае лінгам глыбей у рот і моцна яго пры гэтым цалуе і смокча, нібы выядаючы плод манга, — гэта завецца «выхлёбтванне манга».
• Калі ж неўзабаве ўсе яе адчуванні ўспыхваюць і ейнае ўзрушэнне даспявае да кульмінацыі, інтэнсіўнасць смактання і ўцягвання лінгаму нарастае, і яна ўжо бярэ яго ў рот увесь, прыводзячы да эякуляцыі. Гэта мянуецца «праглынанне сусвету».
Камасутра адзначае, што падобным чынам узаемна дражняць сабе ёні некаторыя гарэмныя жанчыны, а часам тое самае жанчынам робяць і некаторыя мужчыны, бо ёні можна цалаваць гэтаксама, як і іншыя месцы.
Калі вы каля жанчыны ляжаце наадварот, то бок галавой насупраць ейнае ёні і лінгамам насупраць ейнага рота, можаце задавальняць адно аднаго адначасова. Гэта называецца «мілаванне на ўзор варонаў».
Некаторыя практычныя рады
• Заўжды за сабой глядзіце і апранайцеся з густам.
• З-пад аховы свайго дому паглядайце на мужчын, што праходзяць па вуліцы, так, каб яны вас заўважылі.
• Пасябруйце з людзьмі, што могуць дапамагчы вам прынадзіць мужчыну, якому вы падабаецеся; у цяжкія хвіліны яны будуць вашай апорай і абароняць вас ад адрынутых каханкаў.
• Таксама знайдзіце сабе сяброў сярод гарадской варты, праўнікаў, астролагаў, вучоных і сярод тых, хто пры ўладзе. Дапамагчы вам могуць і нізкага стану людзі, як, напрыклад, прадаўцы кветак, напояў і парфумы, ваданосы, цырульнікі, жабракі і іншыя, бо і яны могуць сваім удзелам паспрыяць у заваяванні мужчынаў, якіх вы прагнеце.
Падбіраючы прыдатнага каханка, шукайце маладога мужчыну без абавязанняў, які мае багата грошай і велікадушны характар. Юнакі, што якраз успадкавалі грошы і збіраюцца іх прамантачыць, таксама вельмі прыдатныя, і хай свет пра вас думае, што сабе хоча. Аглядайцеся і на аскетаў, якія таемна прагнуць жанчын, на старых знаёмых, якія ўжо ведаюць, пра што гаворка, на багатых астролагаў і на мужчынаў, якія маюць уплыў на ўладара.
Адрынайце тупіц. Добра прыглядайцеся і старанна сабе выбірайце мужчынаў важных і мудрых, здольных зразумець, што вакол іх дзеецца.
Сваёй сядзібай выберыце дом, далёкі ад дамоў усіх мужчынаў, якія вас адведваюць, і прапануйце яго як прытулак мастакам, музыкам, паэтам і пісьменнікам. А з іх выберыце аднаго, ласкавага, шляхетнага і з добрымі манерамі. Так, добры каханак ніколі не балбоча лішняга, не сварыцца і не разносіць плётак!
Калі вы ім завалодаеце, ён будзе надаваць вашым вечарынкам іскрынку. Вядома, ён павінен быць знаўцам Камасутры, пры гэтым быць добра складзеным, прывабным і галантным.
Каго нельга браць пад увагу ў якасці каханкаў? Найперш ні ў якім разе мужчын, заражаных інфекцыйнымі хваробамі, аднак таксама не прыдатныя зласліўцы і тыя, у каго пахне з рота і хто цяжка дыхае. За вярсту абыходзьце скнараў, бадзягаў, шпегаў і мужоў, якія кахаюць сваіх жонак.
Любоўныя позы
Калі вашая ёні вузкая, вы маеце даваць перавагу позам з шырока разведзенымі нагамі, бо гэтым вы вельмі палегчыце доступ каханкаваму лінгаму. Калі ж наадварот, вашая ёні шырокая, тады, вядома, лепей вам прыдадуцца пазіцыі са зведзенымі сцёгнамі, бо яны вашую ёні сцягваюць і звужаюць.
