Грамадства1515

«Ідэя «беларускай Швейцарыі» блізкая масавай свядомасці». Доктар сацыялогіі пра чаканні і настроі беларусаў

Большасць беларусаў хацела б, каб у іх справы ніхто не лез, пад Расію яны класціся не хочуць, а вайна ва Украіне для многіх віртуальная, лічыць вядомы сацыёлаг Генадзь Коршунаў. Ён тлумачыць, чаму частка беларусаў ухваляе папулісцкія захады Лукашэнкі, чаму канфлікт у грамадстве ёсць, а расколу няма, ды чаму маўчыць уладная эліта.

Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, доктар сацыялогіі Генадзь Коршунаў. Фота: асабісты архіў

Рэжым Лукашэнкі зрабіў прапагандысцкім наратывам, што ў Беларусі не кепска, — і тое пачынае працаваць

Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, доктар сацыялогіі Генадзь Коршунаў кажа, што ў настроях беларусаў цяпер дамінуюць дзве тэндэнцыі. З аднаго боку, вялікая частка людзей занепакоеная ўласнай бяспекай. Іх у любы момант могуць арыштаваць ці яны апынуцца пад іншымі рэпрэсіямі, напрыклад, будуць звольненыя з працы.

З другога боку, паводле эксперта, адсутнасць мабілізацыі і стабілізацыя цэн спрацавалі на ўхваленне дзеянняў улады. Апошнія тры месяцы ўмацоўваецца ідэя таго, што ў Беларусі не ўсё так дрэнна. Рэжым Лукашэнкі стварае гэты прапагандысцкі наратыў, і ён пачынае пакрысе працаваць.

Задаволенасць агульным напрамкам развіцця дзяржавы на працягу апошняга года. Скрыншот прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе»

«Ва Украіне ёсць вайна — у Беларусі яе няма. Прапаганда актыўна прасоўвае ідэю, што Беларусь у гэтай вайне не ўдзельнічае. Не зважаючы на тое, што наша тэрыторыя, інфраструктура выкарыстоўваліся расійскімі войскамі для нападу на Украіну.

Відаць, што апошнія некалькі месяцаў з Беларусі бамбаванняў Украіны няма. Назіраецца дыстанцыяванне ад вайны», — ілюструе сітуацыю прыкладам эксперт.

Для большасці беларусаў вайна ва Украіне віртуальная

Пра выкарыстанне Расіяй беларускай тэрыторыі, лічыць Генадзь Коршунаў, збольшага ведаюць усе беларусы. Але ў гэтым выпадку працуюць асаблівыя механізмы.

«Калі здараецца нешта зусім неймавернае, што не ўкладаецца ў карціну свету, якая ў галовах, то розум такія факты не ўспрымае. Ён кажа, што гэта няпраўда, бо такога не было і не можа быць у прынцыпе. Таму тое выкрэсліваем і не бачым, асабліва калі гэта наўпрост нас не кранае.

Прапаганда і дзяржаўныя медыя вельмі добра гэта выкарыстоўваюць і даводзяць, што мы ў вайне не ўдзельнічаем. Тым самым падтрымліваючы ўстаноўку людзей на «не зважаць», — тлумачыць даследчык.

Чый бок падтрымліваюць беларусы ў вайне ва Украіне. Скрыншот прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе»

На думку Коршунава, жыхары Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай абласцей не бачылі войскаў, і для іх вайна ва Украіне віртуальная. З расійскімі войскамі непасрэдна сутыкнуліся жыхары Гомельскай і Брэсцкай абласцей, дзе кватаравалі салдаты.

Сацыёлаг акцэнтуе ўвагу на тым, што прапаганду заўжды трэба ўлічваць. Акрамя таго, не забываць, што па разгроме незалежных медыя інфармацыйная прастора ў Беларусі татальна русіфікаваная і мае прарасійскі ўхіл.

«Калі некаторыя беларусы гавораць са сваякамі ва Украіне, то вераць больш прапагандзе, чым сваякам. І тое сведчыць, што прапаганда працуе», — адзначае ён.

Яшчэ адзін момант — параўнанне з тым, што адбываецца ў Расіі.

