Пад цяжарам хранічнага стрэсу, які выклікала пандэмія кавіду, мы схільныя змяняць сваё стаўленне да ўласнага жыцця. Гэта праяўляецца ў нездаровым жаданні быць прадуктыўнымі ў любы момант і чаго б нам гэта ні каштавала, рабіць усё магчымае і немагчымае на працы.
Псіхолагі называюць такі феномен таксічнай прадуктыўнасцю і кажуць, што яна можа праяўляцца і ў іншых сферах, напрыклад, калі мы аддаём апошнія сілы, каб вывучыць новую мову або асвоіць нейкі іншы навык.
Калі вы так шмат клапоціцеся пра эфектыўнасць сваёй працы, ёсць рызыка, што хутка вы пачняце паказваць горшыя вынікі і адчуеце выгаранне. Больш за тое, таксічная прадуктыўнасць дрэнна ўплывае на адносіны з іншымі людзьмі. У такім стане вы можаце праяўляць нястрыманасць і прыгнечанасць у адносінах з блізкімі, перасцярагае Huffpost.
Як жа змагацца з таксічнай прадуктыўнасцю?
- Заўважце яе прыкметы ў сабе і прызнайце наяўнасць праблемы.
Вы адчуваеце віну, калі думаеце пра эфектыўнасць сваёй працы? Вам часта здаецца, што вы павінны рабіць больш і што, калі вы нічога не робіце, вы марнуеце час? Калі так, вы можаце пакутаваць ад таксічнай прадуктыўнасці.
Таксама трэба звярнуць увагу, калі вы рэгулярна адчуваеце стомленасць, нават пасля начнога адпачынку. Яшчэ адна дрэнная прыкмета — жаданне зрабіць на іншых уражанне, што вы вельмі напружана працуеце, напрыклад, арганізацыя відэанарады ў той сітуацыі, калі хапіла б звычайнага электроннага ліста.
- Хопіць пытацца ў сябе «Што я павінен зараз зрабіць?».
Лепей замяніць гэтае пытанне на іншае: «Чым бы я мог зараз спакойна заняцца?». І не забывайце даваць сабе заслужаны адпачынак у выхадны дзень або пасля заканчэння цяжкага задання.
- Зразумейце: хутчэй за ўсё, вашы працоўныя подзвігі патрэбныя толькі вам.
Цікава, што таксічная прадуктыўнасць хутчэй існуе ў нашых галовах, чым на нашых працоўных месцах. Вельмі малая колькасць кіраўнікоў сапраўды клапоціцца пра тое, ці працуеце вы кругласутачна, іх больш цікавяць вашы вынікі.
- Заплануйце час для сябе.
Выберыце варыянт хобі або адпачынку, які падышоў бы вам лепш за ўсё: напрыклад, ранішняя прабежка, гарбата пасля абеду або прагляд серыяла. І заплануйце гэтую падзею так, як плануеце важныя працоўныя праекты.
- Замяніце таксічную прадуктыўнасць на прафесійную неперадузятасць.
Будзьце адданыя сваёй працы і рабіце яе якасна. Пры гэтым памятайце, што гэта не адзіная ваша роля і што вы не абавязкова павінны эмацыйна прывязвацца да працы.
- Выберыце, што для вас сапраўды важна.
Падумайце, як вы расстаўляеце прыярытэты. Ці выбіраеце вы ў жыцці тыя заняткі, якія патрэбныя менавіта вам? Або марнуеце час на тое, чаго ад вас патрабуе грамадства? Любоў да прадуктыўнасці — важны элемент заходняй культуры, але вы заўсёды можаце пайсці іншым шляхам.
Каментары