Грамадства4242

Свядомых ці савецкіх — каго больш сярод беларусаў? Новае даследаванне беларускай ідэнтычнасці

Праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі застаецца больш, чым прыхільнікаў. Аднак на фоне вайны і прапаганды вырасла колькасць прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй. Некаторыя вынікі новага сацыялагічнага апытання прымушаюць задумацца.

Даследчык — незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў у супрацы з Фондам імя Фрыдрыха Эберта.

Даследаванне праводзілася метадам анлайн-апытання з 12 жніўня па 6 верасня 2022 года. Яго ўдзельнікамі былі 1 279 жыхароў беларускіх гарадоў ва ўзросце ад 18 гадоў.

Адзначаецца, што на вынікі мог паўплываць такі фактар, як страх.

Ад «свядомых» да «русіфікаваных»

Філіп Біканаў вылучае 5 асноўных груп апытаных беларусаў, паводле іх стаўлення да нацыянальнай самасвядомасці: «свядомыя», «савецкія», «тыя, хто фармуецца», «абыякавыя», «русіфікаваныя».

Сярод апытаных 14 працэнтаў склалі «свядомыя» — гэта людзі, якія выступаюць за максімальнае развіццё беларускай мовы і культуры, маюць праеўрапейскія погляды.

«Свядомых» больш сярод мужчын, сярод людзей з вышэйшай адукацыяй, з высокім дастаткам, сярод рэгіёнаў найбольшы працэнт «свядомых» — у Мінску. «Свядомых» шмат сярод прадпрымальнікаў і IT, якія аддаюць перавагу недзяржаўным медыя.

29 працэнтаў апытаных — «савецкія», яны настальгуюць па СССР. У іх пераважае расійска-савецкае, але знаходзіцца месца і беларускаму. На іх паўплывала палітыка «мяккай беларусізацыі» мінулага дзесяцігоддзя.

У «савецкіх» часцей, чым у прадстаўнікоў іншых груп, пераважае сярэдняя адукацыя. Гэта кваліфікаваныя рабочыя, сярод рэгіёнаў найбольшы працэнт іх — у Гомельскай вобласці. Яны аднолькава часта глядзяць дзяржаўныя і недзяржаўныя медыя.

Топ‑10 характарыстык, якія звязваюць беларусаў. Скрыншот прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе»

«Тых, хто фармуецца», 39 працэнтаў. Яны не маюць акрэсленай пазіцыі адносна ўласнай нацыянальнай самасвядомасці. Найбольшы працэнт іх, калі браць рэгіянальна, — у Брэсцкай вобласці.

Прадстаўнікоў гэтай групы шмат у сферы адукацыі, шмат і сярод кваліфікаваных рабочых. Гэта актыўная аўдыторыя як дзяржаўных, так і недзяржаўных медыя.

«Абыякавых» — 13 працэнтаў. Яны не надаюць пытанням нацыянальнасці амаль ніякай увагі. Нацыянальная культура і мова для іх не зʼяўляюцца чымсьці важным у сучасным свеце.

Іх працэнт вышэйшы сярод жанчын, а таксама сярод жыхароў Гомельскай ці Магілёўскай абласцей. У іх сярэдняя адукацыя. Сярод іх многа некваліфікаваных рабочых і работнікаў сферы абслугоўвання. Яны аддаюць перавагу дзяржаўным медыя.

«Русіфікаваных» — 4 працэнты. Для іх не характэрна беларускае. Гэту новую групу вылучылі з сегмента найбольш радыкальных «абыякавых». «Русіфікаваныя» называюць сябе «рускімі», і менавіта яны ў большай ступені давалі падчас апытання «беларусафобныя» адказы.

Філіп Біканаў дапускае, што такія погляды могуць быць характэрныя для расіян, якія пераехалі ў Беларусь. 

Гэта група складаецца з людзей сталага веку з сярэдняй адукацыяй. Сярод іх шмат некваліфікаваных рабочых ці вяскоўцаў, занятых у сельскай гаспадарцы, але з высокім даходам. Найчасцей гэта ўдаўцы (удовы) і адзінокія людзі. «Русіфікаваныя» — актыўная аўдыторыя дзяржаўных медыя.

Як беларусы вызначаюць сваю прыналежнасць?