Калі вашая ёні шырокая, а ягоны лінгам малы, вы мусіце накіраваць ягоную ўвагу на вашыя чуллівыя месцы на целе звонку. Вядома, найлепей, калі вашыя прылады кахання адно да аднаго дасканала пасуюць: тады для спаталення сваёй пажады вы можаце рабіць усё, што хочаце, і ўсе асалоды любоўнае сувязі для вас адкрытыя.
Жанчынам-газэлям найбольшую раскошу прынясуць наступныя пазіцыі:
• Адкінуўшы голаў і ўзняўшы клубы (у выпадку неабходнасці пад іх можна падкласці падушку або валік), вы апыняцеся ў «шырока адкрытай позе». Для лягчэйшага пранікнення лінгаму раяць умошчваць яго слізкімі рэчывамі.
• Лежачы на спіне, падыміце й шырока развядзіце сцёгны, — гэта «пазяхаючая поза». Ёні пры ёй адкрытая і нахіленая, таму партнёр мусіць быць уважлівы, калі хоча ўвайсці ў яе сваім лінгамам.
• «Позай Індравай жонкі» называецца пазіцыя, пры якой вы, узняўшы ногі, прыцягнеце калені да грудзей так, каб вашыя пяткі казыталі пахі партнёра. Таксама яна прыдатная для каханкаў, чые палавыя органы дакладна адпавядаюць адно аднаму, але каб яе навучыцца, патрабуецца крыху практыкі.
Усім тром тыпам жанчынаў добра пасуе «сціснутая поза». Увойдзеце вы ў яе, сціснуўшы сцёгны. Існуюць два варыянты гэтай пазіцыі паводле займанага вамі становішча: седзячы і лежачы на правым баку.
Пачаўшы палавы акт у сціснутай позе, а потым шчыльна абхапіўшы партнёра сваімі сцёгнамі, вы зоймеце «позу сціскаючую». Калі ж вы яго абхопіце толькі адным сцягном, гэта «поза сплеценая».
Калі вы моцнымі скарачэннямі сваёй ёні ўцягваеце лінгам углыб, гэта завецца «позай кабылы». Навучыцца яе можна толькі сталымі практыкаваннямі.
Суварнанабха дадае яшчэ наступныя позы:
• Калі вы падымеце ногі старчма ўгору, гэта «вертыкальная пазіцыя».
• Узняўшы сцёгны і абапёршы іх аб партнёравы плечы, вы ўвойдзеце ў «расшыраную позу».
• Калі вы сціснеце ногі й прыціснеце іх да грудзей, гэта будзе «сцятая поза».
• Калі вы падымеце адну нагу й пакладзяце яе на плячо партнёра, другую пакінуўшы выпрастанай, і цягам палавога акту абедзве нагі чаргуеце, гэта мянуецца «расшчэпліванне бамбуку».
• Калі адну нагу вы закінеце за голаў, а другую пакінеце выпрастанай, гэта «забіванне цвіка». Гэтай цяжкой пазіцыі можна навучыцца адно практыкай.
• Калі вы прыцягнеце да сябе ногі, прыціснеце пяткі да жывата і рукамі будзеце падцягваць да сябе партнёра, вы зоймеце «позу краба».
• Падняўшы сцёгны і скрыжаваўшы іх, вы ўтворыце «спакаваную позу».
• Паклаўшы ступню левай нагі высока на правае сцягно і гэтак сама зрабіўшы са ступнёй правай нагі, якую трэба змясціць на левым сцягне, вы зоймеце «пазіцыю лотасу».
• Калі пры палавой сувязі каханак ляжыць на спіне, а вы сядзіце на ім і паварочваецеся вакол, не выпускаючы пры гэтым лінгаму са сваёй ёні, гэта называецца «млын». У актыўнай ролі можа быць і мужчына. Аднак, каб напрактыкавацца ў гэтай складанай пазіцыі, спатрэбіцца немалы час.
Некаторыя абазнаныя людзі лічаць, што ўсе любоўныя позы — хай вядзецца пра пазыцыі сядзячыя, ляжачыя або стаячыя — найлепей выконваць у вадзе, аднак Камасутра палавую сувязь у вадзе ўважае за непрыдатную.
Позы стоячы
Калі вы хочаце са сваім партнёрам кахацца стоячы, у вашай дыспазіцыі дзве асноўныя позы: падпёртая і падвешаная.
