10 чэрвеня міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пакінуў сваю пасаду. Ён запэўніў, нібыта сам падаў у адстаўку.
Шуневіч займаў пост міністра аж з 2012 года і за гэты час паспеў запомніцца яркімі і часта неадназначнымі выказваннямі на многія тэмы.
Міністр і форма НКВД
Звычка святкаваць 9 Мая ў форме НКВД выклікала абурэнне значнай колькасці грамадства. Шуневіч жа казаў, што ганарыцца і формай, і тымі, хто насіў яе ў свой час.
«Я ганаруся тым, што ў мяне ёсць абсалютна дакладная копія гэтай формы. Яна пашытая па сапраўдных старых лекалах. Нават гузікі адлітыя на тым жа манетным двары, дзе іх рабілі ў тыя гады. Больш за тое, у мяне ёсць і поўны камплект экіпіроўкі — пачынаючы ад афіцэрскага планшэта і заканчваючы компасам часоў вайны. Пры гэтым я не захапляюся ваеннай рэканструкцыяй, форму для сябе сшыў з унутранага імпульсу, за ўласны кошт. І якраз дзеля таго, пра што ўжо сказаў, — паказаць, што памяць пра людзей, якія калісьці насілі гэта абмундзіраванне, жывая і шанаваная па гэты дзень», — казаў Шуневіч.
Міністр і адэкватнасць
Таксама запомніўся адказ міністра на пытанне журналіста пра чарговы інцыдэнт са скульптурай гарадавога. У 2018 годзе падлетка, які даў поўху скульптуры, міліцыянты прымусілі выбачыцца на камеру.
Шуневіч пасля заявіў, што ролік з выбачэннямі быў яго ідэяй.
— А навошта? — удакладніў журналіст.
— Таму што, — адказаў Шуневіч.
— Вам не здаецца гэта дзіўным?
— Не, калі б гэта было дзіўным, я б гэтага не рабіў, я адэкватны чалавек.
Міністр і «дзіравыя»
Барацьба з ЛГБТ — асобная старонка ў міністэрстве ўнутраных спраў. Менавіта пры Шуневічу сэкс-меншасці чамусьці сталі цікавіць МУС. Міністэрства нават пачало выпускаць заявы, прысвечаныя «традыцыйным каштоўнасцям» у дзень барацьбы з гамафобіяй.
Не маўчаў і міністр.
«Існуе пэўная катэгорыя грамадзян, якіх я, — прабачце за слэнг, гэта мой тэрмін, мая дэфініцыя — называю «дзіравыя». Некаторыя з іх зрабілі сабе адтуліны ў тых месцах, якія прыродай не прадугледжаныя.
Некаторыя гэтыя адтуліны выкарыстоўваюць не па прызначэнні. А некаторыя — сапраўды дзірка. У адукацыі, выхаванні, культуры, інтэлекце.
Некаторыя ўсё гэта камбінуюць. Задача ў іх усіх адна, гэта ўсім зразумела: бліснуць у СМІ, у інтэрнэце, набраць пэўную колькасць сабачых воклічаў, як я іх называю, лайкаў. Натуральна, атрымаць гранты ад сваіх закардонных куратараў. І задаволіць сваё хваравітае эга», — сказаў Шуневіч у перадачы «Нічога асабістага» на АНТ.
Міністр і літаратура
На Мінскім кніжным кірмашы ў Шуневіча пацікавіліся яго літаратурнымі густамі. Міністр адказаў, што сучасных аўтараў не прызнае. Але любіць класіку — настолькі, што жонка чытае яму ўголас паэму Коласа.
«Беларускую літаратуру чытаю, калі ёсць такая магчымасць. Я шмат разоў перачытваў «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Сёння шукаў гэтую кнігу на англійскай мове, але не знайшоў. Папрасіў міністра, каб выдалі, бо цудоўны падарунак замежным гасцям. Калі зусім часу няма, то мне ўголас «Новую зямлю» чытае жонка», — расказаў чыноўнік.
Міністр і фрылансеры
Часам Шуневіч дэманстраваў нават пэўнае пачуццё гумару.
«Калі ты фрылансер, будзь гатовы сустрэць на сваім шляху фрыкопаў», — сказаў міністр у той жа перадачы «Нічога асабістага» на АНТ.
Праўда, працяг быў не вельмі смешным: Шуневіч распавёў, што журналісты-фрылансеры без акрэдытацый, на яго думку, журналістамі не з’яўляюцца.
«Калі ты журналіст, то, згодна з законам, ты абавязаны сябе ідэнтыфікаваць, мець дакумент, які пацвярджае асобу, мець дакумент, які пацвярджае тваю прафесійную акрэдытацыю, мець адметныя прыкметы — камізэльку, бэйдж, інфармацыйную таблічку або нарукаўную павязку. Калі ты замежны журналіст — мець дакумент аб акрэдытацыі ў нашай краіне. Калі ты фрылансер, будзь гатовы сустрэць таго, хто таксама будзе вольны ад пэўных умоўнасцяў для таго, каб ідэнтыфікаваць цябе як журналіста. Ты такім не з'яўляешся».
Міністр і цыганы
Зусім нядаўна адбылася гучная гісторыя са смерцю магілёўскага інспектара ДАІ Патаповіча, якога знайшлі мёртвым у лесе. Спачатку ў забойстве — якое пазней прызналі суіцыдам, — падазравалі цыганоў, таму міліцыянты масава правялі затрыманні ў цыганскіх раёнах Магілёва. Казалі пра сотню затрыманых, пазней іх паадпускалі.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава пасля гэтай гісторыі наведала Магілёў, дзе сустрэлася з цыганамі і нават выбачылася.
Шуневіч жа паведаміў, што выбачацца не бачыць прычынаў.
«У міністра няма прычыны прасіць прабачэння у цыган. Зразумела?» — коратка адказаў ён.
Міністр і вайна
Дарэчы, менавіта Ігар Шуневіч прыдумаў тэорыю, што супраць яго ведамства ўвесь час вядзецца інфармацыйная вайна.
На думку міністра, журналісты намагаліся выставіць МУС у негатыўным святле.
«Няма ў нас піяр-менеджара, можа, трэба будзе ўводзіць такую пасаду, калі не скончыцца гэтая інфармацыйная вайна», — паведаміў Шуневіч на прэс-канферэнцыі ў 2016 годзе.
Каментары