«Роля беларускага грамадзянства і наяўнасці бацькоў-беларусаў за два гады значна знізілася, што, верагодна, звязана з ростам эміграцыі з краіны, павелічэннем дыяспары беларусаў па ўсім свеце», — дапускаюць у даследаванні.

Падзеі 2020 года значна паўплывалі на ўспрыманне беларусамі сябе: меркаванне аб тым, што мы асобны народ, за два гады стала значна больш папулярным. 

Ідэя трыадзінства беларускага, украінскага і рускага народаў паступова губляе прыхільнікаў. Адбываецца адрыў ад савецкіх і прарасійскіх поглядаў.

«Свядомыя» вельмі рэдка лічаць, што дзяржава звязвае беларусаў. Яны вераць у самастойную гісторыю беларусаў, у адрозненне ад «савецкіх» і «русіфікаваных».

Для «абыякавых» пражыванне на тэрыторыі, паходжанне, грамадзянства лічацца важнымі фактарамі нацыянальнасці. У фармаванні сваіх поглядаў і каштоўнасцяў яны не ўлічваюць мову, культуру краіны, у якой нарадзіліся. Для іх нацыянальнасць — тое, што напісана на паперы.

«Савецкія» адрозніваюцца тым, што для іх любоў да краіны адыгрывае нашмат большую ролю, чым для іншых груп, што сведчыць аб іх абсалютна станоўчым стаўленні да краіны і яе культуры, нягледзячы на настальгію па СССР.

Беларусаў часцей лічаць міралюбівымі, радзей — моцнымі і незалежнымі

Партрэт тыповага беларуса пазітыўны. Больш за ўсё беларусы ў сабе шануюць дабрыню, працавітасць, сумленнасць, спагадлівасць і спакой. У той жа час галоўныя недахопы — цярплівасць і баязлівасць. Даволі часта беларусаў лічаць патрыётамі.

У параўнанні з 2021 годам беларусаў сталі значна часцей лічыць міралюбівымі і працавітымі, а таксама кансерватарамі, радзей — моцнымі і незалежнымі.

Пазітыўныя характарыстыкі вобраза беларуса. Скрыншот прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе»

Самае пазітыўнае стаўленне да беларусаў у «савецкіх», якія лічаць вельмі важнай любоў да краіны, а самае негатыўнае — у «русіфікаваных».

«Савецкія» з 2021 года сталі часцей асацыяваць беларусаў з прагрэсіўнасцю, дабрынёй, спагадлівасцю. Яны радзей успрымаюць іх баязлівымі. «Свядомыя» сталі радзей думаць аб беларусах як аб непрыкметных, шэрых.

У «русіфікаваных» сімпатый да беларусаў паменела. Яны больш не атаясамліваюцца як добрыя, адкрытыя і прагрэсіўныя. У характары беларусаў гэта група адзначае заганы: хітрасць, злосць, сквапнасць.

«Абыякавыя» нашмат радзей за прадстаўнікоў іншых груп лічаць беларусаў працавітымі і нашмат часцей — слабымі.

Валоданне беларускай мовай

58 працэнтаў «свядомых» заяўляюць, што свабодна валодаюць як вуснай, так і пісьмовай беларускай мовай. У той жа час, больш за 40 працэнтаў «савецкіх» ды больш за 30 працэнтаў «абыякавых», «русіфікаваных» і «тых, хто фармуецца» лічаць, што свабодна валодаюць беларускай мовай.

Веданне беларускай мовы. Скрыншот прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе» 

«Гэта асабліва дзіўна ў выпадку з «русіфікаванымі», якія заўсёды карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці рускай мовай. Аднак, хутчэй за ўсё, сегменты сябе папросту пераацэньваюць, бо сярод тых, хто «свабодна валодае як вуснай, так і пісьмовай беларускай мовай», больш за 60 працэнтаў ужывае або мясцовую гаворку, або мешаніну з рускіх і беларускіх слоў», — адзначаецца ў даследаванні.

Заўзятыя праціўнікі і прыхільнікі

На працягу апошняга года назіраецца істотны зрух у бок задаволенасці агульным напрамкам развіцця Беларусі. Але ў грамадстве існуюць супрацьлеглыя сегменты з рознай ступенню даверу да дзяржаўных і незалежных структур:

 — «заўзятыя праціўнікі», якія не давяраюць усім дзяржаўным структурам і давяраюць незалежным — 21%;

 — «заўзятыя прыхільнікі», якія падтрымліваюць цяперашнюю афіцыйную ўладу — 9%;

— «хутчэй праціўнікі» — 30%;

— «хутчэй прыхільнікі» — 41% (з-за акруглення сума не роўная 100%).