Там мабілізацыя, расце псіхалагічнае напружанне. У Беларусі ваенкаматы праводзяць праверку даных, але мабілізацыя афіцыйна не абвяшчалася. Гэта надае пазітыўную карціну ў параўнанні з Расіяй.

На прыцісканне цэн улада атрымала пазітыўны водгук ад простага чалавека

Паводле Коршунава, забарона росту цэн моцна спрацавала для масавай свядомасці, бо гэтае пытанне заўжды турбуе. Хоць такі крок не дужа добрая рэч для эканомікі, просты чалавек бачыць, што цэны не растуць, і гэта яго задавальняе.

На погляд суразмоўцы, «прыцісканне цэнаў» — па сутнасці, першае штосьці значнае, што зрабіў Лукашэнка за апошнія два гады пасля рэвалюцыі, і на фоне яго папярэдняй бяздзейнасці і гэта атрымала пазітыўны водгук ад простых людзей.

«Стратэгічнага бачання сёння ў людзей няма, бо сітуацыя дынамічная. У адным з даследаванняў мы запытвалі, які ў рэспандэнтаў гарызонт планавання. Для большасці гэта 1—2 месяцы. Людзі далей не глядзяць.

Таму ў такім аператыўным плане сітуацыю сапраўды дзяржава стабілізавала. На першым месцы заўжды ў людзей эканамічны складнік», — тлумачыць Коршунаў.

Большасць беларусаў хацела б займацца сваімі справамі

Сацыёлаг Філіп Біканаў у нядаўна прэзентаваным даследаванні адзначыў, што 39 працэнтаў беларусаў у стаўленні да вайны ва Украіне трымаюцца прарасійскай пазіцыі, а 20 падтрымліваюць Украіну. Астатнія схільныя маўчаць і дыхаць. Ці сведчыць гэта, што 39 працэнтаў беларусаў гатовыя ваяваць і іх не палохаюць наступствы?

«Так адназначна казаць нельга, — адказвае Коршунаў і ўдакладняе:

— Ёсць у грамадскай свядомасці кансэнсус з усіх бакоў — і тых, хто за ўладу, і тых, хто за пратэсты, і тых, хто атаясамляе сябе з савецкімі людзьмі, і свядомымі беларусамі — не ўступаць у вайну. Вайна — гэта агульная антыкаштоўнасць. Гэта бачна па выніках даследавання».

Паводле даследчыка, базавая стратэгія беларускага грамадства прасочваецца і па геапалітычных пытаннях, і па ўнутрыпалітычных: большасць беларусаў хацела б займацца сваімі справамі і каб у гэтыя справы ніхто не ўлазіў.

«Калі ж прымушаць чалавека выказацца, ці ён за тых, ці за тых, ён скажа нешта, аднак, тут пытанне, што ён будзе рабіць», — падкрэслівае Коршунаў.

Стаўленне беларусаў да інтэграцыі. Скрыншот прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе»

Па словах Коршунава, падтрымка расійскага боку — гэта моцная звычка. Яе ўкладалі беларусам са школы, дзесяцігоддзі над гэтым працавала прапаганда.

«Але, калі падводзіць да падтрымкі вайны, то тут гаворка пра іншае. Падтрымліваць жа можна таксама па-рознаму. Меншая частка жадае перамогі, магутнай, крывавай, расійскаму ці ўкраінскаму боку. Большасць жа спачувае. Цяпер б’юць Расію, дык ёй спачуваюць. У іх мабілізацыя, таму думкі беларуса — каб сваяка там на вайну не забралі», — мяркуе суразмоўца.

Канфлікт у грамадстве ёсць — расколу няма

Сёлета ў красавіку Генадзь Коршунаў казаў, што крытычнага падзелу грамадства не бачыць, як і перадумоў для сапраўднага супрацьстаяння. Ці змянілася сітуацыя за прамінулы час?

Коршунаў заўважае, што «мы прызвычаіліся глядзець на полюсы, бо гэта проста, наглядна і зразумела», але тое не адлюстроўвае сапраўднай сітуацыі. Паводле яго, канфлікт у грамадстве насамрэч ёсць, але раскол адсутнічае, і гэта заслуга «вялікай сярэдзіны» непрымірымых груп.

