Тры гады таму быў забіты Павел Шарамет. Калегі і родныя ўшанавалі яго памяць ФОТА
У трэцюю гадавіну забойства журналіста калегі і родныя наведалі магілу Паўла Шарамета на Паўночных могілках у Мінску.
Маці Паўла Людміла Станіславаўна Шарамет распавяла, што сёлета мела выпадковую сустрэчу с Пятром Парашэнкам, які некалі абяцаў, што забойства Паўла будзе раскрытае. Але гэтага не адбылося, таму Людміла Станіславаўна больш не верыць абяцанням палітыкаў.
«Ва Украіне новы прэзідэнт, новыя службы бяспекі, новае кіраўніцтва. Яны павінны прымаць нейкія меры, але нічога няма… Калі б нешта адбывалася, мы б ведалі. Звяртацца да іх я больш не хачу.
Вялікі дзякуй вам, што памятаеце Паўла, прыходзіце сюды. Нізкі паклон вам за гэта. Але я яшчэ хачу сказаць, каб вы бераглі сябе, былі асцярожныя, — звярнулася мама Паўла да прысутных. — Побач стаіць мама Веранікі Чаркасавай. Гэтая была слаўная дзяўчынка, яна пісала выдатныя артыкулы…(Журналістка Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 года ў асабістай кватэры. Следства па гэтай крымінальнай справе прыпынена «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага». — Рэд.)
Калі гэта здарылася з Паўлам, мама Веранікі сказала мне: «Людміла Станіславаўна, трымайцеся». Я адказала: «Ну, вы ж трымаецеся». Так мы і трымаемся».
— Людміла Станіславаўна распавяла сёння прыкрую гісторыю пра тое, як беларускія кіроўцы адмаўляліся перадаць фотаздымкі Паўла ў Кіеў. Яго помняць, а нехта і праз тры гады пасля забойства баіцца — баіцца яго, яго спраў. Мне асабіста цяжка зразумець такую пазіцыю, але гэта паказвае, што і тады, і цяпер асоба Паўла мае сваю ролю, — сказаў старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.
«Дзякуй усім, хто сабраўся тут. Павел — чалавек, на якога мы глядзім, які ёсць для нас настаўнікам, прыкладам смелага журналіста. Журналісты не могуць абараняць сябе зброяй, наша зброя — слова. Мы можам задаваць пытанні, шукаць на іх адказы, хто б ні быў пры ўладзе тут ці ва Украіне», — сказаў намеснік старшыні ГА «БАЖ» Барыс Гарэцкі.
«Павел быў асаблівым человеком. Сыходзяць велічыні, асобы вялікага маштабу — Павел Шарамет, Алесь Ліпай у мінулым годзе. Я з велізарнай цеплынёй успамінаю Паўла, у ім сумясціліся велічыні журналіста і чалавека. Мы будзем памятаць яго, гэта не проста наш абавязак, а нармальныя пачуцці чалавека», — сказаў журналіст Дзмітрый Наважылаў, ён шмат гадоў ведаў Шарамета.
З Масквы прыехала і жонка Паўла Шарамета Наталля. У Паўла засталіся двое дзяцей — Мікалай і Лізавета.
***
Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў. Акалічнасці яго смерці да гэтага часу не расследаваныя.
20 ліпеня 2016 года ў машыне, на якой ехаў вядомы журналіст, спрацавала выбуховае прыстасаванне. Выбух прагрымеў у 7.45 на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасць узрыўчаткі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400-600 г у тратылавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны МОН-50.
Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу на падставе артыкула «Наўмыснае забойства». Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, па дапамогу да якіх звярнуліся ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядаецца помста за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключае, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі становішча ва Украіне, з-за асабістых матываў або памылкова (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага — уладальніца «Украинской правды» Алена Прытула, менавіта на яе аўтамабілі рухаўся Шарамет у момант трагедыі).
Павел Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 года ў Мінску. Пасля школы паступіў на гістарычны факультэт БДУ, дзе правучыўся тры курсы. Скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Да 1992 года працаваў у адным з беларускіх банкаў. Затым прыйшоў на беларускае тэлебачанне. Вядомасць атрымаў як вядучы штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект».
У 1996 годзе працаваў галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты». У тым жа годзе быў прызначаны загадчыкам беларускага бюро Грамадскага расійскага тэлебачання (цяпер — Першы канал) і ўласным карэспандэнтам канала па Беларусі.
У ліпені 1997 года, падчас здымкі рэпартажу аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі паводле абвінавачання ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Яго прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну, журналіст правёў у турме тры месяцы.
У 1998 годзе Шарамет пачаў працаваць спецыяльным карэспандэнтам праграм «Навіны» і «Час» дырэкцыі інфармацыйных праграм расійскага канала ОРТ, а ў студзені 1999-га заняў пасаду шэф-рэдактара расійскай і замежнай карэспандэнцкай сеткі дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Быў вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Время».
У 2000 годзе Шарамет пакінуў праграмы навін і працягваў працаваць на Першым канале як аўтар дакументальных фільмаў і спецыяльных праектаў у межах інфармацыйных праграм. Канчаткова пакінуў тэлеканал у 2008 годзе.
З 2009 года быў рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе «Огонёк». У 2011 годзе Шарамет нядоўга вёў перадачу «Прысуд» на тэлеканале РЕН ТВ.
Быў сузаснавальнікам папулярнага грамадска-палітычнага інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан» і навукова-папулярнага інтэрнэт-выдання «Гістарычная праўда».
З 2012 года вёў блог у інтэрнэт-газеце «Украинская правда», у далейшым стаў яе выканаўчым дырэктарам.
З верасня 2013-га па 2014 год працаваў вядучым праграмы «Прав? Да!» на Грамадскім тэлебачанні Расіі.
У чэрвені 2015 года запусціў аўтарскі праект «Дыялогі» на ўкраінскім тэлеканале 24. З верасня 2015 года вёў ранішнія перадачы на «Радио Вести», з пачатку 2016-га — будзённую праграму «Раніца Паўла Шарамета» там жа.
Суаўтар кнігі «Выпадковы прэзідэнт», прысвечанай праўленню Аляксандра Лукашэнкі.
-
Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць
-
Былога беларускага палітвязня затрымалі на матчы ў Варшаве за адмову аддаць антылукашэнкаўскі банер
-
«Ва Украіне я ніхто!» Маргарыта Ляўчук не можа даць сыну імя праз абмежаванні, уведзеныя супраць беларусаў
Каментары