Грамадства

Футбаліст-літовец, які лічыць менталітэт беларусаў калгасным і фанацее ад Лукашэнкі, можа сесці ў турму. Не за палітыку, а за наркотыкі

Літовец Сімас Скіндэрыс пастаянна жыве ў Беларусі з 2009 года. Спачатку гуляў у футбол за розныя беларускія каманды, пасля заканчэння кар'еры працаваў трэнерам. У студзені 2021 года Скіндэрыс выступіў са скандальнай заявай, што ён цалкам падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, а гвалт з боку сілавікоў пасля выбараў 2020-га — віна саміх пратэстоўцаў, якім трэба было сядзець дома. Але цяпер у яго вялікія праблемы, і праўладная пазіцыя пакуль што не ратуе, піша спартыўны сайт «Трыбуна». 

Ураджэнец літоўскага горада Панявежыс Сімас Скіндэрыс беларускім футбольным заўзятарам знаёмы з 2004 года. Тады ён падпісаўся за мінскі клуб «Тарпеда-СКА», за які адгуляў сезон. Пасля быў наваполацкі «Нафтан», ад'езд у Казахстан і кароткатэрміновае вяртанне ў Літву. А з 2009 года Скіндэрыс непарыўна звязаны з Беларуссю: «Мінск», з якім узяў бронзу чэмпіяната Беларусі, бабруйская «Белшына», мазырская «Славія», «Гарадзея», дзе і скончыў кар'еру.

Але і пасля гэтага Сімас не вярнуўся на радзіму, а застаўся ў Беларусі. І, мяркуючы па ўсім, адчуваў сябе выдатна, у адрозненне ад большасці мясцовых жыхароў. У студзені 2021 года Скіндэрыс выразна даў зразумець: у Беларусі яго ўсё задавальняе, ён цалкам падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, а гвалт з боку сілавікоў пасля выбараў 2020-га — віна саміх пратэстоўцаў, якім трэба было сядзець дома.

Але цяпер Скіндэрыс трапіў у гісторыю, дзе яму наўрад ці дапаможа Лукашэнка, якога экс-брамнік вельмі паважае. Зрэшты, у нашай краіне ўсялякае можа быць.

Чым Скіндэрыс займаўся ў Беларусі?

Прафесійную кар'еру Скіндэрыс завяршыў у 2018 годзе, але з футболу не сышоў. Літовец неўзабаве пасля сыходу на «пенсію» стаў трэніраваць дзяцей у адной з прыватных футбольных школ.

Але ўжо ў маі 2020-га супрацоўніцтва са школай літовец спыніў. У размове з карэспандэнтам «Трыбуны» Скіндэрыс запэўніваў, што пасля гэтага ён перайшоў на працу ў іншую футбольную школу. У якую — не ўдакладніў. Доўгія пошукі канкрэтыкі вынікаў не далі — ніводзін дзіцячы трэнер, які працуе ў Мінску і вобласці, з кім нам удалося пагутарыць, не мог сказаць, дзе ж працуе Сімас.

Аднак нам усё ж удалося даведацца, што пасля таго, як Скіндэрыс сышоў з дзіцячага футболу, з гэтым відам спорту ён усё ж такі завязаў. Нейкі час літовец працаваў у адной са службаў таксі Менска. Быў этап, калі ён ездзіў на нейкія заробкі ў Еўропу, дакладней — у Іспанію. Ніхто з нашых суразмоўцаў так і не змог удакладніць, што гэта былі за заробкі. Аднак тое, што паездкі былі менавіта ў Іспанію, даказвае наяўнасць іспанскага тэлефоннага нумара, які ўдалося здабыць «Трыбуне». Праўда, калі цяпер патэлефанаваць па ім, то ў адказ можна пачуць, што гэты нумар ужо не існуе.

Ёсць у распараджэнні рэдакцыі «Трыбуны» і беларускі нумар Сімаса. Але, мяркуючы па месенджарах, ён ужо даўно не выкарыстоўваецца. Калі ж патэлефанаваць, то можна пачуць, што абанент часова недаступны.

Таксама «Трыбуне» распавялі, што пасля таго, як Сімас даў скандальнае інтэрв'ю, у якім назваў беларускі менталітэт калгасным і выказаў упэўненасць, што беларусаў «трэба трымаць больш жорсткія, інакш будзе бардак», ад літоўца адвярнуліся многія таварышы. Некаторыя і зусім абарвалі з ім зносіны. Таму даведацца, чым жыў да нядаўняга часу Сімас, даволі праблематычна.

Можа застацца за кратамі на працяглы тэрмін

«Трыбуне» стала вядома, што літовец стаў фігурантам крымінальнай справы і можа пазбавіцца волі на працяглы тэрмін. Гаворка ідзе пра больш чым 10 гадоў за справы, звязаныя з наркотыкамі. Пры гэтым па якім артыкуле праходзіць экс-футбаліст, дакладна невядома — пра гэта не ведаюць нават тыя, хто меў з ім хоць нейкі кантакт у апошні час.