• Калі вы або ваш каханак абапрэцца аб сцяну або слуп, гэта «поза падпёртая».
• Калі ваш каханак, абапёршыся аб сьцяну, зробіць з рук сядзенне, на якое вы сядзеце, абдымеце яго вакол шыі і сцёгнамі абхопіце ягоны пас, а далей пяткамі будзеце адштурхоўвацца ад сцяны, гэта «поза падвешаная», якая прыносіць вельмі інтэнсіўную асалоду.
Позы ззаду
• Калі вы сагняцеся й станеце на карачкі, рукамі абапёршыся аб ложак або дыван, тым часам як партнёр ззаду ўвойдзе ў вас, як бык, і будзе палка песціць ваш азадак, гэта «поза каровы».
Такім самым чынам можна бавіцца імітаваннем спалукі іншых жывёлаў, напрыклад, сабак, казлоў ці аленяў. Натхняцца можна і шпаркасцю аслоў або крыкамі марцовых катоў. Каханак таксама можа скакаць, як тыгра, выпроствацца, як слон, церціся, як кнораз, і кідацца на вас, як жарабец. З такіх яго штук не смейцеся, бо, паводле Камасутры, назіранне за любоўным жыццём жывёлаў можа чагосьці навучыць нават самага недасведчанага каханка.
Адваротныя позы
Найпрыдатнейшы час, каб пераняць у мужчыны актыўную ролю, надыходзіць тады, калі вы заўважаеце, што ён стаміўся, нават не дасягнуўшы аргазму, або ён яго акурат дасягнуў, а вам хочацца кахацца далей. Калі ваш каханак адпачывае на спіне, без сораму на яго ўзлезьце і не дазвольце ягонаму лінгаму выслізнуць з вашае ёні. Яго вельмі ўзрушыць, калі кветкі з вашае галавы будуць падаць на ягоныя грудзі, а кончыкі вашых валасоў гарэзліва казытаць ягонае цела. Калі ж вы схіліцеся яго пацалаваць, дакраніцеся да яго выпнутымі смочкамі, спачатку злёгку, але паступова налягайце на яго ўсё мацней, нібы жадаючы пратыкнуць яго імі. У раскошы трасіце сваёй галавой і калыхайце клубамі. Можаце партнёра таксама падрапаць, як котка, або пяшчотна пакусаць за шыю.
Карацей, рабіце ўсё, каб ваш каханак зашчыраваў, як уперад. З гэтай мэтай можаце жартам яму сказаць: «Бачыш, што ты заўжды са мной робіш?! А цяпер цябе згвалтую я!» Аднак, як толькі вы дасягняце аргазму, згадайце пра сваю сарамлівасць, злезьце з партнёра і зноў вярніцеся да ролі пяшчотнай падатлівай жанчыны.
Калі вы граеце актыўную ролю, вы маеце ў сваім распараджэнні тры тыпы палавога кантакту: абцугі, ваўчок (або колца) і арэлі.
• Калі сваёй ёні вы сціснеце лінгам ля самага кораня і будзеце ўцягваць яго ўсярэдзіну, нібы жадаючы выкруціць, гэта называецца «абцугі».
• Калі, сеўшы на кукішкі з лінгамам у ёні, вы кружыце клубамі вакол ягонага кораня, тым часам як мужчына выгінаецца ў дугу і імкнецца вашую ёні цалкам запоўніць, гэта завецца «ваўчок» або «колца».
• Калі, трымаючы лінгам у ёні, вы кружыце клубамі па ўсё большай акружнасці або гушкаеце імі з боку ў бок, гэта называецца «арэлі».
Па дасягненні аргазму юрлівасць спадае, як мора пад час адліву, і гэта прыдатны час для таго, каб без перапынення кантакту пакласці ваш лоб на ягоны. Тады агонь пажады хутка ўзвіецца зноў.
Напрыканцы тым, хто ўрынаецца ў шматлікія любоўныя гульні, Камасутра нагадвае, што яны мусяць падладжваць свае сэксуальныя дзеянні да ўласных поцягаў і густаў так, каб усіх палюбоўнікаў гэта вяло да сяброўства, кахання і ўзаемапавагі.
Каментары