«Бурыцца сістэма маральных каштоўнасцяў». Вядомы хірург Дзмітрый Харкоў звальняецца ў знак салідарнасці
Кандыдат медыцынскіх навук, загадчык аддзела перспектыўных напрамкаў высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі МНПЦ транспланталогіі і гематалогіі Дзмітрый Харкоў напісаў заяву аб звальненні, паведамляе «Радыё Свабода».
Ён зрабіў гэта ў знак салідарнасці са сваім віцебскім калегам, загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Уладзімірам Мартавым, з якім не падоўжылі кантракт.
8 красавіка ў доктара Харкова канчаецца кантракт, за месяц да заканчэння ён напісаў заяву аб звальненні з МНПЦ.
«Я пакінуў заяву ў сакратара дырэктара МНПЦ Алега Румо, у ёй выклаў сваю прынцыповую пазіцыю. Заява ўжо падпісаная. Ніхто нічога не запытаўся», — кажа Дзмітрый Харкоў.
Вядомы трансплантолаг вучыўся ў Віцебскім медыцынскім інстытуце. Бацька Уладзіміра Мартава, прафесар, доктар медычных навук Юрый Барысавіч Мартаў, выкладаў у яго хірургію.
Дзмітрый Харкоў публічна звяртаецца да галоўнага доктара Віцебскага гарадскога клінічнага шпіталя хуткай медычнай дапамогі Андрэя Захарава, а таксама хоча пачуць думкі старшыні Беларускай асацыяцыі дактароў Дзмітрыя Шаўцова і прафсаюзнага лідара медыкаў Вячаслава Шылы.
«Вельмі крыўдна, што ніхто не абараняе чалавека — ні прафсаюзы, ні асацыяцыя доктараў. Мне хацелася б даведацца думку галоўнага доктара, якія ў яго тлумачэнні, з якой прычыны Уладзіміру Мартаву не працягваюць кантракт, што ён скажа. Бо дынастыя Мартавых вельмі паважаная, вядомая, бацька Уладзіміра Юрый Барысавіч быў асобай. Трэба адно адному дапамагаць і падтрымліваць, інакш нічога не будзе.
Пытанне паўстае шырэй: бурыцца сістэма каардынат, бурыцца сістэма маральных прынцыпаў. Чалавек — прафэсіянал высокага класа, ён столькі жыццяў выратаваў. Галоўная каштоўнасць у нас якая? Чалавечае жыццё. Атрымліваецца, што абышліся незаслужана. Сістэма чалавечых каштоўнасцяў пацярпела. А без сістэмы каштоўнасцяў грамадства не можа ісці да чагосьці светлага. Вельмі сумна», — каментуе свой учынак доктар Дзмітрый Харкоў.
Каментары