А1 пачынае прыём заявак на новы конкурс ідэй для старшакласнікаў «Першыя». Пераможцы атрымаюць iPhone 12
2 лютага стартаваў новы сезон праекта «Першыя» для беларускіх старшакласнікаў. Навучэнцы 9, 10 і 11-х класаў могуць узяць удзел у адукацыйнай праграме і прэзентаваць свае ідэі пра тое, як змяніць жыццё навокал да лепшага. Дзесяць аўтараў самых цікавых ідэй выступяць на беларускамоўнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk 2021 і атрымаюць смартфоны iPhone 12.
Для ўдзелу ў конкурсе і адукацыйнай праграме трэба ўжо зараз запоўніць анкету на сайце www.generation.A1.by. Свае ідэі старшакласнікі могуць прапанаваць у адным з пяці кірункаў: «Тэхналогіі», «Культура», «Інклюзія», «Экалогія», а таксама ў навінцы гэтага сезону — «Урбаністыцы».
Кожнай з тэм будуць прысвечаны асобныя майстар-класы і мітапы з экспертамі, падчас якіх удзельнікі праекта змогуць распрацоўваць сваю ідэю, набываць карысныя веды, развіваць навыкі выступаў, прэзентацыі, каманднай працы.
Згодна з палажэннем аб конкурсе, удзельнікам трэба зняць відэаролік пра сваю ідэю (да 3 хвілін), падзяліцца ім у любой сацыяльнай сетцы (TikTok, Instagram, VK, YouTube, FB, OK, Twitter) з хэштэгам конкурсу #generationA1 і даслаць спасылку на [email protected]. Конкурсныя заяўкі з відэа будуць прымацца да 30 красавіка 2021 года, але зарэгістравацца для ўдзелу ў адукацыйнай праграме можна ўжо зараз.
Пераможцы будуць вызначаныя ў маі. А ў верасні дзесяць старшакласнікаў, якія пройдуць у фінал конкурсу, выступяць на традыцыйнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk 2021 і атрымаюць прызы — iPhone 12 64GB.
Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Праект «Першыя» праходзіць на беларускай мове, уключаючы ўсе майстар-класы і публічныя выступы фіналістаў, бо адна з мэтаў конкурсу — пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і павелічэнне яе папулярнасці з дапамогай сусветнай супольнасці TED.
Сёлета амбасадарамі праекта «Першыя» таксама стануць педагогі з праграмы «Настаўнік для Беларусі». Гэта надасць больш увагі працы з вучнямі ў рэгіянальных школах.
«Кожны новы сезон праекта «Першыя» паказвае, як многа цікавых і карысных ідэй для Беларусі ёсць у нашай моладзі. І партнёрства з супольнасцю TEDx дазваляе прадставіць іх у папулярным сусветным фармаце, прычым на роднай мове сваёй краіны. Гэта дапамагае старшакласнікам паверыць у сябе і каштоўнасць іх задумак, усвядоміць бязмежнасць сваіх магчымасцяў і пераканацца на ўласным прыкладзе: кожны можа зрабіць нешта важнае для месца, дзе ён жыве», — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў.
Аб праекце «Першыя»
Конкурс ідэй «Першыя» рэалізуецца кампаніяй А1 ужо на працягу трох сезонаў з 2018 года пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Мэта конкурсу — павысіць цікавасць школьнікаў да беларускай мовы і культуры, тэхналагічных інавацый, інклюзіі, экалогіі і ўрбаністыкі, дапамагчы старшакласнікам з выбарам прафесіі, прыцягнуць іх увагу да грамадска важных праблем, укараніць у навучанне нефармальныя фарматы, знайсці і падтрымаць таленавітую моладзь.
Больш падрабязнай інфармацыі — на сайце www.generation.A1.by.
Каментары