«Гэта бачна па пытанні пра геапалітыку. Калі запытваеш, вы за ўсход ці за захад, то большасць кажа: адчапіцеся ад нас, мы хочам нейтралітэту і хочам займацца сваімі справамі», — даводзіць ён.

Па словах сацыёлага, тое ж самае працуе і з ідэнтычнасцю. Большасць не хоча ісці ні ў бок нацыянальна-рамантычных, ні ў бок савецкіх.

Коршунаў лічыць, што трэба выбудоўваць цэнтрысцкія, нейтральныя мадэлі грамадства, якія збалансуюць тое, што ляжыць на адным і другім баку. Ідэя «беларускай Швейцарыі» натуральна блізкая беларускай масавай свядомасці.

Генадзь Коршунаў адзначае, што ладная частка беларусаў розумам застаецца ў 2020 годзе. Тады адбылася перакадзіроўка беларусаў як нацыі ў постындустрыяльнай і постмадэрновай эпосе. 

На яго думку, беларусам блізкая сеткавая арганізацыя грамадства, у якім дамінуюць гарызантальныя сувязі між людзьмі. У гэтым ён бачыць прычыну таго, што беларусам не ўдалося сфармуляваць напачатку XX стагоддзя мадэрновай канцэпцыі нацыі, калі працавалі вертыкальныя сувязі.

Беларусы не згодныя класціся пад Расію, а Лукашэнку няёмка падпарадкоўвацца Пуціну

Генадзь Коршунаў лічыць актуальнымі раней названыя ім сцэнары развіцця сітуацыі ў святле «страты часткі інфармацыйнага суверэнітэту Беларусі»:

— «самакаланізацыя Беларусі, гэта значыць падпарадкаванне Расіі»

— прыярытэт нейтралітэту: захаванне суверэнітэту, роўныя сяброўскія адносіны і з Усходам, і з Захадам.

— праеўрапейскі сцэнар.

Сферы магчымага паглыблення інтэграцыі з Расіяй. Скрыншот прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе»

Адзінае, варта разумець, адзначае Коршунаў, што ў нас дзяржава супраць грамадства. Хаця цяпер яно збольшага падтрымлівае тое, што рабіць улада (у эканамічным, а не ў агульным плане).

На думку даследчыка, беларусы не згодныя цалкам класціся пад Расію.

«Калі мы пытаем, з кім саюз, то людзі кажуць пра саюз з Расіяй, але гэта не варыянт Савецкага Саюза. Гэта варыянт адкрытых межаў, эканамічнага супрацоўніцтва. Палітычнага ці вайсковага тут значна меней. Асноўнае — усё роўна эканоміка. І большасць кажа, што сябраваць трэба з усімі», — тлумачыць Коршунаў.

Лукашэнка здае ўсё больш і больш суверэнітэту. Коршунаў трымаецца меркавання, што Лукашэнка выканае ўсё, што яму загадае Пуцін. Расійскія войскі атрымалі ў Беларусі доступ да тэрыторыі, бальніц, дарог, зброі, боепрыпасаў.

«Хутчэй за ўсё, ніякага прымусу Лукашэнкі з боку Расіі няма, — лічыць ён. — Але відаць, што для Лукашэнкі нязвыклая пазіцыя падпарадкоўваецца. Гэта яму не падабаецца. Ці ўдасца яму выскачыць — гэта пытанне».

Сціплыя жэсты ў бок Захаду ён робіць, адзначае Коршунаў. Як, напрыклад, прапанова транзіту зерня з Украіны праз беларускую тэрыторыю. Але тая ж амністыя вылілася ў пшык з палітычнага гледзішча. Палітвязняў яна не закранула.

Ці можна чыноўніцтва разглядаць як асобнага гульца на палітычным полі без Лукашэнкі

Даследаванняў па чыноўніцтве, уладнай эліце амаль няма, заўважае Генадзь Коршунаў. Але па іх паводзінах, тым, што прасочваецца ў медыя, бачна, што элітаў у Беларусі няма ў класічным разуменні.

