Чачэнскія вайскоўцы расійскага войска захапілі псіханеўралагічны інтэрнат у Барадзянцы Кіеўскай вобласці, заявіла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Людміла Дзянісава са спасылкай на Міністэрства сацыяльнай палітыкі.
У інтэрнаце, паводле Дзянісавай, знаходзяцца 600 пацыентаў ‒ асоб з устойлівымі інтэлектуальнымі або псіхічнымі парушэннямі, якія патрабуюць пастаяннага догляду і лячэння.
Дзянісава паведаміла, што інфармацыя пацверджана Мінсацпалітыкі Украіны: аб факце захопу паспела паведаміць кіраўніцтва інтэрната. Зараз сувязь з ім адсутнічае.
«Паводле наяўнай інфармацыі ад жыхароў горада войскі агрэсара замініравалі ўсе падыходы да інтэрната. Прыкрываючыся падапечнымі і персаналам установы, адтуль вядуць артылерыйскі агонь па пазіцыях украінскай арміі», ‒ піша Дзянісава.
Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека звярнулася да Міжнароднага Чырвонага Крыжа садзейнічаць стварэнню гуманітарнага калідора для вываду пацыентаў і персаналу ўстановы з-пад агню.
«Прашу краіны-члены НАТА зачыніце неба над Украінай!» ‒ скончыла яна допіс.
Каментары