Ядрамі двух груп зʼяўляюцца «свядомыя» і «савецкія». Яны апірышча для сацыяльнага канфлікту ўнутры краіны. Гэтыя групы знаходзяцца ў сваіх інфармацыйных пузырах і імкнуцца не кантактаваць адна з другой.

Узаемасувязь сегментаў па даверы да ўладаў. Скрыншот прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе» 

«Яны займаюць строга супрацьлеглыя пазіцыі па пытанні напрамку развіцця беларускай дзяржавы і выказваюць вельмі моцную непрыязнасць адно да аднаго, выкарыстоўваюць розныя крыніцы інфармацыі. Прадстаўнікі гэтых груп лічаць «альтэрнатыўны бок» небяспечным як для сябе асабіста, так і для грамадства ў цэлым», — адзначае аўтар даследавання.

55% «заўзятых прыхільнікаў» згодныя са сцвярджэннем, што паслухмянасць і павага да ўлады — самыя важныя дабрадзейнасці, якія павінны засвоіць дзеці.

Стаўленне да гвалту, дэмакратычных каштоўнасцяў ды паслушэнства. Скрыншот прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе» 

89 працэнтаў рэспандэнтаў лічаць, што прыніжэнне чалавечай годнасці недапушчальнае ні ў якім разе. 61 працэнт настойвае, што грамадзяне павінны мець права кантраляваць выдаткі дзяржавы.

Для «свядомых» характэрная прыхільнасць да дэмакратычных каштоўнасцяў і нецярпімасць да гвалту. Такой жа пазіцыі трымаецца група «тых, хто фармуецца».

«Русіфікаваныя» часцей гатовы апраўдваць гвалт любога роду, перакладаць адказнасць на дзяржаву і звышнатуральныя сілы.

«Савецкія» схільныя да паслухмянасці, талерантнасці да дзяржаўнага гвалту і веры ў звышнатуральнае.

Паболела прыхільнікаў саюзу з Расіяй

У параўнанні з мінулым годам колькасць прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй вырасла, і сёння іх крыху больш, чым апанентаў, хоць ні адна з пазіцый не заваявала большасці.

У 2022 годзе за саюз з Расіяй выступіла 38 працэнтаў рэспандэнтаў (плюс 10 працэнтных пунктаў да ўзроўню 2021 года), за кааліцыю з ЕС — 15 працэнтаў, адначасова за РФ і ЕС — 28 працэнтаў (мінус 5), за Беларусь па-за ўсякімі геапалітычнымі саюзамі — 19% (мінус 5).

Стаўленне да міжнародных саюзаў. Скрыншот прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе» 

Асноўная база падтрымкі збліжэння з Расіяй — гэта «савецкія» і «русіфікаваныя». Яны часцей выступаюць за стварэнне адзіных Узброеных сіл (36% сярод «савецкіх» і 35% сярод «русіфікаваных») і абʼяднанне энергетычнай сістэмы (36% і 44%).

За адзіную валюту з Расіяй выступае 16 працэнтаў апытаных, за аб'яднанне Узброеных сіл — 20 працэнтаў, агульнае грамадзянства — 22 працэнты, стварэнне наднацыянальных органаў улады — 11 працэнтаў, агульную сімволіку — 5 працэнтаў.

У адносінах да вайны, згодна з даследаваннем, 41% не займае нічый бок, Расію падтрымлівае 39% апытаных, Украіну — 20%.

Сярод «свядомых» амаль ніхто не падтрымлівае паглыбленне інтэграцыі з Расіяй у любых формах.

Для іх важна захоўваць нацыянальную незалежнасць, якая ў іх уяўленні можа быць пастаўлена пад пагрозу інтэграцыяй. «Савецкія» і «русіфікаваныя», наадварот, часцей успрымаюць беларусаў і расіян адзіным народам ці ўвогуле лічаць сябе рускімі.