Эліты — гэта суб’екты, якія асэнсоўваюць свае мэты, інтарэсы і за іх неяк змагаюцца. У Беларусі гэтага няма.

Фінансавых элітаў, якія б выступалі за свае інтарэсы, няма. Інтэлектуальныя эліты вынішчаныя. Хто застаўся — маўчыць. Калі прайсці па сектарах, то там нікога больш-менш самастойнага няма.

«Усё заціснутае ў рэжымны кулак, і гэта кулак Лукашэнкі», — падкрэслівае эксперт.

На яго погляд, гэта адна з прычын, чаму не было перамогі ў 2020 годзе. Тады не адбылося расколу эліт, бо іх як такіх няма.

«Лукашэнка выбудаваў пад сябе вельмі магутную адміністрацыйна-бюракратычную і сілавую машыну. І яна працуе — адна, маналітная. І Лукашэнка робіць усё, каб яна працавала далей», — даводзіць Коршунаў.

Таму, лічыць ён, Лукашэнка адзіны палітычны актар і робіць усё, каб створаная ім машына працавала толькі на яго.

Якім будзе сцэнар развязання праблемаў у Беларусі з улікам настрояў

— Такое пытанне сабе цяпер не задаю, — адказвае Генадзь Коршуноў. — Наша сітуацыя вельмі моцна прывязаная да таго, што адбываецца ва Украіне. Без заканчэння вайны мы не развяжам таго, што ёсць у нас.

Галоўнае пытанне — увойдуць беларускія войскі ва Украіну ці не, падсумоўвае гутарку даследчык.

«Калі ўвойдуць, то гэта будзе вельмі непрыемная сітуацыя. Калі не ўвойдуць — то ў якім эканамічным стане будзе Беларусь праз паўгода ці год? У якім стане будзе беларускае войска, беларускае грамадства, беларуская дыяспара? Далёка так не зазіраў бы, бо няма ў гэтым сэнсу».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Свядомых ці савецкіх — каго больш сярод беларусаў? Новае даследаванне беларускай ідэнтычнасці

Як змяніўся рэйтынг тэлеперадач, якія круцяць у Беларусі, з пачатку вайны? Займальная карціна

Кіраўнік Ровенскай вобласці: Беларусы — дакладна не рускія. І яшчэ рана ацэньваць іх ролю

Каментары15

  • Vir
    14.12.2022
    A ci viedaje hety doktar, sto aznačaje bielaruskaje slova "шeльMa" ?
  • Andrzejzkresów
    14.12.2022
    Понятно, швейцарами хотят быть, значит будут гондурасцами.
  • моментально в море
    14.12.2022
    Ну то бок большасць ўсё ж такі балота, якому камфортна пражываць на сваіх "хутарах" па парнцыпе "абы мяне не чапал"і. І як тут будуваць нацыянальную незалежную дзяржаву? А ніяк.

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе11

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе

Усе навіны →
Усе навіны

Навукоўцы не выявілі сувязі паміж выкарыстаннем сацыяльных сетак і псіхічнымі праблемамі

У цягніку Мінск-Брэст раптоўна памёр італьянец17

Пераходная адміністрацыя Трампа адмаўляе, што дарадца Ланза казаў пра Украіну ад яе імя20

Даследаванне ДНК ахвяр вывяржэння ў Пампеях разбурыла прыгожую легенду пра маці з дзіцем10

У Прыпяцкім нацыянальным парку адшукалі старажытныя курганы1

«Ва Украіне я ніхто!» Маргарыта Ляўчук не можа даць сыну імя праз абмежаванні, уведзеныя супраць беларусаў105

«Крыма больш няма». Амерыка пры Трампе не збіраецца дапамагаць Украіне вяртаць акупаваныя Расіяй тэрыторыі?40

Навуковец назваў два раёны Мінска, якія аблюбавалі кажаны2

Для Лукашэнкі запісалі песню «Надо!» з Дзім Дзімычам, Саладухам і Ярмоленкам26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе11

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе

Галоўнае
Усе навіны →