Кватэру айцішніка арыштавалі пасля акцый за мяжой. У ёй жыве яго мама
Сілавікі пачалі накладаць арышт на ўласнасць некаторых рэлакантаў, якія «засвяціліся». Сваёй гісторыяй з Devby.io падзяліўся адзін з чытачоў.
— З краіны я зʼехаў некалькі гадоў таму. У Беларусі ў мяне засталася кватэра, у якой я зʼяўляюся ўласнікам і дзе зараз жыве мая мама.
З канца красавіка амаль кожны дзень у кватэру пачаў нехта прыходзіць і стукаць у дзверы. Ні званка ў дамафон, ні званка ў дзверы. Мама (яна прапісана ў кватэры) прынцыпова нікому не адчыняла і да дзвярэй не падыходзіла. Праз два тыдні ў дзверы ўжо не стукалі. Іх адразу вынеслі, вырашыўшы, відаць, што ў кватэры нікога няма.
Аказалася, гэта былі супрацоўнікі КДБ. Іх прыход быў звязаны з маім удзелам у «экстрэмісцкай дзейнасці». Я быў пару разоў на замежных акцыях, бачыў людзей, якія вялі здымкі, меркаваў, што гэта маглі быць як і мясцовыя спецслужбы, так і засланцы з Беларусі. Такім чынам зацікавіліся і маім знаёмым, які апошні раз быў на Дні Волі год таму.
Супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у кватэры, але нічога значнага ў межах крымінальнай справы не знайшлі.
Кватэру арыштавалі, апісалі маёмасць, у прыватнасці, тэлевізар, хатні кінатэатр, кампʼютар, пральную машыну. Усю апісаную маёмасць перадалі маме на адказнае захоўванне. Я так разумею, гэтай маёмасцю нельга распараджацца.
Іншых падрабязнасцяў не ведаю, бо з мамы ўзялі падпіску аб неразгалошванні.
Маці працягвае жыць у кватэры, яе нікуды не выгналі, ды і выгнаць асабліва няма куды, законы ў Беларусі, здаецца, пакуль такога не дазваляюць.
Абмежавалі зносіны
Па словах суразмоўцы, маці прасілі звязацца з сынам і агучыць прапанову органаў вярнуцца ў Беларусь. «Магчыма, пакуль». Пасля візіту сілавікоў ён абмежаваў спосабы зносін з мамай з-за рызык.
— Мама думае, што ёй на тэлефон маглі нешта ўсталяваць, таму мы не перапісваемся. З кватэры яна таксама мне не тэлефануе, баіцца, што супрацоўнікі КДБ усталявалі праслухоўванне.
Прыехаць да мяне яна таксама не можа. Па-першае, у яе няма візы. Апасаецца, што калі заняцца афармленнем візы, то гэтая інфармацыя дойдзе куды трэба і ёй наогул могуць забараніць выезд з краіны. Па-другое, не жадае зʼязджаць за мяжу ў пустэчу, баіцца не знайсці працу, не жадае пачынаць жыццё спачатку.
Вырашыць пытанне з кватэрай раней не выйшла
— Я ў спешцы зʼязджаў з краіны і не паспеў зрабіў гендаверанасць. Пазней атрымалася зрабіць праз пасольства, але нават тады не думаў прадаваць кватэру, усё на нешта спадзяваўся. А ў мінулым годзе мяне сталі шукаць, не ведалі, у якую краіну зʼехаў (я не перасякаў сухапутную мяжу праз афіцыйныя пункты пропуску). У выніку выпусціў момант.
Што далей?
— Думаю, павінен адбыцца суд, на якім павінен быць агучаны «разлік» страт, які панесла дзяржава ад майго ўдзелу ў пары мітынгаў за мяжой. І потым забяруць кватэру. Магчыма, год-паўтара невядомасці ў нас ёсць.
Паўплываць на сітуацыю я ніяк не магу. Нават калі я вярнуся ў Беларусь, арышт з кватэры не здымуць. Затое будзе магчымасць яшчэ мяне і пасадзіць.
Што гавораць юрысты
Што далей будзе адбывацца з арыштаванай нерухомасцю?
Калі на маёмасць уласніка, які зʼяўляецца падазраваным або абвінавачаным па крымінальнай справе, наклалі арышт, гэта не азначае, што пасля арышт не могуць зняць, зазначае адвакат Антон Гашынскі.
— Калі ўласнік і / або яго сямʼя, сваякі пастаянна пражываюць у кватэры і для іх гэта адзінае жыллё, то на такую нерухомасць не могуць накласці арышт у мэтах забеспячэння кампенсацыі стратаў, прычыненага злачынствам.
Гэта значыць на практыцы нерухомасць могуць арыштаваць, але ў наступным арышт павінен быць зняты, бо гэта адзінае жыллё для тых, хто там пражывае. Але для гэтага блізкім або сваякам спатрэбіцца ўстанавіць факт пастаяннага пражывання і адзінага жылля.
Што рабіць
— Як толькі накладваецца арышт на маёмасць, гэтае рашэнне неабходна абскардзіць у судзе, альбо пісаць зварот у органы, якія наклалі арышт, з просьбай растлумачыць падставы і прычыны накладання арышту. Пасля атрымання адказу рашэнне аб накладанні арышту можна абскардзіць па лініі пракуратуры ці Следчага камітэта, калі ён наклаў арышт.
У органаў у дадзеным выпадку простая логіка. Спачатку ўсё арыштаваць, а потым заявіць аб тым, што накладзены арышт на маёмасць на нейкую суму, што дастаткова для шматразовай кампенсацыі стратаў. Але пасля суд павінен прыняць рашэнне аб вызваленні маёмасці з-пад арышту.
Па АНТ паказалі сюжэт, як у апазіцыйных актывістаў забіраюць нерухомасць. Сталі вядомыя яшчэ некалькі прозвішчаў
«Апячатаная, завараная, подпіс КДБ». Кватэры палітэмігрантаў з Гомеля арыштавалі пасля пагроз СК
Запазычанасць блогеркі Алены Янушкоўскай у сем з паловай разоў меншая, чым стартавы кошт яе хаты на аўкцыёне
Каментары