Калектыў РНПЦ «Кардыялогія» вітаў звольненага лукашэнкаўцамі дырэктара Мрочака 4-хвіліннай авацыяй. А Піневічу зладзілі абструкцыю
Глядзець з 11:50 — 4-хвілінная авацыя. З 31:30 — в.а. міністра скандуюць «Ганьба!»
Калектыў РНПЦ «Кардыялогія» вітаў звольненага лукашэнкаўцамі дырэктара Мрочака 4-хвіліннай авацыяй. Піневічу на сустрэчы ў РНПЦ крычалі «Што ты вярзеш?» і праводзілі скандаваннем «Ганьба!».
Шматгадовага кіраўніка ўнікальнага Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія», стваральніка кардыяхірургічнай школы прафесара Аляксандра Мрочака звольнілі за грамадзянскую пазіцыю. Ад яго патрабавалі, каб ён напісаў заяву «па ўласным жаданні».
Дактары РНПЦ паслядоўна да працы і пасля працы выходзілі на ланцугі салідарнасці з дэманстрантамі, якія патрабуюць свабодных выбараў і пакарання вінаватых у катаваннях і забойствах.
Пра звальненне прафесара Мрочака стала вядома сёння. Рашэнне прыняў в.а. міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.
Учора дырэктара Мрочака запрасілі ў Міністэрства здароўя і прапанавалі напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Ад панядзелка яго запрашалі розныя чыноўнікі і настойвалі, каб ён сышоў добраахвотна.
Яго вінавацяць у тым, што ён «не змог утрымаць калектыў» і не забараніў выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю адносна сітуацыі ў краіне. Мрочак адмовіўся пісаць заяву на звальненне.
Сёння супрацоўнікі РНПЦ сабраліся ў кабінеце Мрочака, чакалі яго на працы. У гэты час патэлефанаваў выканаўца абавязкаў міністра здароўя Піневіч і сказаў, каб дырэктар рыхтаваўся развітвацца з калектывам, а самога Мрочака запрасілі ў міністэрства.
Дырэктар прапанаваў Піневічу, каб ён сам прыехаў у РНПЦ і агучыў гэта калектыву.
Цягам двух тыдняў калектыў РНПЦ выказваў сваю пазіцыю супраць гвалту і за правядзенне сумленных выбараў, выходзіў у ланцугі салідарнасці да і пасля працы.
Каментары