Філіп Біканаў падкрэслівае, што пад інтэграцыяй беларусы рэдка маюць на ўвазе зліццё асноўных дзяржаўных інстытутаў. Як прыхільнікі, так і праціўнікі часцей лічаць, што яна найперш павінна азначаць супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы (48% сярод прыхільнікаў і 15% сярод праціўнікаў) і стварэнне агульнай візавай прасторы (44% і 13%).

Якія праблемы хвалююць грамадства?

Найбольш актуальнымі праблемамі застаюцца эканамічныя: рост цэн, нізкія заробкі і пенсіі, што ў цэлым характэрна для беларускага грамадства ў розных замерах. 

У топ-5 праблем таксама ўвайшлі палітычныя пытанні, як вайна паміж Расіяй і Украінай (87%) і санкцыі з боку Еўрасаюза і ЗША.

Топ-10 праблем. Скрыншот прэзентацыі даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе»

Паводле даследчыка, розныя групы па-рознаму ўспрымаюць актуальнасць і важнасць вайны, але хвалюе яна ўсіх.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Кіраўнік Ровенскай вобласці: Беларусы — дакладна не рускія. І яшчэ рана ацэньваць іх ролю

Педагог: «А ўсё адно нас больш»

Як змяніўся рэйтынг тэлеперадач, якія круцяць у Беларусі, з пачатку вайны? Займальная карціна

Каментары42

  • Спажывец
    13.12.2022
    10% тых і 10% тых, а астатнія звычайныя людзі якім надакучылі і тыя і тыя з сваім змаганнем і яны проста хочуць спакойна жыць.
  • BLR
    13.12.2022
    Слухайце - беларусы заўседы былі прамаскоўскімі. Колькасьць прыхільнікаў БЕЛАРУСКАЙ дзяржавы, і адпаведных каштоўнасьцяў ніколі не сягала вышэй 20%. ВА ЎСЕ ЧАСЫ найноўшай гісторыі. А за савецкім часам гэта была самая паслухмяная і узорная САВЕЦКАЯ рэспубліка са шчырым і сьвядомым адмаўленьнем уласнай мовы, культуры і гісторыі.
    І нічога не змянілась на сеньня, і не зьменіцца. Тут марныя спадзевы. Беларусы не жадаюць быць беларусамі па сутнасьці, хіба па пашпарце, але па-руску і з рускімі ў шчыльным хаўрусе
  • Андрусь
    13.12.2022
    Яшчэ важна, што даследаванне пра нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў апублікавана толькі на расійскай і ангельскай мовах. Па-беларуску абяцаюць выдаць у наступным годзе. Толькі беларусы так умеюць! 
    Чаму? Бо рэдагавалі выніковыя матэрыялы ўкраінскія рэдактары, якія сядзяць у Кіеве пад бомбамі і веернымі адключэннямі святла. Не ведаю, як гэта апраўдвае тое, што няма версіі даследавання пра нацыянальную ідэнтычнасць на нацыянальнай мове, але...  
    Ёсць і станоўчая дынаміка. За год, які мінуў з папярэдняй прэзентацыі аналагічнага даследавання, сам Філіп перайшоў з русіфікаваных у свядомыя і, у адрозненне ад леташняй імпрэзы, распавядаў пра нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў па-беларуску. 
    То бок, ёсць спадзяванне, што налета беларусы ў даследаванні пра саміх сябе спачатку выдадуць тэкст, табліцы і графікі на сваёй мове, а ўжо потым будуць гэта перакладаць на ўсякія іншыя. 

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»2

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»

Усе навіны →
Усе навіны

На Палессі сёння было мінус 8

У Бабруйску на 13-гадовай дзяўчынцы загарэлася адзенне, калі яна варыла пельмені

Сенсацыя ў Мастацкім музеі — пад «Дзяўчынай» рускага мастака Малявіна знайшлі іншую карціну6

84-гадовая жанчына падавілася чырвонай ікрой і памерла

Ва Украіне самымі небяспечнымі для ворага аператарамі дронаў сталі геймеры3

У Мазырскім раёне сусед шуфлікам забіў пажылую пару і забраў 500 рублёў1

Калі стануць вядомыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША?3

Рэзка вырасла колькасць аўтобусаў і легкавікоў на польскай мяжы

Праз 70 гадоў насельніцтва Кітая можа скараціцца ўдвая. Як палітыка аднаго дзіцяці траўмавала мільёны жанчын10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»2

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»

Галоўнае
Усе навіны →