Крымінальны кодэкс РБ па наркатычных артыкулах прадугледжвае вельмі вялікія пакарання. Напрыклад, артыкул 327 КК РБ («крадзеж наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў») прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў у залежнасці ад цяжару злачынства. Артыкул 328 («незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў») пагражае і ўвогуле 25 гадамі турмы.

Цяпер Сімас знаходзіцца ў турме ў Жодзіне.

Інфармацыю пра тое, што Скіндэрыс трапіў у сітуацыю, звязаную з наркотыкамі, «Трыбуне» пацвердзілі некалькі не звязаных адна з адной крыніц. Праўда, пры гэтым людзям невядома, калі дакладна адбылося затрыманне і ці даўно Скіндэрыс быў звязаны з забароненымі прэпаратамі.

Можна выказаць здагадку, што затрыманне адбылося не так даўно. На старонцы экс-футбаліста ў Фэйсбуку апошняя публікацыя на сцяне датаваная 22 снежня 2021 года — тады ў дачкі быў навагодні ранішнік. Скіндэрыс праяўляў актыўнасць і ў каментарах — адказваў на віншаванні. Але пасля 22 снежня ніякіх новых публікацый у ФБ не з'яўлялася, хоць літовец даволі актыўна карыстаўся сацсеткай.

Што тычыцца другога пытання — пра сувязь Скіндэрыса з забароненымі рэчывамі, — то суразмоўцы «Трыбуны» не заўважалі за літоўцам нічога асабліва падазронага, але цяпер успамінаюць — як ён выхваляўся, што «хутка стане багатым чалавекам».

Што пра сітуацыю кажуць тыя, хто ведае Скіндэрыса?

Пры падрыхтоўцы матэрыялу «Трыбуна» звязвалася са шматлікімі прадстаўнікамі футбольнага свету Беларусі. Асаблівых каментароў на гэтую тэму даваць яны не хацелі, але не хавалі шоку ад таго, што здарылася. Зрэшты, пару чалавек на ўмовах ананімнасці пагадзіліся распавесці, якім запомнілі Скіндэрыса-футбаліста.

— Скіндэрыса ведаю даўно, але, шчыра, такая інфармацыя вельмі здзівіла, — кажа адзін з тых, хто перасякаўся ў футболе з літоўцам. — Хоць ён заўсёды быў такім несур'ёзным хлопцам, можна сказаць, дзіваком.

Іншы суразмоўца выказаў здагадку, што Скіндэрыс проста звязаўся не з той кампаніяй, і на гэта магло паўплываць месца, у якім літовец вырас.

— Навіна, вядома, здзівіла. Але ён па жыцці такі, пафігістаў няшмат. Ну, чысты брамнік:). Думаю, ён мог не ўсведамляць да канца ўсю сур'ёзнасць сітуацыі. Напэўна, думаў: «Ай, нічога, праскочу як-небудзь». Не выключаю, што былі нейкія сур'ёзныя праблемы з фінансамі. Наогул, ён нармальны хлопец, проста вялікае дзіця. Мне здаецца, што ён наўрад ці шукаў, як бы звязацца з гэтым усім. Не выключана, што яго хтосьці і падгаварыў, Сімас мог патрапіць не ў тую кампанію.

Думаю, усе, хто яго ведаў, трохі ў шоку. Іншая справа, трэба ведаць, адкуль ён родам. Ён жа нарадзіўся ў Панявежысе, рос там. А гэта, як мне распавядалі, самы бандыцкі горад Літвы. Бандытызм ў горадзе квітнеў якраз тады, калі Скіндэрыс там рос. Можа быць, гэта ў нейкай ступені прывяло да такой сітуацыі.

Каментары

Бацька Марыі Калеснікавай расказаў, як была арганізавана сустрэча з дачкой2

Бацька Марыі Калеснікавай расказаў, як была арганізавана сустрэча з дачкой

Усе навіны →
Усе навіны

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць3

Сын Трампа многае вырашае. Вось як тлумачаць нявыбар Пампеа21

«Мы — надзейны тыл». Кандыдат-спойлер Чамаданава знялася з выбараў30

Прастуда без тэмпературы — добра ці дрэнна?2

Прэс-сакратарка партыі Трампа мае беларускія карані ФОТЫ21

Марыя Калеснікава сустрэлася з татам36

«Ён ёй выколваў вочы». У Расіі на стэнд так званых герояў СВА павесілі фота гвалтаўніка і забойцы6

Наўседа і Грыбаўскайце спрабуюць не дапусціць да ўлады «Зары над Нёманам»13

Мінус спойлер. Афіцэр Бобрыкаў зняўся з выбараў21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бацька Марыі Калеснікавай расказаў, як была арганізавана сустрэча з дачкой2

Бацька Марыі Калеснікавай расказаў, як была арганізавана сустрэча з дачкой

Галоўнае
Усе навіны →